Ранейшыя ліцвіны ведалі: каб у безвыходным становішчы выклікаць чароўнага каня, які знясе цябе на край свету, трэба падпаліць тры шматкі авечай поўсці: чорнай, шэрай і рудой, абстрыжанай абавязкова на свята Настусі, апякункі авечай.
Невядома, ці быў у калекцыі графаў Каганецкіх гэты набор для выклікання прывіднага каня, але апошні з роду, падобна, быў зараз гатовы ім скарыстацца. Пан Шымон трывожна глядзеў на сваяка, што кідаўся на ложку, дзе яшчэ нядаўна ляжаў ён сам, вызвалены з клеткі.
- Не атруціцца, не пераймайцеся, ягоная доза была меншай, чым ваша, атрыманая ў некалькі заходаў, - спакойна патлумачыў Ніхель. - Магу прысягнуць - і кроў, у якой вы прачыналіся, і птушынае пер’е на падушцы - дэкарацыі. Як і драпіны на шыі нябожчыка. І ў вакно ў царкве вы скочылі, таму што вас умела накіравалі.
- Можа, скажаце, што і зніклага хлопчыка мачыха з братам спецыяльна забілі, каб на мяне зваліць? - нервова прагаварыў Каганецкі.
- Ну што вы, - усміхнуўся Ніхель, шкельцы ў ягоных акулярах здаваліся двума магічнымі люстэркамі. - Боўнары, на мой погляд - не такія брутальныя злачынцы. Бедны хлопчык, напэўна, сапраўды заблукаў, а гэта выкарысталі. Пан Людвіг прафесіянал, ён жа вас вылечыў ад першапачатковай хваробы. Проста адны і тыя ж лекі, у залежнасці ад канцэнтрацыі таго ці іншага рэчыва, дзейнічаюць па-рознаму. І нічога выключнага ў вашай гісторыі няма. Адзін з маіх кліентаў, што прыходзіў у атэлье дзеля кабінетнага партрэту, гэткі “высакародны бацька” з сівымі бакенбардамі, расказваў пра выпадак у суседнім павеце. Там таксама адзін шляхцюк з-за спадчыны спрабаваў давесці да вар’яцтва пляменніцу. Зарганізаваў з’яўленне прывідаў паводле родавых легендаў... Але нешта перамудрыў, так, што выклікаў бунт мужыкоў, якім штучныя прывіды таксама бяды нарабілі. У свой час нават Марціна Радзівіла, магната з уласным войскам, сваякі абвесцілі вар’ятам і ўзялі над ім апякунства. А вы, сірата з эпілептычнымі прыпадкамі, увогуле лёгкая здабыча. Дарэчы, параіў бы вам яшчэ зрабіць эксгумацыю цела вашага бацькі... Ды не тузайцеся так, што ж вы такі нервовы. Ну, а цяпер вы гатовы выканаць маю просьбу, як абяцалі, граф?
Каганецкі з цяжкасцю адвёў вочы ад доктара Боўнара, які доўжыў прыгоды ў толькі яму бачным свеце, і сумна ўтаропіўся ў суразмоўцу. Ягоны смуглявы твар, здавалася, трохі збялеў.
- І што вы ад мяне хочаце, Пінкертан, за ваша расследванне?
- Каб вы ажаніліся з Багуславай. Узялі шлюб у царкве.
Не, фатограф зусім не жартаваў. Як кажуць на Украіне, барані нас, Божа, ад пана Яна, казінага кажуха, саламянага капелюша, вярбовых дроў.
- Лухта! - Багута адчувала сябе, быццам яе аблілі гарачай смалой і вось-вось зверху высыплюць мех пер’я. - Навошта табе гэта, Варакса?
Ніхель супакойліва пагладзіў яе па плячы, дзяўчына сярдзіта скінула яго руку.
- Ну-ну... Вам не абавязкова гуляцца ў сямейную пару, закупляць каптуры з карункамі і дзіцячыя хадункі. Але Багуслава павінна атрымаць статус законнай графіні Каганецкай. А тады вы, пан Шымон, адразу выправіце ёй пашпарт, з якім можна ездзіць за мяжу. Думаю, не трэба вам ужо тлумачыць, хто мы і чым займаемся. Тым больш падрабязнасці я магу распавесці толькі ў тым выпадку, калі вы згодзіцеся стаць адным з нас, ці калі мне давядзецца вас пасля забіць.
- Баюся, ні першае, ні другое не варыянт, - насмешна пакланіўся граф. Ніхель гэтак жа пакланіўся ў адказ.
- Таму спынімся на вашым, так бы мовіць, ліберальным сузіральным спачуванні. Якім бы вы ізгоем у гэтай краіне сябе ні лічылі, граф, ваш тытул застаецца сапраўдным і адкрывае дзверы ў такія месцы, куды чалавеку простаму не патрапіць ніколі. Для нас такі легальны спосаб проста неацэнны. Калі ў вас ёсць забабоны наконт гонару рода - дык ваша нявеста шляхцянка, і па маці, і па бацьку, і народжаная ў законным шлюбе.
Каганецкі разгублена зірнуў на Багуславу, і ад позірку ягоных шэрых вачэй у душы паднялася гарачая хваля, вось-вось затопіць, не вынырнуць...
- Я адмаўляюся! - выдыхнула дзяўчына. - Што за фіглярства... Мяне ўсё адно могуць выкрыць! Абыходзіліся дагэтуль фальшывымі пашпартамі, будзем і далей...
- Ты павінна да Калядаў стаць сапраўднай графіняй Каганецкай, - жорстка прамовіў Ніхель. - Граф прадставіць цябе як сваю жонку у так званым вышэйшым крывасмоцкім свеце... І няхай тады з’язджае па навуковых справах. Згубіць такі шанец?
Багуслава разумела, што Ніхель вельмі нават мае рацыю. Бакалаўру, не драмайце, бярыце пірог ды кусайце... Легальны пашпарт! Статус графіні! Як гэта прыдасца... Да таго ж яны з Ніхелем ужо колькі біліся, спрабуючы патрапіць у спіс дапушчаных на ўрачыстыя мерапрыемствы, калі прыедзе хтось з імператарскай сям’і на адкрыццё дрэваапрацоўчага заводу! Ніхель усе надзеі ўскладаў, што яму дазволяць здымаць там, але пайшлі чуткі, што гэтага гонару будуць удастоены толькі спецыяльна прывезеныя з Пецярбурга майстры камеры абскуры. А наваспечаная графіня Каганецкая, да якой прыцягнутая, няхай і нядобразычлівая, цікавасць усяго павета, несумненна будзе сярод ганаровых гасцей - трэба ж мець магчымасць абгаварыць выскачку, папрыніжаць яе, маўляў, дарагая залатовачка, каля рубля ляжала.
Але Багута не магла... Ну проста не магла пагадзіцца... Гэта было ўсё роўна як доўга чакаць, пакуль апусціцца проста ў рукі срэбрагалосы жаўрук, а добры дзядзечка са стрэльбай кінуў яго табе скрываўленым камяком, які ўжо ніколі не зможа ні ўзляцець, ні заспяваць.
- Вы таксама зацікаўленыя, граф, - ветліва звярнуўся Ніхель да Каганецкага. - Калі ў вас будзе законная жонка - без яе згоды вас не змогуць гвалтам запхнуць у лячэбніцу, прызнаць нядзеяздольным, адабраць маёмасць. Не ведаю, ці здагадваецеся вы, што ваш сваяк, на выпадак, калі адмовіцеся добраахвотна легчы ў ягоную бальніцу, падаў прашэнне аб прымусовым змяшчэнні вас туды як небяспечнага для самога сябе і бліжніх маньяка.
Каганецкі нервова прайшоўся па пакоі, кінуўшы змрочны позірк на цела Людвіга Боўнара.
- Згаджайцеся! Ціхае вянчанне, некалькі кароткіх сумесных візітаў - і адпраўляйцеся ў Вену. Як альтэрнатыва - палата для шалёных у павятовай лячэбніцы, уціхамірвальная кашуля, паголеная галава, ледзяны душ, электрашок і замглёная хімікаліямі свядомасць... Вы ж бачылі неаднойчы, як згасаюць у няволі жывёлы. Вам хочацца такой жа долі для сябе? Да таго ж, - твар Ніхеля неяк дзіўна тузануўся. - Можаце мець яшчэ і прыемнасць... Вас жа з Багуславай фізічна цягне адно да аднаго... Яна дастаткова прывабная ў ложку.
Апошнія словы, напоўненыя жоўцю, нібыта міжволі вырваліся ў Ніхеля - няўжо банальная рэўнасць? Багуслава сцялася, як ад холаду. Граф ірвануўся да фатографа:
- Не смейце гаварыць у такім тоне пра панну!
- Ну вось, вы самі прызнаеце, што яна вам неабыякавая! - прымірэнча развёў рукамі Ніхель. - Згаджайцеся, выбару ў вас няма.
Каганецкі вінавата глянуў на Багуславу, якая стаяла, утаропіўшыся некуды ў кут, і адчувала, што яшчэ трохі - і ганебна расплачацца.
Граф змрочна загаварыў:
- Адчуваю сябе Сехізмунда, прынцам з п’есы Кальдэрона, які паводле прадказання зорак павінен быў стаць жорсткім, як звер, і таму бацька трымаў яго на ланцугу ў вязніцы, дзе той, аднак, паказваў сябе як філосаф і паэт. Тады яго пашкадавалі, перанеслі ў палац, запэўнілі, што вязніца - толькі сон, а ён - магутны кароль. Аднак атрымаўшы ўладу, Сехізмунда якраз і праяўляе сябе, як жорсткі звер. Таму я пагаджуся на вашы ўмовы - але толькі пасля апошняй праверкі... Былі ў маім жыцці непрыемныя выпадкі, якія я аніяк не магу вытлумачыць падступнасцю пана Людвіга. Чакайце...
Каганецкі выскачыў з пакоя, пачуліся ягоныя няроўныя паспешлівыя крокі на лесвіцы. Багуслава са сціснутымі кулакамі падыйшла да Ніхеля:
- Ненавіджу! Як ты можаш гэтак прыніжаць мяне?