— Ціха, не шуміце, сьпіць яна, відаць.
Аднак на ложку, пад коўдрай з гарэзнымі надпісамі “Чыкага” — о, вялікі сэканд-хэнд, ты зьядноўваеш народы! — старой не было.
— Ды куды ж яна падзелася? Запалі сьвятло, Едрусь…
— Ляжыць! Тут, у куце, пад абразамі… Памажы…
— Разалія Іванаўна! Спадарыня Разалія! Чуеце?
— Зараз… Як жа... Пачуе… Яна… яна… не цалкам… Яна разрэзаная…
— Не гарадзі абы-што, Тэрмінатар.
— Каб я здох! Дзе ейная галава? І плечы? У сьценцы, ці што?
— А кроў тады дзе? Ой, халера… Праўда, нібы ў сьценку ўвайшла…
— Давайце паспрабуем адцягнуць яе…
— Не чапай! Міліцыю трэба!...
— Пасьпееш… Лепей цягні… Вось... Галава… проста са сьценкі выходзіць… І рукі…
— Цэлая твая старая. Але… Матка Боска… Усё роўна…
— Можа, укол які трэба зрабіць? Даліла, у цябе ж ёсьць…
Але ніякія ўколы Разаліі не былі патрэбныя. Нават корань мандрагоры ня мог разбудзіць сваім несамавітым крыкам гэтае цела. Старая глядзела ў чорную столь вачыма такімі нерухомымі, што здавалася, па іх можна пастукаць, як па шкле.
І тады Едрусь падышоў да сьцяны і паспрабаваў дакрануцца да шпалераў з выцьвілымі ружамі…
Гульня №1
Пасьля мы спрабавалі адзін аднаму пераказаць, што адбываецца па той бок сьцяны. Словы падалі, як цьмяныя штучныя перліны, ня здольныя адлюстраваць нічога. Вядома, мы шукалі адказы, чаму менавіта ў хаце Разаліі Іванаўны ўтварыліся дзьверы ў іншы час, і як такое ўвогуле магчыма. Яшчэ да таго, як да Гульні далучылі мяне, Макс адкапаў у Інтэрнеце зьвесткі пра Чорны Камень на ірландскай ферме, ля якога час ад часу зьнікалі жывёлы і нават людзі, пра зялёную калону з жоўтымі прожылкамі ў левым куце мячэці маленькага гарадка Саудаўскай Аравіі, ля якой ніколі ня моляцца, бо аднойчы раніцай убачылі, што з каменю высоўваецца рука… Рука немаладога мужчыны, спрацаваная, з чорнымі пазногцямі, аголеная па локаць… Руку сузіралі цікаўныя цягам часу між дзвюма ранішнімі сьпевамі пеўняў, глядзелі, як б’ецца жылка на запясьці, а потым рука варухнулася і ўцягнулася ў калону, як сьлімак у сваю ракавінку. Самае страшнае, казалі сьведкі — менавіта кантраст паміж будзёным, нехлямяжым, прафанным выглядам канечнасьці — і неверагодным, звышчалавечым яе месцазнаходжаньнем.
На лонданскай Канон-стрыт, насупраць Кітайскага банку, у закратаванай нішы захоўваецца камень Брута. Саксонскі кароль Этэльстан распавёў летапісцу, як ён праз гэты камень хадзіў па сваю карону. Вытанчаная срэбная карона нагадвала ўпрыгожаньні піктаў у часы росквіту іх цывілізацыі, якая пры Этельстане заняпала да людажэрства і касьцяных упрыгожваньняў. Паўстанец Джэк Кэйд нібыта пры дапамозе каменю Брута зайшоў у Лондан і спаліў яго, і абвесьціў сябе каралём Мантгомеры… Хаця які сэнс абвяшчаць сябе каралём пажарышча — ведае толькі егіпецкі бог Гор, адказны за самалюбства.
І гэтак далей, далей… І паспрабуй адрозьніць, дзе спрацавала фантазія затурканага начальствам журналіста, якому абавязкова — дайд-лайн праз гадзіну — трэба скінуць у ленту навінаў сем сенсацыйных паведамленьняў, а дзе — рэальныя падставы паўтараць словы Гамлета да Гарацыя… Ёсьць, маўляў, многае на сьвеце…
Сьвет нагадвае скамечаны ліст паперы, таму нам у ім няўтульна, і мы ўвесь час сасьлізгваем з абранага шляху. А тут патрапілі на самы згін, сьцерты так, што ўтварылася невялікая дзірачка…
Куды можна выйсьці праз такое выпадковае вакенца?
Запісы Разаліі Іванаўны ў зялёным нататнічку з залатым надпісам “Ленинград” пачыналіся: “Менск, 1933 год”.
Лагічна было падумаць, што ты трапіш на тое самае месца, дзе цяпер знаходзішся, толькі ў іншым часе, і першае, што ўбачыш — яшчэ не зруйнаваныя могілкі, касьцёл, капліцы, расьпісаныя знакамітым мастаком Янам Дамелем…
Але ня ўсё так проста… Ня ў госьці схадзіць да бабулі Ганны на бліны ці да суседа Радаслава на каньяк. Ты прабіраешся Туды, у чужы асяродак, нібыта спрабуеш скрозь поліэтыленавую плёнку дакрануцца да чужога аголенага цела. Кагосьці часткова замяшчаеш, выціскаючы яго таксама некуды… І прыцягвае цябе абавязкова яна, Сьмерць.
І плата за знаходжаньне Там была высокая. Як за знаходжаньне ў любым чужародным асяродку — у вадзе, агні, на лютым марозе ці страшэннай вышыні. Стан трохі падобны на ліхаманку пры высокай тэмпературы… Хвіліны забіралі гады. Гэта на прыкладзе Разаліі Іванаўны было відно.
З таго, што запісала Разалія, вынікала: яна ўпарта спрабавала выправіць лёс свайго роду, скручаны, як жалезны крыж, у які ўдарыла маланка… Абрэзаць галінку дзедавай ігрушы…
Мы, цынікі-маргіналы, пасьмейваліся: няшчасная Беларусь зацыкленая на пладовых дрэвах. Ігруша на беразе Дняпра з прэлюдыі “Каласоў пад сярпом тваім”… Ігруша з постмадэрновага раману гомельскага літаратара Балахонава, у ствале якой кінутая кабета пахавала труп забітага каханка… І зноў “Імя ігрушы”.
Бабулька ўсур’ёз спадзявалася, што як толькі галінка зьнікне — павінен зьнікнуць і высокі жалезны крыж з бляшаным вяночкам на ўскрайку могілак. Дзе ляжыць ейны Сева.
Даліла, вядома, узяла да галавы. Выканае, маўляў, запавет…