Макс удаўся ні ў кога.
Чытаць навучыўся ў пяць гадоў. І кнігі сталі ягоным ратункам і ягонай сапраўднай сям’ёй. Макс хаваўся з чарговым томам на шафе, пад столом, на закінутай будоўлі побач з домам. Аднойчы ўзяў у бібліятэцы старую кнігу з незнаёмым прозьвішчам на вокладцы: “Караткевіч”. Чытаў усю ноч, з ліхтарыкам пад коўдрай. А нараніцу ведаў: у яго ёсьць радзіма.
Калі яго першы раз забралі за ўдзел у пікеце — баранілі старасьвецкі будынак, на месцы якога спланавалі чарговы бізнэсцэнтр, — бацькі нават не прыйшлі ў пастарунак.
На чацьвёртым курсе гістфаку Макс перавёўся на завочнае. З-за “крымінальных плямаў” армія па ім ня плакала. Да таго ж ён так і вырас “бутузам” — вялізным, паўнаватым і тонкаскурым, наіўныя блакітныя вочы, сьветлыя валасы трохі віюцца… Уладкаваўся ў архіў. Старыя супрацоўнікі яго любілі — надзея, прадаўжальнік… Макс жа адчуваў сябе злодзеем — ён выхопліваў з мінулага тое, што належала не яму, і за гэта плацілі. “Томб райдэр”, разумееш.
Рабаваць чужыя ўсыпальніцы, каб збудаваць сваю...
Ёсьць такая птушка ў тропіках, якая, каб прывабіць самку, будуе з травінак, каменьчыкаў, кветак, ягадаў дзівосныя палацы, выкладвае неверагоднай прыгажосьці арнамент… Чым мы лепшыя за тых птушак? Тым, што сьцьвярджаемся, разбураючы чужыя арнаменты?
Макс спадзяваўся хоць адзін аднавіць… Прынамсі, на сайце Генуся ў яго ёсьць свая рубрыка, дзе ён займаецца адначасова і гістарычным лікбезам, і выкладвае сенсацыйныя гіпотэзы наконт беларускай гісторыі. Дасьледуе беларускія радаводы. Пра свой раскапаў такое — не паверыце. Бацькі Максавы дык ня вераць. Кажуць — ілжэ. Якія там шляхецкія карані, сваяцтва з князямі?
Яшчэ ёсьць у яго хобі — цягаецца па беларускіх сядзібах, фатаграфуе руіны, урослыя ў зямлю помнікі… Мінулым летам зваліўся з дрэва, на якім шукаў лепшы ракурс, паламаў скабы — адна рабрына прабіла лёгкае. Ледзь дацягнуўся да шашы. Каб не міласэрны кіроўца машыны з нейкай птушкафабрыкі — ці быў бы Макс у нашай кампаніі? Вядома, марыць выдаць кніжку. І заваяваць каханьне Далілы.
Удзельнік чацьвёрты. Едрусь.
Сонца прасейвалася скрозь зялёныя парцьеры, зусім як скрозь лясныя шаты. Але тут не было водару ядлоўцу, грыбной цьвілі, сьпелых ягадаў… Толькі пах падгарэлых катлетаў.
— Я табе пакажу “тата”! Ня тата, а “папа”! Ну, паўтарай: “па-па”!
— Та-та!
Па вуснах стукае даланя. У роце солана.
— Чаго ты прычапілася да малечы. Няхай гаворыць, як хоча. У школе ўсё роўна перавучаць.
— У, калгасьнікі! — злосьць цяпер скіраваная ў іншы бок. — Гаварылі мне, што ня трэба выходзіць за дзеравенскага. А ўсё твая маці. “Падгадуецца ўнучак на сьвежым малачцы”… Вярнуўся — як чужы. І на дзень болей не пушчу!
— Ды сьціхні, “гарадская”… Паляндвіцу вунь сама трэскаеш, ня гідзішся, што з вёскі.
— А табе толькі прапіска патрэбная была, быццам я ня ведаю!
Трохгадовы Эдзік абдымае плюшавага кракадзіла, зялёнага, як мох на маладой яліне. Ён не разумее, чаму вакол — крык, чаму дарослыя сварацца. Але разумее, што гэта — ягоная віна.
Напэўна, ён вельмі важная персона, калі з-за яго такі моцны шум. Эдзік заплюшчвае вочы і пачынае ўяўляць, як ён ідзе па лясной дарозе, даланя бабулі — шурпатая, сухая, але цёплая. “Гэта ядловец, Едрусік… Калі ўзяць ягадку ядлоўцу ў рот і доўга смактаць — перастане балець горла… А вось гэты вялізны камень бачыш? Каля яго спачываў князь Палямон… Ішоў ён некалі са сваімі воямі па гэтай дарозе, дзе мы з табою ідзем, змарыўся, уторкнуў у зямлю меч — і патрапіў у земляную жылу. І выскачыў каменны пухір. Вось гэты валун. Бачыш, які круглы, беленькі… Нават мох на ім не расьце.”
— Навошта я з табой зьвязалася! Цямноцьце! Звыклі жыць у брудзе! І ў горад свой бруд цягнеце!
Бацькі разьвяліся. Эдзік рос у няпоўнай сям’і. З татам удавалася бачыцца зрэдку. Той вінавата адводзіў вочы, саромеючыся сваёй нягегласьці, чырвонага абветранага твару, старой кашулі, дарыў цацку, перадаваў прывітаньне ад бабулі. У бацькі зьявілася іншая сям’я ў райцэнтры. Эдзік нават бачыў аднойчы сваю зводную сястру — рудую таўставатую дзяўчынку са шчарбінай між верхнімі зубамі. Вядома, маці пра гэта знаёмства гаварыць было нельга. Яна ўладкоўвала Эдзіка ў музычную школу, у ізастудыю, на бальныя танцы. У яго былі касьцюмчыкі з гальштукамі-батэрфляямі, пулаверы з шатландскай воўны, пад якія апраналіся белыя адпрасаваныя кашулькі, самыя дыхтоўныя чаравікі, стрыжка “пад пажа”… І нянавісьць да ўсяго ўпарадкаванага, акуратненькага, фальшывага, як слова “папа”. З шостага класу маці пачала вадзіць яго па псіхолагах. Яму ставілі дыягназы “неадэкватныя паводзіны”, “павышаная эмацыйнасьць”, “агрэсіўнасьць”. Эдзік змрочна слухаў, як маці скардзіцца на ягоную дрэнную спадчыннасьць. Яна жыцьцё кладзе, каб сына вывесьці ў людзі, а сын не жадае прымаць нават методыку “разьдзельнага харчаваньня”. І ўвогуле, яна падазрае… ну, так, як ні прыкра… што Эдуард ужывае наркотыкі. Не, не знаходзіла. Але ён такі... дзіўны. Часам псіхолаг, які з прафесійнай цярплівасьцю слухаў адукаваную матулю ў вязаным капялюшыку і карункавай белай блузачцы, лавіў кінуты спадылба позірк “некіруемага” падлетка. І столькі недзіцячай іроніі было ў гэтым позірку, і столькі тугі, што рука доктара сама лезла ў шуфляду стала за новым стосам тэстаў…
Эдзік паступіў пасьля восьмага класу ў “хабзу” пры хлебзаводзе проста таму, што ня мог знайсьці менш рамантычнае месца. Нават працу ў моргу (была ў яго і такая думка) маці магла неяк вытлумачыць (Гамлет, чэрап Йорыка, дэкаданс, некрафілія)… А так — як сказаць сяброўкам, з якімі разам ходзіць у прыватны паэтычны салон ( такія ж капялюшыкі, блузачкі, Ах-Ахматава), што сын вучыцца на хлебапёка… Булачніка. Ганьба.
Тое, што ён граў у рок-гурце — ягоны сапраўдны занятак — было таксама па-за межамі ейнага эстэтычнага разуменьня.
Ён пілаваў на сола-гітары, і някепска. Бялявыя валасы зьвязаныя ў хвосьцік, тонкія цьвёрдыя вусны, велікаваты нос… ня тое каб гожы, але… Сінія вочы ня страцілі іроніі. Гралі гранж, апантана, зараблялі грошы, каб зьняць прыстойную “кропку” дзеля рэпетыцыі, паступова выпаўзаючы з падвалаў на клубныя сцэны.
Там, у рок-тусоўцы, здавалася б, такой далёкай ад лясной сьцяжыны, па якой хадзіў князь Палямон, Эдзік і спаткаўся з Альбарутэніяй. Ён пазнаў яе адразу — як пах ядлоўцу. І назаўсёды застаўся Едрусем.
У яго была гітара, магіла бабулі на вясковых могілках на Лагойшчыне і Альбарутэнія.
Гэтага досыць, каб быць самадастатковым — і чужым.
Калісьці ў яго здарыўся яшчэ кароткі, на два абзацы, раман з Далілай. Дакладней, Едрусь спрабаваў яго наладзіць з дзіўнай дзяўчынай, што пацягвала піва ў кутку арт-кавярні ў падазронай самоце. Яна відавочна ніколі не нацягнула б на сябе карункавую блузачку і не зацікавалася б “разьдзельным харчаваньнем па метадзе Поля Брэга”.
Замест рамана нечакана для абодвух выйшла сяброўства. Для нашае суполкі гэта проста файна.
Што яшчэ пра Едруся? Ад арміі “адкасіў” — скарысталіся ўсё-ткі былыя візіты да псіхолагаў. З хлебзаводу сышоў. Гандлюе газетамі. Грае на вясельлях. Жыве… Шмат дзе жыве. Абы ня ў маці.