Даліла лена адказала:
— Наш час — гэта час яркіх этыкетак, не хапае падтэкстаў. Вось і кампенсую.
Бабулька ўважліва паглядзела на вахцёрку.
— А чаму размаўляеце па-беларуску? Звычайна аматары інтэлектуальных кніжак пазьбягаюць усяго, што можа даць намёк на іх… правінцыйнасьць, скажам.
Даліла ўскінулася — на падобныя закіды ў яе быў даўно гатовы адказ — наконт сапраўднай культуры… Які яна і агучыла. Разалія Іванаўна заўсьміхалася перакрыўленым ротам, нібыта перадачу доўгачаканую атрымала:
— Ведаеце, маладым нельга доўга знаходзіцца са старымі. Старасьць раней лічылася нечым... проста непрыстойным. Быў такі філосаф Ісідор Севільскі, які жыў тысячу гадоў таму. Дык ён казаў, што старасьць — гэта калі чалавек ператвараецца ў немаўля, поўніцца кашлем і нечыстотамі, пакуль не сыходзіць у пыл і тло. Я не баюся. І вы не саромцеся, што вам гэта гідка ўва мне. Галоўнае — што чалавек пасьпеў набыць за сваё жыцьцё… Ці нейкія транты, якія альбо спарахнеюць, альбо нашчадкі за іх перагрызуцца, ці …веды.
Старая гаварыла ясьней, чым звычайна, толькі расьцягваючы словы, як зблытаную вяроўку. Даліла паціснула плячыма.
— І нікога я ня гіджуся. Вы проста стаміліся. Давайце можа адвяду вас у палату.
Хворая абурана замахала дрыжачай рукой — на сярэднім пальцы бліснуў срэбны пярсьцёнак, падобны да заручальнага.
— Ня трэба ў палату. Я выдатна сябе адчуваю. Ніколькі ня горш, чым батлеечная шынкарка. Вось яе пакруцілі на дроціку — і яна ўжо таньчыць. Мой дрот трымае вельмі ўчэпісты батлейшчык, надакучу — кіне ў скрынку і вечка замкне. А пакуль я патрэбная на гэтай мізэрнай сцэне — буду выходзіць і таньчыць. Як мне шкада, што зьніклі батлейкі… Вам не хапае шматслойнасьці, дзяўчынка… Ведаеце, за кожны слой прасторы і часу, за іх спазнаньне трэба плаціць. Вы гатовыя?
Даліла чамусьці паглядзела на казённыя пантофлі Разаліі Іванаўны, на якіх красаваўся шмат разоў падмаляваны надпіс белай фарбай: “3-я п., кард.”, што азначала трэцюю палату кардыялагічнага аддзяленьня. Вось вам “шматслойнасьць”… Старая відавочна з галавою не сябруе. Ну дык што, з вар’ятамі часта цікавей размаўляць, чым з нармальнымі.
— За ўсё, што я раблю ў сваім жыцьці, я гатовая плаціць, — цярпліва адказала Даліла. — Таму раблю толькі тое, што хачу. І, дарэчы, я даўно не дзяўчынка. Маёй дачцы шэсьць гадоў.
— Што ж, — Разалія Іванаўна зноў трохі прывяла, яе мова зрабілася няўцямнай, як з воўнаю ў роце. — Тады… вам… ня будзе цяжка… Я жыву тут, тут… побач, адразу за могілкамі. Мне б хацелася, каб вы прыходзілі. Я... магу плаціць. Уколы… вы ж умееце рабіць, праўда? Вы… давядзеце мяне дадому, калі я выпішуся. Гэта ўжо… хутка. Мне трэба паспрабаваць яшчэ… хоць раз. На адзін раз мяне хопіць.
Апошнія фразы Разалія Іванаўна прагаварыла зусім шэптам. Інсультнікі нярэдка трызьняць. Але рэабілітацыйны цэнтр — не бальніца і ня дом састарэлых. Прайшоў курс працэдураў — і выпісвайся. Праз тры дні сапраўды давялося весьці бабульку дахаты. Даліла так нічога толкам пра яе не даведалася, а распытваць, як вы ўжо зразумелі, не ў характары маёй сяброўкі. Бабулька адукаваная. Хаця часам гаворыць надта па-простаму, хіба — знарок? І яшчэ дзіўна… Па дакументах выходзіла, што старой мусіць быць усяго пяцьдзясят два гады. Сучасныя жанчыны ў гэтым узросьце на фітнэс бегаюць ды джынсы носяць… А Разалія Іванаўна выглядала на ўсе семдзесят. Можа, памылка ў дакументах?
Дом быў зусім блізка ад могілак, заціснуты між шыкоўнымі катэджамі, быццам жабрак у чорных лахманах між сьвецкіх дам у дэкальтэ на прыёме ў губернатара. Ды яшчэ пабудаваны ў нейкай яміне, так што з-за плоту з пачарнелых дошак відаць толькі дах. І крыты нават ня шыферам, а рубероідам, там-сям парослым зялёным імхом — нібыта мокрая, зьмятая і брудная трохвуголка напалеонаўскага ветэрана, які з цяжкасьцю пераадольвае супраціў беларускай гразі. Падсьлепаватыя вокны. А між шыбамі — зжаўцелая вата, пасыпаная навагоднімі блішчынкамі — патрушчанымі шклянымі елачнымі цацкамі. Вокны, відаць, гадоў трыццаць не адчыняліся. Пад вокнамі тырчаць мальвы з блякла-ружовымі, нібыта выцьвілымі, кветкамі. Хто б мог падумаць, што пасярод горада захаваліся такія халупы… Двор быў таксама няўтульны, толькі хохлікам па ім бегаць. Пакуль гаспадыня лячылася, зарос травой, пустазельле на градах вымахала вышэй галавы. Асабліва шмат палыну. Тужліва глядзеліся між учэпістых “плябеяў” яркія галоўкі цюльпанаў ды хрызантэмаў — нібыта гімназісткі згубіліся на бядняцкім кірмашы, і галадранцы шчыкаюць іх, пасьміхаючыся, штурхаюць і не даюць сабрацца разам і паклікаць строгую класную даму. З дрэваў — толькі некалькі вішанек ды клён з незвычайна буйнымі лістамі.
Гаспадыня, абапіраючыся на кавеньку, успаўзла на бетонны ганак, як сьлімак на антычную ўcыпальніцу, і забразгала ключамі.
Унутры было таксама бедна, але чыста. Ня верылася, што за вокнамі — шумны горад.
Даліла азіралася з цікавасьцю — перш за ўсё ў любой хаце шукала вачыма кніжкі. Што яшчэ раскажа пра гаспадароў лепей? Але кніжак у доме не было. Сьцены, абклееныя зялёнымі шпалерамі з ружамі, выцьвілыя амаль да таго стану, калі кіч становіцца антыкварыятам. Жалезны ложак, упрыгожаны шышачкамі на парэнчах. Засланы, праўда, не даматканай посьцілкай, а звычайнай, куплёнай у краме, ды яшчэ з выявамі цвыркуноў, якія граюць на скрыпачках. Ля супрацьлеглай сьцяны канапа, старая, пакрыўленая, быццам цыганскі шарабан. Здавалася, дакраніся да яе — і з праседжанай абшыўкі, як разбойнікі з засокі, вымкнуць іржавыя спружыны… Ні вышыванак, ні вазонаў. А казалі, бабулька — любіць кветкі і вырошчвае іх. Абшарпаны круглы чорны стол, на ім — вазачка з зялёнага шкла, у якую насыпаныя катушкі з ніткамі, гузікі, голкі, шпількі. Побач з вазачкай нататнік з залатым надпісам на зялёнай дэрмацінавай вокладцы “Ленинград” і танная асадка. У яе целе з празрыстага пластыку, як венозная артэрыя, цямнеў напалову сьпісаны сіні стрыжань. Пачак пернікаў, якія, відаць, пасьпелі ператварыцца ў камяні... І адзіны цікавы прадмет — тоўсты фотаальбом у вокладцы з вырабленага пад скуру цёмна-брунатнага кардону. Чым можа займацца чалавек, які жыве ў такой пустой кватэры? Хіба што маліцца… У куце праваслаўны абраз, але ня Божае Маці, як зазвычай, а “Маленьне аб Чашы”. Ісус Хрыстос у Гефсіманскім садзе. У сваю апошнюю ноч перад пакутамі, абапершыся на халодны камень, моліцца бацьку: “Пранясі гэтую чашу паўз мяне… Але, зрэшты, ня як Я хачу, але як Ты хочаш”. Можа быць, самы кранальны момант Сьвятога Пісаньня… Абраз танны, наклееная на дошку карцінка, але, відаць, яшчэ даваенны — бо малюнак таксама выцьвіў, па краях выцерся… У прынцыпе, напэўна, для веруючага чалавека не павінна быць розьніцы — маліцца на дарагі абраз, маляваны на якой-небудзь кіпарысавай дошцы вядомым майстрам, альбо на танную, набытую ў царкве штампаваную карцінку… Гэта як вакно, праз якое можаш глядзець на сонца — галоўнае ж не каштоўнасьць рамы, а сонца… І здольнасьць яго бачыць. З другога боку, намоленыя абразы, пацямнелыя ад дыму сьвечак, абразы, якія помняць погляды тысяч людзей у найвышэйшых духоўных парываньнях, набываюць асаблівую прыцягальнасьць, можа быць, яны больш празрыстыя вокны ў неба…
Перад гэтым абразом, напэўна, таксама часта маліліся. Хаця імя “Разалія” — нейкае не праваслаўнае.
Разалія Іванаўна тупала па хаце, абапіраючыся на новенькую мыліцу з шэрага пластыку, нешта мармытала сабе пад нос... Даліла падышла бліжэй да абраза. Пацягнула руку, каб паправіць вышыты крыжыкам рушнік, які зусім па-вясковаму аздабляў сьвятыню…
— Прэч адсюль! — голас бабулькі быў такі адчайна-пранізьлівы, што Даліла здрыганулася… Хаця мала што магло змусіць яе страціць душэўную раўнавагу.
— Пайшла! Зараз жа!
Разалія Іванаўна стукала мыліцай у падлогу, азызлы твар дрыжэў, як быццам яе біла токам, здавалася, па скуры ішлі дробныя хвалі. Даліла моўчкі пакрочыла да дзьвярэй, перакінуўшы зручней свой улюбёны джынсавы заплечнік. З такімі хворымі гаварыць — як шрот есьці.
— Стойце!
Ну што яшчэ? Але старая зусім супакоілася. Толькі позірк з-пад абвіслых павекаў стаў яшчэ больш змрочным.
— Я гэты дом вам адпішу. Разам з… усім. Толькі абяцайце, што ня будзеце выходзіць… туды… занадта часта.
Даліла цярпліва кіўнула і выскачыла за дзьверы. Трэба зараз жа схадзіць да галоўурача. Або няхай прымацоўваюць да старой прафесіяналку са шпрыцам, альбо ўладкоўваюць у патрэбную ўстанову. Гэта ж ні ў краму сама Разалія Іванаўна ня сходзіць, ні есьці сабе ня зварыць…
Хаця… Даліла сама лепей памерла б з голаду, чым пераехала б ва “установу”.
І ўжо праз гадзіну прыцягнула старой сетку з прадуктамі. Разалія нават дзякуй не сказала. Дарэчы, Даліла і не чакала ўдзячнасьці. Прычым ніколі і ні ад кога. Таму і ня мела крыўды на гэты сьвет. Яна з тых, хто здольны на надзвычайную міласэрнасьць — і надзвычайную жорсткасьць. Таму што дараваць таксама ня ўмее.
Цяпер маршрут Далілы быў такі: шпіталь-могілкі-Разалія-могілкі-дом. Часам яна брала з сабой дачку Віку, ціхмяную зеленавокую дзяўчынку з русявымі коскамі. Малая чужой бабулі палохалася, захіналася ад яе плюшавым заплечнікам-мядзьведзікам… Некалькі разоў складаў кампанію Едрусь. Праўда, кветачніца няўхвальна глядзела на ягоныя чорныя строі з заклёпкамі, таму булачнік-музыка часьцей чакаў на ганку, пакуль Даліла аддасьць закупленую правізію ды лекі. Толькі аднойчы Разалія зірнула больш памяркоўна, калі маладыя госьці засьпелі яе за разгляданьнем фотаальбому. Дакладней, адной фоткі. Так разглядаць можна толькі былое каханьне. Старая сядзела ў брунатнай у чорныя палоскі сукенцы, высунуўшы з каўняра тонкую маршчыністую шыю, як чарапаха Тарціла. Галава з коратка пастрыжанымі валасамі трэслася… А вочы з непрыгожа адвіслымі павекамі малітоўна ўпёрліся ў мужчынскае аблічча. Фотаздымак трохі пажаўцеў, ён быў любоўна абклеены плёнкай… Але з яго пазіраў не які-небудзь бравы лётчык альбо чырвоны камандзір, а звычайны хлопец у груба зьвязаным швэдары, з чорным чубам, амаль як у Джэймса Бонда, і цалкам разьняволенай іранічнай усьмешкай.