Сядзіць са мной, а душа недзе лунае...
З кім, па-твойму?
Са студэнткай!
Убіла сабе ў галаву, столькі разоў ужо дапікала Вольгай, што мяне нарэшце гэта раззлавала:
Што ты заладзіла — адно і адно! Ідзі да д'ябла са сваёй студэнткай!
Не буду, Янэчку! — пачала яна лашчыцца.— Толькі не сярдуй. Ты — адзіны чалавек, з якім мне так хораша!
Мне зрабілася яе шкада, я размяк і зноў забыў пра сваю тугу, пра ўсё на свеце.
Назаўтра Дануся з'явілася з кавалачкам аптэкарскага пластыру на шчацэ.
Вязальнай спіцай укалолася,— паясніла яна.
Лапінка адстала, і я заўважыў кропку, выпечаную ляпісам.
Не глядзі!— пачырванела яна і прыціснула пальцам пластыр.
Мяне гэта кранула. Зноў зрабілася яе шкада. Агарнула такое жаданне схапіць паненку на рукі і пацалаваць, што гэта нават яна адчула. Хутка закрыла падручнік і насцярожылася. Ад чыстых і спалоханых яе вачэй я сумеўся. Толькі нязграбна ўзяў яе касу і, як у нас на вёсцы хлопцы з-за самалюбства прыкрываюць сваю чуллі-васць грубасцю, праказаў:
Эк, хвост... Бабскія фокусы...
Дануся пакрыўдзілася, адабрала касу і закінула на плячо.
Наогул я часта заўважаў, што грубыя і часамі дурныя мае вы-хадкі надта яе абражаюць, але дзяўчыну цягнула да мяне нейкая сіла, якой паненка, відаць, не магла даць рады. I Дануся з яшчэ большым імкненнем спяшалася на спатканне ды старалася дагадзіць мне.
Так здарылася і на гэты раз. У паступны дзень яна прыйшла ў хусцінцы і спыталася:
Нічога не заўважаеш?!. Не?!.
Абсалютна! — здзівіўся я.— А што?
Тады пачакай тут, а я зайду на гару першая.
У гэты дзень я наогул мала бачыў з таго, што рабілася навокал. Калі я ўзабраўся на гару, Дануся была ўжо без хусцінкі.
Ну, а цяпер? — спыталася яна зноў.
Нібы іншай канфігурацыі твар?.. Не, мабыць, мне так здаецца.
А ў чым справа, вытлумач!..
Па-твойму, сёння я такая самая, якая была ўчора? Толькі цяпер я спахапіўся, што ў яе не было кос. Валасы Данусі былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія ці карэйскія дзяўчаты.
Я іх спецыяльна... Яны табе не падабаліся...
Выдумала нешта!..— адвярнуўся я, нездаволены. Яна пакрыўдзілася зноў. Крыўда была ціхая, бяссільная. Дануся пайшла на край гары, села, апусціла галаву і заплакала.
Слёзка мая...— вырвалася ў мяне, калі я яе прытуліў да грудзей.
Дануся захлябнулася ад шчасця:
Як ты сказаў? Скажы яшчэ раз!
Я паўтарыў.