Фатограф на імгненне адвёў вочы, але ягоны інтэлігентны твар зноў выказваў толькі ветлівасць:
- За свае непрыстойныя словы прашу прабачэння. Гэта было няварта рэвалюцыянера. На нейкую хвілю прачнуліся патрыярхальныя інстынкты
- аддаю сваю жанчыну другому... Прабач...
Ніхель схіліў галаву ў пакаянным паклоне.
- А ўсё астатняе - мусіш прыняць. Не дазваляй, каб дурныя жаночыя слабасці ператварылі цябе ў здрадніцу. Ты ведаеш, што мы робім са здраднікамі.
Багуслава ўскінула на настаўніка светлыя вочы - калі бывае ільдзяны агонь, гэта пра яе пагляд.
- Ты мне пагражаеш? Пасля ўсяго...
- Я хачу, каб ты не забывалася, хто ты! - жорстка прамовіў Ніхель. - І хто - ён. Слабак, нашчадак здраднікаў. Табе падабаецца ягонае дужае цела, дзікае аблічча вандроўніка... Скарыстайся! Спатоль цялесную прагу, каб яна не перашкаджала на шляху, але каб галава заставалася халоднай, каб прынесці карысць Справе! Помні, хто ты!
Я - забойца... Багуслава сціснула тонкія вусны... Чамусьці словы Ніхеля, такія справядлівыя, падаліся ёй няправільнымі. Скарыстацца... Так, як
Ніхель даў ёй свае паслугі ў ложку - і прыняў наўзамен яе. У, так бы мовіць, гігіенічных мэтах.
Якія яны ўсё-ткі пачвары. Міхал Калоцкі меў рацыю.
Між тым вярнуўся граф, трымаючы ў руцэ спісаную паперчыну. Русявыя валасы звязаныя ў хвост, вочы глядзяць асуджана-сумна.
- Вось...
Ніхель паправіў акуляры і ўчытаўся ў акуратныя літары:
- “Я, Шымон Антонавіч Каганецкі, па ўласнай волі сыходжу з гэтага жыцця...” Што за блёкат?
- Гэта на ўсялякі выпадак, - цвёрда патлумачыў граф, адабраў у Ніхеля паперку, акуратна склаў і дэманстратыўна сунуў у кішэню. - Я не стану піць лекі, але гэтую ноч правяду ў клетцы. І папрашу вас, Багуслава, аказаць мне паслугу... - граф зірнуў на навязаную яму нявесту. - Вы паназіраеце за тым, што са мной адбываецца. І калі пераканаецеся, што я ўяўляю небяспеку для людзей, што мяне не вылечыць - зрабіце ласку, пастаўце свінцовую кропку. Думаю, не абавязкова срэбную, пазначаную крыжам - свінец таксама добры сродак. Лячэбніца - гэта сапраўды... пакутна. А калі я застаюся маньякам - на свабодзе мяне пакідаць нельга. Можаце паабяцаць, што зробіце гэта? Пасля ўкладзеце зброю мне ў руку, а пан Людвіг засведчыць самазабойства. Калі верыць вашым высновам - з задавальненнем.
Багуслава стаяла, знешне спакойная, але ўнутры ўсё трымцела.
- Перастаньце ламаць камедыю, граф, - раздражнёна прамовіў Ніхель.
- Разумею, вас так запалохалі, што вы ўласным вачам і адчуванням не дасцё веры. Адпраўляйцеся ў вашу клетку, абрастаць поўсцю. А раніцай, ужо выбачайце, калі пабегаць ваўком не здарыцца, пойдзеце пад вянец. Думаю, мне ўдасца ўгаварыць аднаго папа на тэрміновае вянчанне.
У сутарэннях было халадней нават, чым на вуліцы, і сыра. Здавалася, любая рэч за некалькі гадзінаў тут павінна пакрыцца плесняй. А гукі набывалі незвычайную выразнасць. Кожная кропля падала на камяні, як свінцовы шарык, галасы мацнелі, як у храме. Багуслава прымацавала ліхтар на адмысловы крук на сцяне, і цені спалохана шугануліся па кутах, быццам нават яны, бясплоцевыя, баяліся дзвюх жывых істотаў, якія прыйшлі на заходзе сонца сюды.
- Дзякую, што не адмовілі мне, - патэнцыйны ваўкалак, стоячы перад клеткай, узяў Багуславу за руку цёплай сухой рукой, раптам схіліўся і пацалаваў яе далонь. - Я буду бласлаўляць вас... дзе б раніцай ні апынуўся.
- Не магу сказаць пра сябе тое самае, - Багута пастаралася, каб голас прагучаў як мага больш насмешна і холадна. - У мяне надзвычай арыгінальнае спатканне з... жаніхом.
- Прабач, я ведаў, што раблю табе балюча... Але хачу, - я эгаіст, я пачвара,
- каб цяпер са мной была менавіта ты, - Каганецкі раптам абхапіў далонямі твар Багуславы і пацалаваў яе... І вусны яго былі гарачымі і пяшчотнымі, а сам ён быў моцны і адчайны, і гэта ўсё было ўпершыню. Бо тое, што зведала Багуслава дагэтуль - мужчынскія дотыкі, пацалункі, ласкі - было як пясочныя кулічыкі, няхай і ўпрыгожаныя кветачкамі ды каменьчыкамі, у параўнанні з сапраўдным хлебам. І ўсё было вельмі правільна: ягоныя пальцы, што сціскалі яе плечы так, што, напэўна, застануцца сінякі, і ягоныя ўладныя вусны, і тое, што ў двух людзей не было будучыні.
Пры любым раскладзе.
Ён паглядзеў у яе светлыя вочы:
- Паабяцай, што ў цябе хопіць мужнасці... Калі што...
- Як толькі ў цябе вырасце хвост, прыстрэлю, не хвалюйся.
Багуце хацелася дзіка засмяяцца ад абсурду сітуацыі. Каганецкі тройчы
перахрысціўся, прачытаў кароткую малітву, залез, сагнуўшыся, у клетку, выпрастаўся.