“Гэта дзяўчынка… Яе нельга крыўдзіць, нельга адбіраць…” хуткі нярвовы шэпт над вухам. Твар Той-каго-нельга-крыўдзіць крывіцца: “Ён стласны, як Баба Юга!”
І галасы, галасы: “Навошта вы прыводзіце яго да нармальных дзяцей? Яны палохаюцца.”
“Мама, заечая губа – гэта таму, што я – зайчык?”
Генусь на ўсё жыцьцё ўсьвядоміў, што ён – вылюдак. Дарэмна яму даводзілі, што ў тры гады чалавек яшчэ мала што помніць.
Ён – памятаў. Нават тое, што гузікі на шэрай кофтачцы дзяўчынкі, якая яго спалохалася, былі ў выглядзе маленькіх пластмасавых машынак.
Ён рос сярод нармальных дзяцей. Маці ўпарта адмаўлялася ад нейкіх сьпецыяльных умоваў, школаў-інтэрнатаў — яе дзіця ня горш за іншых! Настаўнікі ставілі чацьвёркі там, дзе трэба было – тры… Цярпліва выслухоўвалі яго гугнявае мармытаньне (воўчае паднябеньне – у ім жыў яшчэ і воўк!) Часам ён зьдзіўляў нечаканымі думкамі – зусім як дарослы! Часам палохаў выбухамі нянавісьці. З яго баяліся сьмяяцца. Ён глядзеў цёмнымі вачыма, як зьверанё, скрозь чорныя пасмы валасоў, якія амаль закрывалі твар: настаўнікі не наважваліся змушаць яго коратка стрыгчы грыўку. Вядома, няшчаснае дзіця хоча прыкрыць сваё калецтва. Гардыня ня высьпела ў ім, але не зьявілася і прыніжанасьці. Толькі ільдзяная самота. Ён увесь унутры адчуваў сябе ільдзяным.
У шаснаццаць гадоў яму зрабілі аперацыю. Тонкі шнар на верхняй губе, трошкі асіметрыі ў рысах… Генусь стаў надзіва прывабным. Праз некалькі гадоў дзяўчаты будуць шаптаць яму на вуха, што ён падобны да галівудскага пірата Джоні Дэпа… “А што, калі ты завяжаш на валасы чырвоную бандану? Вось так… ну чаму – глупства? Чаму ты такі дзікі?”
А ён проста ведаў, што ён – вылюдак. Пачвара. І ўсё прыгожае не для яго.
У Інтэрнэце ня мела значэньня ягоная сапраўдная зьнешнасьць.
Ён стаў слынным хакерам, у Сеціве яго ведалі пад імем – толькі ня сьмейцеся! – Тэрмінатар. Мы, напрыклад, калі даведаліся — не ад яго, зразумела, – доўга сьмяяліся.
Дзяўчаты проста ліпнуць да Генуся – можа быць, кожная з іх падсьвядома хоча стаць Гердай, якая выратоўвае маленькага Кая.
Альбарутэнію Генусь знайшоў у Сеціве. Адразу было сьмешна — купка фанатыкаў перабрэхваецца на “мове”, хто з іх большы патрыёт… Вершы зьмяшчаюць дэпрэсіўныя. А потым адзін з тых дзівакоў, з разраду агрэсіўных, спытаў Генуся на чаце: “А хто ты сам ёсьць?” Генусь хацеў запосьціць ганарлівае — “грамадзянін сьвету”, але задумаўся… Лёс Альбарутэніі надзіва быў падобны да ягонага. Раптам ён уявіў сябе на дзіцячай пляцоўцы, на якую прыйшла яна, Альбарутэнія, а ён разам з іншымі гідзіцца падысьці — нягеглая, зацкаваная, “не пускайце яе гуляць з нармальнымі”…
Цяпер ён мадэратар папулярнага беларускамоўнага сайту.
Удзельнік трэці. Макс.
Маленькая дзіўная цацка, якую ён знайшоў на ніжняй паліцы чужой шафы, была прахалодная, на ёй блішчэлі белыя шарыкі, якія так прыемна намацваць языком. На маленькіх ланцужках віселі іншыя шарыкі – маленечкія, металёвыя, яны бразгалі пяшчотна-пяшчотна, быццам сьмяяліся феі. Як у мультфільме – у белых сукенках-званочках, вісяць у паветры проста перад тварам галоўнага героя, і сьмяюцца… І вось-вось падораць цуд… Магчыма, нават тут, у гэтым цёмным куце чужой кватэры, пад чужымі футрамі, што грувасьцяцца над галавой Макса, нібыта яліны зьвесілі стамлёныя пухнатыя лапы. Тут адчувалася бясьпека. Ніхто ня выцягне на сярэдзіну ярка асьветленага пакою, ня стане казытаць за жывот, за шчокі – “Уй, які халосанькі! Бутузік! Анёлачак!”, ня змусіць чытаць абрыдлы верш… Адзіны, які Макс мог расказваць без памылак – пра елачку, на якой вырасьлі залатыя шышкі. Лухта. Феі бываюць, а елак з залатымі шышкамі ён пакуль ня бачыў. Колькі шуму ад гэтых дарослых…
— Вось тут… Тут, на шафе, ляжала брошка. Яшчэ гадзіну назад ляжала.
— Мусік, ты, напэўна, яе пераклала.
— Мы зараз пашукаем, Марыя Вітальеўна. Яна, можа, звалілася, пакуль мы таньчылі.
— На ёй сапраўдныя перліны. І срэбра шмат. Праца дызайнерская…
— Мусік, ня псуй настрой гасьцям… Знойдзеш сваю цацку.
— І ўсё-ткі… Гадзіну таму я яе бачыла на месцы.
— Я зараз зазірну пад шафу, Марыя Вітальеўна… Хвілінку… Не, няма…
Макса знайшлі ў цёмным куце калідору пад чужымі футрамі.
— А ты што тут робіш? Што ў цябе ў роце? Дай… Ах, ты…
Вядома, ён не разумеў, чаму на яго абрынуўся гнеў, чаму ён стаў для маці і бацькі такім нядобрым.
— Не чапайце дзіця, яно ня ведае, што робіць…
Цёмная вуліца… Сьвятло ліхтароў у сьняжынках, нібыта яны раскрадаюць яго, імкнуцца аднесьці далей, у сьцюдзёную цемру – але не даносяць, губляюць, гаснуць…
— Ты разумееш, Марыя Вітальеўна можа вырашыць, што мы падгаварылі малога нягодніка сьцягнуць брошку…
— Глупства.
— У любым выпадку – калі дзіця можа ўзяць чужую каштоўнасьць, застаецца падазрэньне, што гэта з-за бацькоў… Што гэта гены… Ты зразумей, Марыя Вітальеўна — дырэктар нашай крамы, а я на касе сяджу, з грашыма працую... Першая наступная недастача – і падазрэньне на мяне… У-у, сволач маленькая! Злодзей расьце! У каго толькі?