Але сьмерць кожнаму прапаноўвае сваю галінку.
І кожны сам выбірае, ці гуляць яму са сьмерцю…
Чаму дасюль вінавацяць ангельскага мастака-дэкадэнта Обры Бердсьлея ў распусьце? Ён быў прававерны каталік… Але хварэў з васьмі гадоў на сухоты. Кажуць, хворы на сухоты ў пэўны момант свае хваробы перажывае павышаную сэксуальнасьць.
Багдановіч, таксама хворы на сухоты, пакінуў дзёньнік, дакладней, некалькі алоўкавых запісаў на аркушах паперы пра адносіны з замужняй жанчынай Клавай. Бердсьлей, які ненадоўга перажыў Багдановіча, маляваў падоўжаныя, як у блёкаце, белыя жаночыя целы з чорнымі кветкамі граху.
Перад сьмерцю пакаяўся. Папрасіў спаліць грахоўныя малюнкі, асабліва ілюстрацыі да “Лісістраты” — неверагодна вялізныя напружаныя чэлесы, белыя жаночыя сьцёгны, як узьбітыя вяршкі…
Менавіта хвароба спараджае падвышаную пачуцьцёвасьць ды эмацыйнасьць. Здаровы, па-прыроднаму здаровы чалавек ураўнаважаны і ня стане засільвацца з-за таго, што самка адмовіла яму ў спарваньні альбо чужая бабулька папрасіла сьпілаваць галінку ігрушы коштам у некалькі гадоў твайго жыцьця.
Але ніхто з нас ураўнаважаным ад пачатку ня быў.
Першым Туды пайшоў Едрусь.
Мой Едрусь. Худы бялявы рокер з блакітнымі вачыма, няспраўджаны млынар…
…Чалавек, на якога глядзіць Едрусь, крануў пяром аркуш. Маленькая кропачка атраманту… Быццам першая ракавая клетка. З яе можа вырасьці літара, потым — метастазы словаў… сказаў… Сьмяротная пухліна.
“Я, Павал Глебавіч Налецкі, 15 красавіка быў запрошаны на невялікі банкет у дом прафесара гісторыі Люцыяна Нічыпаровіча з нагоды дня народзінаў гаспадара. Паколькі я працую з прафесарам у адной установе (Бел. універсітэт), і паколькі я ведаў, што сярод гасьцей будуць комуністы і комсамольцы, я вырашыў пайсьці. Хаця да мяне даходзілі чуткі, што прафесар Нічыпаровіч яшчэ не да канца пераадолеў у сабе буржуазна-ліберальныя ўхілы…”
Пяро затрымалася… Павал Глебавіч асьцярожна паклаў яго. Нібыта яно магло выстраліць… Па вялікім рахунку, можа. Налецкі незаўважна для сябе пачаў разважаць услых. Не, не, гэта невыносна… За што такое на старасьці гадоў… Калі яго змусілі напісаць “адчот” пра тую злашчасную вечарынку ў педтэхнікуме, ён жа не напісаў нічога кепскага... Выбіраў кожнае слова… Але як, як ён мог не згадаць пра выбрык гэтага ненармальнага шляхцюка з Камароўкі Апіевіча! Гарлаць пры сьведках пра тое, што няшчасную Беларусь падзялілі між Усходам і Захадам, і топчуцца, і разрываюць яе жывое цела…
Дваццаць гадоў таму і сам Налецкі мог кінуць падобнае ў твар нават жандарам… Тады ён ня быў баязьліўцам. А цяпер… Ён жа вымушаны… У яго жонка… Дачка… Не за гарэлы блін душу аддаць… Ня ён — дык іншыя напішуць. Ды што крывіць? Колькі пер’яў рыпяць у гэты ж самы час, апісваючы застольле ў Нічыпаровіча! І, напэўна, тыя, што старанна выводзяць літару за літарай, не вярэдзяцца, яшчэ й перакананыя, што робяць добрую справу… Асабліва – той, чарнявы мярзотнік Валяр’ян Скаловіч, што сядзеў за сталом насупраць. Нездарма ж сябруе з галоўным катам горада, Касіянавым. Налецкі сам бачыў, як ехалі яны разам у шыкоўным чорным “Фордзе”. Дзіва што – хто з такім тыпам, як Скаловіч, будзе яшчэ сябраваць? Скура белая, быццам з сутарэньняў ніколі на сонца не выпаўзаў. Неахайныя цёмныя валасы, нібыта ніколі не прычэсваецца. І гэта на пятым дзясятку, прафесар! Вочы зьедлівыя, нос вялікі, кручком. Але зьнешнасьць нічога ў параўнаньні з характарам. Кажан. Не зразумела, чаму Нічыпаровіч яго так любіць. Глядзіць — нібыта бацька на хворага сына. Не адымеш, Скаловіч — геній у хіміі. Каб хацеў — даўно апынуўся б зноў у якой Сарбоне… Грахі не пушчаюць, ці што? Успомніць толькі гісторыі з закаханымі студэнткамі… Што яны знаходзілі ў гэтым мярзотніку? Ён жа ўсьміхацца нармальна ня ўмее. Выгляд, нібыта з жанчынай ні разу ў жыцьці не цалаваўся.
Так, гэты ня будзе вагацца — даносіць або не. Кажуць, нават студэнтаў сваіх не шкадуе, пасылае на перавыхаваньне ў ГПУ.
Ён, Налецкі, ніколі ня будзе перакананы ў тым, што данос можа быць добрай справай.
Апіевіч павесіўся б усё роўна — пісаў пра яго, не пісаў… Акрамя таго — ён жа, у адрозьненьне ад некаторых, не падлюга.
…Ён — узважвае — кожнае — слова.
З фотаздымкаў у зялёных рамках на гаспадара пакоя глядзелі добрыя ўсьмешлівыя вочы. Зьезд славістаў… Гадавіна вясельля з Ганнай… Дачка — на лецішчы ў Ліфляндыі, у матросцы, на трохколавым роварчыку…
Пяро ізноў кранула паперу, нейкім рыўком, нібыта ўпілося ў яе сваёй жалезнай дзюбай.
“Акрамя мяне, сярод гасьцей знаходзіліся загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ Валяр’ян Скаловіч, выкладчык педтэхнікума літаратуразнаўца Пятро Замоцкі, паэт Зьмітрок Кадура і яшчэ два чалавекі, якіх я асабіста ня ведаю. Аднаго звалі Андрэем, другога Антонам. Апошні быў у суправаджэньні жонкі. Яе імя я не запомніў.”
Запомніў, яшчэ як запомніў! Антаніна. Антон і Антаніна… Абодва студэнты. Ён — вучань Нічыпаровіча, будучы філолаг, камсорг універсітэту, яна — хімік. Прыгожыя, маладыя… Асабліва адметныя ў яе вочы: зялёныя, як смарагд, і з разрэзам, быццам у Неферціці…. Як Антаніна пагардліва зірнула на яго, Паўла Налецкага, старога, сьсівелага навукоўца з сусьветным імем, калі ён сказаў, што ня варта трымацца за старыя ілюзіі, хіба мала — сумленна працаваць, рабіць сваю справу. Каб захаваць хоць нешта для нашчадкаў, для тых, хто захоча адкапаць гэтую Трою, засыпаную палітычнымі пяскамі…
Пра тое, што яна яму сказала, ён не напіша.
“Беларусь разадралі напалам, вынішчаюць яе лепшых сыноў, дасылаюць кіраваць ёю чужынцаў… Катаў з іншых краёў, малаадукаваных, без сумленьня, без чалавечнасьці. Але Беларусь моцная. Яна не памрэ. А вось дзеля яе варта памерці”.
Застаецца спадзявацца, што Скаловіч тых словаў ня чуў. Вось ужо ад гэтай студэнткі любоўных цыдулак мярзотнік не дачакаецца.
Налецкі і сам калісьці думаў, як Антаніна. А цяпер… Хто ён цяпер? Ён усё яшчэ верыць, што можна збалансаваць паміж подласьцю і сумленнасьцю?
Можа быць, варта выкрасьліць сказ пра буржуазна-ліберальныя ўхілы? Але ж пра гэта пісалі ў “Звязьдзе”… Не было б Рымшы — дык быў бы чорт іншы… Калі не напісаць — атрымаецца, што ён замоўчвае, альбо — барані Божа! — падзяляе погляды Нічыпаровіча…
Насамрэч, вядома, падзяляе. Нічыпаровіч — ня тое каб душэўны сябра, але калега самы паважаны, высакародны па-старасьвецку, да наіўнасьці…
“Мы пілі віно партвейн, а яшчэ гарэлку, якую прынёс паэт Зьмітрок Кадура. Я выпіў таксама, таму мала памятаю, што гаварылі за сталом. Размова насіла бытавы характар. Памятаю, што Кадура чытаў свой верш, у якім давалася апісаньне буры. Магчыма, тут быў нейкі палітычны намёк, але, паколькі я быў п’яны, я гэтага дакладна не зразумеў”.
Чалавек кладзе пяро на стол і выцірае дрыжачай рукой спацелы лоб. Але, здаецца, пакуль нічога кепскага не напісана. Зараз жа гнюсны, ненавісны страх сьціснуў сэрца. Вось гэта і не спадабаецца! Яны адразу ж вырашаць, што ён ілжэ, ня хоча супрацоўнічаць па-сапраўднаму! А тады… Ён ужо пабываў у іх кабінетах і іхніх сутарэньнях. Смак крыві ў роце, кроў, якая цячэ з носу проста ў глотку, так, што захлынаешся… Перхаеш крывёй… Ходзіш у прыбіральню крывёй… Не, болей — ніколі! Урэшце, ня ён — іншыя ўжо даклалі… Успомні пра Скаловіча!
Пяро нібыта само скочыла ў зьнямелыя пальцы.