“Прафесар Нічыпаровіч вельмі хваліў верш Кадуры і сказаў, што беларусы — таленавіты народ, толькі, як гаворыцца ў казцы, начальства Бог заўсёды пасылае яму самае паганае”.
Павал Глебавіч схамянуўся і пераправіў літару “Б” у слове “Бог” на малую.
“Я не адобрыў слоў прафесара, нагадаўшы, што зараз нарэшце ўлада належыць народу. На гэта прафесар адказаў, што гэта вялікі зман, і на зьмену старым дыктатарам прыходзяць новыя, толькі менш пісьменныя, якім непатрэбная беларуская культура, да таго ж многія прыехалі з іншых краёў”.
Пяро на хвілю затрымалася. Што далей? Расьпісваць, як абурылі яго, даносчыка, словы прафесара? Няшчасны Нічыпаровіч… Але ж павінен быў гэты стары ідэаліст разумець, што сам наклікае сваю сьмерць! А Кадура… Ды ён жа правакатар! Як гэта раней не зразумелі! Вядома, ходзіць, гарлае, чытае вершы! Вось і на зборышчы ў Нічыпаровіча, гледзячы ў прыгожыя вочы Антаніны, прачытаў верш Янкі Купалы, да якога цягаецца, як галодны зяць да цешчы на аладкі:
Вар’ят… Правакатар… Але такі малады. Ён столькі мог бы стварыць… І яго кроў ляжа на гэтыя рукі…
Рукі сялянскага сына з Рэчыцкага павету, за здольнасьці вывучанага вясковым дзячком ды пасланага на грошы апякунства ў магілёўскую семінарыю…
Налецкі перагортвае ў памяці старонкі свайго жыцьця, нібыта рыхтуецца не забіць, а памерці.
З семінарыі, аднак, пайшоў не ў сьвятары. Пакуль жыў, здымаючы на мізэрную дабрачынную стыпендыю катух у мясцовага краўца, знайшоў у шафе Біблію на іўрыце, што належала яшчэ прадзеду гаспадара. І, ад цікаўнасьці і самоты, вывучыў па ёй, успамінаючы некалькі семінарскіх урокаў па старажытнагабрэйскім, іўрыт… Гэта была шостая мова, якой авалодаў веткаўскі “вундэр-кіндэр” — пасьля польскай, рускай, нямецкай, лаціны і грэчаскай. Беларуская ў гэты пералік, зразумела, не ўваходзіла… Што за мова? Грубая мужыцкая гаворка! Ад якой належала як мага хутчэй пазбавіцца, каб не выклікаць насьмешак адукаваных людзей.
Магілёўскія габрэі прыходзілі паглядзець на дзіва: шаснаццацігадовы беларускі хлопец вольна чытае Тору! Як можна даць такому таленту згінуць у глухой правінцыі імперыі? Скінуліся — хто колькі мог, ды яшчэ дадало грошай мясцовае таварыства прыгожай славеснасьці…І Пятрок апынуўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце на аддзяленьні ўсходніх моваў. І ўжо славутым маладым вучоным, аўтарам трох манаграфіяў, дзясяткаў артыкулаў, мужам прыгажуні з сям’і піцерскага архітэктара змушаны быў наведаць родную вёсачку, загубленую між палескіх балатоў. Ехаў, каб атрымаць дазвол “обчества”, да якога па законе быў прыпісаны, як селянін, на “открепление” — каб мець магчымасьць працаваць настаўнікам… “Обчество” належала паіць, карміць дні тры, як на вясельлі, улагоджваць, каб далі грамадою згоду. А сусед-апівоха ўсё куражыўся над “вучоным”: “А вось не адпусьцім цябе! У паны захацеў! Заставайся з намі гной варочаць!”
Адпусьцілі… Потым была вялікая праца. Міжнародныя канферэнцыі, лекцыі, дыскусіі, змаганьне з цэнзурай. Адкрыцьцё Беларусі і яе мовы. Гістарычныя крыніцы, якіх дагэтуль упарта не заўважалі. Зборнік народных казак, за які яго маглі адны — спаліць на вогнішчы, як блюзьнера і сакрушальніка “устоев”, а другія — ушанаваць вечнай павагай і ўдзячнасьцю…
Не спалілі. Не ўшанавалі. Лаўравы вянок, як і цярновы, даецца толькі абранцам. А ён у душы так і застаўся звычайным сялянскім сынам — абачлівым, няўпэўненым у тым, што заўтра ня выгарыць ягоная ніва, не адбяруць ліхія паны апошнюю худобу... З пакрыёмым, агідным самому жаданьнем цалаваць у ручку таго, хто можа паслаць на стайню… Пасьля, можа, выйдзе мужык з панскіх пакояў ды сплюне, ці выдзера з плоту калаціну на панскую сьпіну… Але пакуль трэба бараніць сябе ды свой надзел, чаму б не схіліцца… Ён ненавідзеў у сабе гэта сялянскае, халопскае, у маладосьці, здаралася, трымаўся сярод сьвецкіх, бліскучых знарочыста годна, часам нават задзёрзка… Потым, калі зьявіўся дасканалы касьцюм, пенснэ, партфель з ангельскай скуры — гэта сталася залішнім. Інтэлігент да апошняй валасіны.
Рэвалюцыя гукнула голасам колішняга суседа: “Бач, панам зрабіўся! А да обчаства вяртайся, у гной!”
Было невыносна цяжка… Але з крыві і гразі паўстала Беларусь. Тое, пра што ня марылася ў самых сьмелых мроях. Такія ж сялянскія сыны задумалі стварэньне акадэміі і універсітэту — у якіх гаварылася б на мове тутэйшага люду. Ён прыняў запрашэньне, не разважаючы.
А потым…. А потым былі гады волі і веры, якія паступова зьмяніліся на адчуваньне, што сядзіш у палонцы, вада ў якой паволі замярзае, ператвараецца ў лёд, і вось-вось абхопіць цябе цьвёрдымі халоднымі абцугамі, і згасіць апошнюю жарынку жыцьця… Маленькія саступкі новай уладзе — добра, я звольню гэтага асістэнта… Галоўнае — не чапайце кафедру. Добра, мы аб’яднаем нашы кафедры… Але дайце магчымасьць выкладаць надалей. Добра, я ня буду называць у лекцыі тыя імёны — пакіньце гэтыя… Яны таксама вартыя. Добра, далучу да шэрагу вартых прозьвішча аднаго патрэбнага і важнага пустазвона… Ну хаця б у такім выглядзе гэта надрукуецца?
Ён падпісваў паперы, згаджаўся — вядома, з агаворкамі, з адваёвамі нечага ўзамен на нешта… Але ад душы адкусвалі кавалачак за кавалкам, і яна сьцякала сумленьнем… Першым ня вытрымала не душа — сэрца.
Павал Глебавіч устае… Пяро падае на стол з цёмнага дрэва, кроплі атраманту на пашарпанай паверхні амаль ня бачныя. Як кроў на крыві. За што? Як жыць далей з гэтым на душы? Дрыжачая рука імкнецца скамечыць ліст… Боль, які перапаўняе сэрца, раптам выплюхваецца, ахоплівае ўсё цела… Налецкаму здаецца, што над ім нахілілася тая амаль незнаёмая дзяўчына Антаніна, чужая жонка, і шэпча: “Так будзе лепей…”
Едрусь, задыхаючыся, глядзеў на чалавека, які ўпаў на падлогу. Які боль… Нібыта спыняецца сэрца. Але ж увесь гэты час госьця з будучыні як бы тут не было — не варухнуцца, не ўмяшацца ў падзеі. Блёкат? Сон? Але ж госьць сачыў, як гаспадар пісаў свой “адчот”, запомніў кожнае слова… І пры гэтым — не адчуваў уласнага цела. Ён што, таксама памёр? Едрусь амаль у жаху паспрабаваў варухнуцца. Дзякуй Богу, цяпер можа рухацца. Правёў рукой па твары... Хістаючыся, нахіліўся над гаспадаром… Павал Глебавіч Налецкі глядзеў у столь шырока адкрытымі, нібыта зьдзіўленымі, вачыма, у кутках якіх блішчэлі сьлёзы. Рокер асьцярожна дакрануўся да рукі гаспадара… Адчуваньне — нібыта спрабуеш нешта ўхапіць пад хуткай плыньню… Пульса няма. Можа, трэба зрабіць нейкі масаж сэрца?
Але Сьмерць паставіла тут ужо сваё кляйно. Едрусь нібыта адчуваў яе нялюдскі, цяжкі гнеў на недазволенага сьведку ейнай працы.
Трэба адсюль сыходзіць…
Перад тым, як выйсьці з пакою, упрыгожанага пажаўцелымі фотаздымкамі ў зялёных рамках, госьць скамечыў і сунуў у кішэню сьпісаную няроўным старэчым почыркам паперу.
Вядома, першы раз Едрусь не пасьпеў нічога толкам ні разгледзець, ні паспрабаваць зьмяніць — гэта пасьля мы адзін за адным пачнем тузаць за ніты ня намі сатканага сувою.
Наш рокер цьмяна памятаў, што было потым. Ішоў праз нейкія дзьверы, спускаўся па лесьвіцы… Нібыта бачыў іншых людзей. Ці бачылі яны яго? Ніхто не загаварыў, не спрабаваў затрымаць. Так, выйшаў і на вуліцу. Шэрае неба, як мёртвае вока. Менск… Але непазнавальны. Драўляныя дамы, незнаёмая цэркаўка за імі — як сьветлы анёл за сьпінамі сагнутых старэчаў, што рыхтуюцца ў апошні шлях. Што яшчэ? Прысмак медзі ў роце. Такі бывае, калі прыкладзешся да старога крыжа. Незвычайная лёгкасьць — і туга ад усьведамленьня, што гэты сьвет толькі цень.
Едрусь не шукаў шляху назад — дый у тым сваім стане і ня мог бы знайсьці. Дзе тыя могілкі, дом Разаліі, злашчасная ігруша? Яго проста нейкая неадольная сіла выціснула назад, бы кроплю алею з халоднай вады.
У кішэні Едруся, які вываліўся проста са сьцяны на драўляную падлогу дома Разаліі, хапаючы паветра ротам, быццам выцягнутая з вады рыбіна, ніякай паперкі не засталося. Але й у сакрэтных архіўных тэчках даносу Налецкага Макс не знайшоў. Хаця праверыў, як мог, па архівах, а Генусь па Сеціве “прабіў”. Высьветлілася, амаль усе, хто названы ў незакончаным даносе, былі неўзабаве пасьля “банкету” арыштаваныя і асуджаныя. Скаловіч, аднак, праз паўгода адпушчаны. Выслужыўся, зразумела. Шкада, у энцыклапедыях не прынята дадаваць да навуковых званьняў слова “даносчык”. Значылася толькі: “Нарадзіўся ў 1890 г. у г. Менску. З сям’і артыстаў. У 1911 г. скончыў хімічнае аддзяленьне фізіка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага універсітэту, у 1913-м – Вышэйшыя педагагічныя курсы (аддзяленьне фізікі, матэматыкі і касмаграфіі), абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1913-1923 г. працаваў у Сарбонскім універсітэце. У 1923-1933-м прафесар і загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ, дэкан хімічнага ф-ту (з 1931). Неаднаразова арыштоўваўся органамі НКУС. У 1934-м абвінавачаны ў “шпіёнска-дыверсійнай дзейнасьці” і асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Час і месца сьмерці невядомыя.”
Яшчэ былі сьпіс навуковых працаў ды падрабязнасьці ўкладу ў разьвіцьцё каардынацыйнай хіміі і нейкіх там пераксідных злучэньняў.
Тады ўдзельнікам Гульні здавалася, што калі яны сутыкаюцца з кімсьці па той бок сьцяны, гэта выпадковасьць. Наіўныя!
І яшчэ вырашылі: хаця папера са стала прафесара ў нашым часе не зьявілася, але ж і ў тым, здаецца, не засталася. Значыць, можна нешта зьмяніць! І варта спрабаваць! Усе гэтыя сантыменты пра матыля на дарозе — тыпу, раздушыш у іншым часе, а ў тваім настане апакаліпсіс, — лухта. Гэта ня крылы матыля — гэта млын. Пачварна цяжкія каменныя жорны — кшталту тых, на якіх волат Мянеск перамолваў валуны на месцы будучага гораду свайго імя. Усё замесіцца з аднаго цеста, усё пройдзе праз адну печ… А ці памятае той, хто спажывае хлеб, імя кожнага зерня?
Гульня №2
Другім Туды пайшоў Макс.
Вядома, сам напрасіўся: аж рукі трэсьліся, як у скнары над халяўным гаршчком з дынарамі. Гістарычныя сенсацыі! Вернутыя імёны і рукапісы! Разгадка таямніцаў! Усё пралічыў: і карту тагачаснага Менску вывучыў, і старыя фотаздымкі, і падзеі… Адкрыты тэатр оперы і балета, архітэктар Лангбард хапаецца за сэрца, бо замест падабенства антычнага тэатру — з каланадай, скульптурамі і трыма ярусамі — дзьве шэрыя “бляшанкі”, пастаўленыя адна на адну… Не хапіла сродкаў, дый не Афіны тут, спадар. Затое Дом ураду паўстаў, як мае быць… І помнік Леніну перад ім. Менскі аэрапорт адкрыўся – з першым і адзіным самалётам К-5. Маршрут — вядома, які… На Маскву. У трамвайным парку – 43 трамваі… А яшчэ — забаронены царкоўны перазвон, і ў Екацярынінскай царкве захоўваюцца селядцы. Надпіс на фасадзе “Дом мой домам малітвы нарачэцца” замазваюць фарбай, а ён ізноў праступае. У турме памёр ад тыфу менскі япіскап Мікалай. Уведзеная “наркомаўка” – плаўнае, сьпеўнае, натуральнае гучаньне мовы скасаванае, беларускі правапіс павінен быць як мага больш набліжаны да расейскага… Каб пасьля мовам лягчэй было зьліцца. У камуністычным, так бы мовіць, экстазе, на імперыялістычных прасьцінах. А яшчэ — лютаўскі хапун па справе “Беларускай народнай грамады” і паралельна арышт татарскай інтэлігенцыі. У красавіку — арышты па справе “контррэвалюцыйнай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі ў жывёлагадоўчай галіне БССР”. У жніўні — па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”… У кастрычніку “вылазкай кантрэвалюцыйнай агентуры беларускага кулачаства і буржуазіі” на ўсебеларускай нарадзе па драматургіі названы п’есы Янкі Купалы, Васіля Шашалевіча, Міколы Грамыкі ды іншых — дзе хоць трохі жыла Беларусь. Крэацівілі чыноўнічкі, каб не прастойваць, фантазія працавала. Маладыя паэты напханыя ў “амерыканку”, камеру ў двары дыхтоўнага будынку НКВД… Катаваньняў нібыта яшчэ няма. Афіцыйна яны зьявяцца потым, у 1937-м… Але насамрэч метады тыя самыя. Толькі ў вязьняў ёсьць яшчэ рэальны шанец на жыцьцё.