- Ай, ты калючы... - вывернулася яна, усё яшчэ не ў змозе адвесці вачэй ад свайго аблічча, з якім рама люстэрка з’яднала аблічча яшчэ некалькі дзён таму незнаёмага чалавека. Ёй падавалася, што з яе адлюстраваннем адбылася складаная хімічная рэакцыя, быццам праявілі негатыў, ды ў атрыманае светлае фота яшчэ і дадалі фарбаў.
- Вось гэта - укус, - страшэнна задаволены Шымон прадэманстраваў люстэрку чырвоную пляму на сваім плячы.
Якраз да пары следу ад ваўчыных зубоў на ягоным жа перадплеччы, прысаромлена падумала Багуслава, па чыёй віне і з’явілася адмеціна на смуглявым графскім целе.
- Дзякую... - раптам ціха сказаў Каганецкі і пацалаваў яе ў раскудлачаную макаўку. - Падумаць толькі - я рыхтаваўся да самай страшнай ночы ў маім жыцці... - ён перарывіста ўздыхнуў, быццам яму не хапала паветра. - У некаторых відаў жамяры ёсць звычай, паводле якога самка пасля... працэсу з’ядае свайго партнёра, і мне заўсёды падавалася гэта неверагодна агідным і страшным. Ведаеш, я, здаецца, так цябе кахаю, што лёгка пагадзіўся б нават на такі сыход.
- Дзякую за неверагодна вытанчаны камплімент, - з’едліва прагаварыла Багута, не ведаючы, смяяцца ці абурацца, што яе толькі што назвалі людажэркай.
Але словы і кпіны не мелі значэння, бо яны прамаўляліся як бы павярхоўна, так, лухта, бязглуздае шалупінне, якое прыкрывае сапраўдную размову, хвалюючую лучнасць.
- Трэба здабыць табе белую сукенку, - задумліва прамовіў Каганецкі, не адрываючы позірку ад іх постацяў у люстэрку. - Хачу, каб усё было, як належыць.
Багуслава, не паварочваючыся, падняла руку і запусціла тонкія пальцы, якія дасканала ўмелі забіваць, у ягоныя зблытаныя доўгія валасы. Ёй з першай сустрэчы хацелася так зрабіць.
- Ага, вясельную сукенку, яшчэ з аб’ёмістым турнюрам, ста футамі карункаў і кошыкам шаўковых ружаў... Не дурэй. Калі хочацца белага - магу загарнуцца ў прасціну. Хаця прасціны ў тваім маёнтку пахнуць склепам.
- Можна паглядзець сукенкі ў куфрах, што засталіся ад маці, - трохі памарудзіўшы, прамовіў Каганецкі. - Я ні разу туды не зазіраў, бацька, па-мойму, таксама.
Багуслава азірнулася, правяла рукой па ягонай няголенай шчацэ: гэта была кранальная, цяжкая для яго, напэўна, прапанова... Сэрца сціснулася ад таго, што ўсё роўна яна не зможа апраўдаць такі давер. Не зможа застацца з ім. Яна, забойца, належыць Справе, якая толькі яе і апраўдвае.
- Чакай, пагляджу, ці на месцы тыя куфры.
Шымон улез у нагавіцы і, як быў, басанож, аголены да пояса, з распушчанымі валасамі да плеч, смуглявы, з належным наборам шнараў на кандацьерскім целе - быццам перанесены сюды з нейкіх экзатычных выспаў, выйшаў за дзверы. Багуслава пачула ягоныя па-звярынаму ці папаляўнічаму лёгкія крокі па калідоры. Вось жа кульгавасць не перашкаджае яму ні спрытна рухацца, ні падарожнічаць на далёкія адлегласці. А можа, ён усё-ткі пераадольвае слабасць і боль, толькі не паказвае?
Нявеста... Ёй даводзілася выдаваць сябе за жабрачку, прасталытку, сястру міласэрнасці, свецкую даму, багемную мастачку... Прымяраць белы вэлюм яшчэ не здаралася.
І так хацелася забыць, што гэта ўсяго толькі гульня... Дзеля Справы...
Здаецца, паненка, ты загразла ў гэтай дрыгве так, што любыя спробы выбрацца толькі зацягваюць глыбей. Таму што і выбірацца не хочацца. Бо там, на дне, чакае Вужыны Кароль і бурштынавы палац.
Графу Каганецкаму пасавала б іншая нявеста. Вось такая, з чыстым, незамутненым злачынствамі і прагай помсты позіркам, з цнатлівымі вуснамі, з пяшчотнай ручкай, што падпірае яшчэ па-дзіцячы пульхную шчаку... Багуслава ўзяла ў рукі партрэт былой графскай нявесты, што стаяў на камодзе побач з гадзіннікам, на альбоме для фота. Вядома, рэўнасць была зусім недарэчы. Недарэчы было і злавацца на гэтую невядомую дзяўчыну, але Багуслава не здолела здушыць гнеў. Як магла гэтая красунька, якой дасталося каханне Шымона Каганецкага, адмовіцца ад яго? Яна што, не адчувала ягонай пакуты? Губы закапыліла і адступілася? Суцешылася з іншым... Ды каб хтосьці разумны, настойлівы, шчыра неабыякавы да лёсу кульгавага хлапца з ліцвінскай пушчы распытаў у яго пра ягонае жыццё, сабраў некаторыя факты, зрабіў пэўныя высновы, дык інтрыга Боўманаў скончылася б ужо даўно, і ў пана Шымона Каганецкага быў бы іншы шлях.
І не зірнуў бы ён на цябе, дачку катаржаніна, забойцу...
Багуслава паставіла на камоду партрэт і ўзяла альбом у скураной вокладцы з металёвымі накладкамі ў выглядзе кветак. Сямейныя здымкі... У самой Багуславы, акрамя аднаго дагератыпа, нічога з мінулага не мелася.
Яна села на ложак, дзе граф столькі разоў прачынаўся ў жаху, і адгарнула старонку... Вось маленькі Шымон Каганецкі. Апрануты, як дзяўчынка, у доўгай кашульцы з фальбонамі, на каленях у прыгожай кабеты ў светлай сукенцы з каўняром пад горла, з высокай прычоскай... Багута ўявіла, як у гэтую схаваную каўняром тонкую шыю ўгрызаюцца ваўчыныя зубы... Не, лепш не ўяўляць. А вось, пэўна, старэйшы Каганецкі - прадстаўнічы мужчына, вусы, бакенбарды, вочы, як у Шымона, толькі вусны з пагардлівай такой складкай, дыхтоўны касцюм, з кішэні звешваецца тоўсты залаты ланцуг гадзінніка.
Сямейныя здымкі былі толькі да таго часу, калі здарылася страшнае на лясной дарозе. Пасля адразу пачыналіся сведчанні студэнцкіх гадоў Шымона Каганецкага. Маладыя дзёрзкія твары, прыўнесеныя ў кадр атрыбуты навукі: кнігі, мікраскопы, нават шкілет, на чэрап якога хтосьці са студыёзусаў, што згрувасціліся побач, уздзеў капялюш, а ў выскаленыя зубы ўставіў люльку. А вось Шымон у эскпедыцыях. На фоне гор, з ружжом за плячыма, у скураной куртцы, з барадой, толькі вочы свецяцца... У стэпу, трымаючы за аброць каня, нагружанага хатулямі... І, зразумела, са сваймі ўлюбёнымі звярамі: вітаецца за руку з шымпанзэ, трымае на каленьках маленькую пуму - заўсёды ж яго цягнула да блізкага знаёмства з драпежніцамі, вось пазіруе, седзячы на слане, не раўнуючы раджа.
І ён без гэтага таксама не зможа, - ясна ўсвядоміла Багуслава. Без падарожжаў, без прысмаку волі і небяспекі. Будзе рвацца нават з залатой клеткі.
Як і яна.
І калі б іх удваіх адпусцілі на волю... Падарожнічаць па заснежаных сцежках і распаленых сонцам травах, спаць у намётах, прыціснуўшыся адно да аднаго, цалавацца ў засені платанаў, смажыць на вогнішчы ўздзетую на пруткі, толькі што злоўленую ў празрыстым халодным ручаі стронгу...
Не, гэтага не будзе ніколі. Багуслава страсянула галавой, каб адагнаць блюзнерскія марэнні, і перагарнула старонку альбома.
А вось і рамантычная частка біяграфіі. Шымон са сваёй нявестай. Урачыстыя, шчаслівыя... Вось яна адна - у альтанцы, з карункавым парасончыкам, прыціскае да твару букет. Фу, якая банальная кампазіцыя... Багуслава не ўтрымалася, каб не дастаць асцярожна фота і не зірнуць на адварот: так і ёсць, сентыментальны подпіс, маўляў, вечна буду помніць, вечна твая...
Ага, нядоўга трымалася твая вечнасць, паненка!
На апошніх старонках месцілася некалькі групавых здымкаў. Шымон на нейкіх навуковых канферэнцыях, у кампаніі з панамі, якіх можна было ўявіць толькі за кафедрамі ці ў прэзідыумах, а вось, пэўна, ён з сямействам сваёй будучай жонкі...
Погляд на гэты просты здымак, ад якога так і патыхала мяшчукоўскім ціхім шчасцем, змусіў Багуславу здранцвець.
Побач са шчаслівай нявестай, якая цнатліва паклала ручку на сагнуты локаць жаніха, стаяла паўнаватая дзяўчына з круглым тварам, трохі пукатымі светлымі вачыма і радасна ўсміхалася, паказваючы буйныя зубы.