Голас госця гучаў з незразумелым выклікам.
- Жухавічы? - пан Ніхель здзіўлена прыўзняў бровы. - Калі не памыляюся, за трыццаць вёрст, у самай Волатавай пушчы, а калі ўлічыць, што нядаўна была залева, дарогі паплылі... Не думаю, маладыя людзі, што магу пагадзіцца на такую замову - не ў тым я ўзросце, а дачцэ тым болей не пасуе мясіць восеньскую гразь і блукаць па лясах.
- І ўсё-ткі мы спадзяемся вас угаварыць! - дзёрзка заявіў шчуплейшы юнак. - Справа надта важная. Высакародная. Ды вы ганарыцца будзеце, што паўдзельнічаеце!
Аж чырвоныя плямы ад узрушэння на запалых шчоках загарэліся. Пан Ніхель зычліва ківаў галавой, як добры дзядзька перад малечам, якое прапануе яму пакаштаваць булку, злепленую з пяску.
- Вы чулі пра графаў Каганецкіх, Радаслава ды ягонага сына Антонія? Знакамітых калекцыянераў, у якіх унікальныя зборы старажытнасцяў?
- спытаўся вышэйшы. - Колькі курганоў раскапалі, старых капішчаў... Колькі па вёсках паездзілі, збіраючы так званыя вядзьмарскія кнігі! Пан Антоній рэшткі маёмасці спусціў, якія бацька ягоны, пачынальнік калекцыі, не паспеў у карты прайграць, затое з усяго свету нацягаў рэліквіяў, ад афрыканскіх бажкоў да егіпецкіх мумій. Кажуць, рарытэты неверагодныя!
Цёмныя вочы юнака загарэліся, як у шчанючка, перад носам якога прабегла смарагдавая яшчарка, такая яму спакусная, бо на зуб яшчэ не каштаваў. Другі госць з тугою ў голасе падтрымаў:
- І нікога з навукоўцаў да сваёй калекцыі за ўсё жыццё ні бацька, ні сын не дапусцілі. Толькі са слоў рэдкіх сведкаў пра яе вядома. Доктар Боўнар, сваяк Каганецкіх, называе Жухавічы дасканалым музеем шатана.
- Але ж аматар эзатэрыкі пан Антоній даўно памёр, наколькі я чуў, - ветліва, але з належнай доляй сухасці прамовіў пан Ніхель.
- А нядаўна памерла і ягоная ўдава пані Антаніна Каганецкая, згодна запавету мужа седзячы на той калекцыі, як сабака на сене! - барадаты кліент у нецярпенні ступіў наперад. - І ў бліжэйшыя два дні ў нас - адзіная магчымасць зафіксаваць для нашчадкаў хоць нешта! Прабачце, мы не прадставіліся. Я - Міхал Калоцкі, археолаг, магістрант Санкт-Пецярбургскай акадэміі...
- Давыд Масевіч, студэнт, будучы этнограф - да вашых паслугаў! - пакланіўся шчуплы.
- Я працую над дысертацыяй па гісторыі Беларусі, - з выклікам заявіў Міхал. - Спрабую вярнуць гэтаму краю ўсё, што ў яго аднялі. Кожная рэч, якая дапаўняе нашу гісторыю, каштоўная!
Юнакі ўтаропіліся ў гаспадара, відавочна падрыхтаваўшыся абараняць свае ідэі.
- Што ж, я быў калісьці знаёмы з панам Аляксандрам Рыпінскім, маім калегам, які пасля няўдалага бунту быў змушаны жыць за мяжой і адкрыў у ваколіцах Лондана фотаатэлье па метадзе Дагера, - добразычліва прамовіў Ніхель. - Апошнія свае гады ён жыў дзесьці пад Лёзна, хадзіў па мужыцкіх вяселлях ды хрэсьбінах і запісваў старадаўнія народныя песні. Кажуць, нават збіраў хрэстаматыю беларускай літаратуры. Але хто ж яе надрукуе...
Калоцкі, так і не вычуўшы належнай дозы іроніі, працягнуў:
- А тут такая катастрофа... - археолаг махнуў рукой, сціснутай у кулак, нібыта ўдарыў нябачнага ворага. - Спадчыннік Каганецкіх, чалавек, які ўсё жыццё цягаецца па нейкіх суматрах ды явах, прыехаў, каб пахаваць мачыху - і знішчыць бацькавы калекцыі! З блаславення, вядома, мясцовых святароў. Бязбожныя рэчы, ідалы...
- Цемрашалы! - з нянавісцю выгукнуў Давыд. - Мала ім таго, што столькі бясцэнных кніг з уніяцкіх кляштароў, абразоў мясцовай работы, прызнаных недастаткова праваслаўнымі, тут спалена!
Нешта надта госці шчырыя, гэтак лёгка раскрываюць сваё нявернападданіцкае, сепаратысцкае нутро, - ляніва адзначыла Багута. Наіўныя? Ці ўладальнікі гэтага фотаатэлье чымсьці выклікалі іх давер? А вось гэта ўжо лішняе... Гэта ўжо нядобра...
- Пакуль спісаліся з тым спадчыннікам, графам Шымонам Каганецкім, пакуль атрымалі адказ - дазвол прыехаць і сфатаграфаваць экспанаты, тыдзень прамінуў! - горача працягваў Міхал Калоцкі.— Цяпер вы разу- мееце, чаму нельга марудзіць?
Пан Ніхель ні на каліва не страціў спакою.
- Думаю, на пахаванне вы ўсё адно безнадзейна спазніліся, і пані Каганецкая ўжо спачыла ў радавым склепе. Помніцца, я чытаў, што гетмана Радзівіла Рыбаньку хавалі цэлы год - забальзамавалі цела ды ладзілі хаўтуры на ўсё княства. Але не думаю, што паны з Волатавай пушчы замахваюцца на гэткія фараонавы звычаі. Што тычыцца дарагіх вашаму сэрцу экспанатаў... - пан Варакса нібыта ў роздуме падкруціў вусы. - Паважаю людзей, якія захопленыя сваёй справай. Але грандыёзныя ідэі дорага абыходзяцца, маладыя людзі. За звычайны выезд на пахаванне ці вяселле дзеля тузіну фотаздымкаў мы бяром не менш трыццаці рублёў. А тут - справа для цэлай экспедыцыі, рахунак на сотні... Ведаю, што ў суседнім мястэчку адзін настаўнік мае апарат, калі вы прапануеце яму хаця б трыста рублёў...
- У нас ёсць трыццаць, - цвёрда гледзячы ў вочы пану Вараксу, прамовіў барадаты студэнт. - І больш дастаць няма дзе - мы спрабавалі, паверце. Нас з Давыдам у гэтым мястэчку ўважаюць за небяспечных дзівакоў. Нават Давыдавы сваякі, людзі заможныя, адмовіліся яму пазычыць! Забаранялі з Каганецкімі звязвацца... Каб быў час...
Фатограф камічна развёў рукамі: самі, маўляў, разумееце, панства, тады і размовы не варта весці. Сфатаграфаваныя красуні, выпускніцы мясцовай жаночай духоўнай вучэльні, пагардліва паглядалі з-пад ажурных брылаў капелюшоў на нахабных студэнтаў.
- І ўсё-ткі, я думаю, вы пагодзіцеся ехаць з намі, - прамовіў Калоцкі павольна, як ступаюць па тонкі лёд. - Вы не адмовіце нам, інакш... - уздыхнуў, перазірнуўся с сябрам, наважваючыся, і сказаў, як з адхону скокнуў. - Інакш, прабачце, але паліцыя даведаецца, што вырабляецца ў лабараторыі гэтага атэлье, і якія насамрэч выконваюць заказы вядомыя тэрарысты Ян Ранарыч і Багуслава Кленчыц.
Кацяняты на здымках ледзь не пахаваліся за пасярэбраныя рамачкі, таму што мізансцэна змянілася так хутка, быццам павярнуўся чароўны ліхтар. Багуслава стаяла за спінай археолага, трымаючы пад ягоным падбародзем вострае лязо стылета, а на шчуплага этнографа пазірала руля пісталета, які нібыта сам па сабе ўзнік у руцэ пана Вараксы. Студэнты, вядома, збялелі і спацелі, але не зварухнуліся.
- Гэта вам не дапаможа, - з ледзь заўважнай дрыготкай у голасе прамовіў Калоцкі. - Вы ж павінны разумець - мы не прыйшлі б з такой заявай да вас, не паклапаціўшыся пра сваю бяспеку.
- Ай-яй-яй, - дакорліва прамовіў Ніхель, ветласць якога цяпер, у спалучэнні з пісталетам, магла настрашыць. - Студэнты, вучоныя, прагрэсіўныя людзі - і даносчыкі, працуюць на паліцыю. Што скажуць у вашым асяродку, калі даведаюцца, што вы выкрылі рэвалюцыянераў, барацьбітоў з самадзяржаўем?
Госці апусцілі вочы, прызнаючы слушнасць заўвагі: слава агента паліцыі - не тое, чым можна ганарыцца ў ліберальна-інтэлігенцкіх колах, дастанецца такому лаяльнаму гарохавы вянок.
- Ну дык і не варта даводзіць да скрайнасцяў! - загаварыў Калоцкі, якому было страшэнна нязручна стаяць, задраўшы падбароддзе, а да шыі датыкаецца сталёвае джала - рука Багуты ніколі ў такіх выпадках не дрыжэла. - Падумайце, пан Ніхель! Навошта ўсё ўскладняць? Тры гадзіны на дарогу туды, столькі ж назад, дзень пафатаграфаваць - і ў разліку! Мы з Давыдам дамо слова гонару, што нікому пра вас не раскажам. З’едзем у Піцер - і зоймемся кожны сваёй справай.
Багуце надакучыла камедыя: