Я лёгка перасіліў супраціўленне паненкі, абняў і стаў вуснамі шукаць яе вусны. Дануся вырывалася, і я пацалаваў яе паспешліва і так нязграбна, што сваімі зубамі стукнуўся аб яе зубы.
Як ты смееш! — кінула яна з абурэннем і вырвалася.
У параўпанні са мной у яе было сілы якраз столькі, як у кураняці. Але гэтая слабасць мяне і раззброіла. Я стаяў вінаваты, часта дыхаў і дурнавата ўсміхаўся.
— Што, адно табе можна цалавацца? — пераводзіў я ўсё ў жарт, адчуваючы, што гавару не тое, што трэба.
У здзіўленых і пакрыўджаных вачах Данусі было нямое пытанне.
Дурань! Давёў сябе да таго, што пацалунак зрабіўся самамэтай. I цалавацца ў тую хвіліну мне зусім не хацелася, рабіў усё з упартасці.
Ад дотыку да яе вільготпых вуснаў я не толькі не адчуў прыемнасці, але быў нават расчараваны — і гэта ўвесь смак ад таго самага таінства, пра якое столькі гавораць і пішуць у кніжках?
Усё гэта мяне адразу апрытомніла.
Пакрыўджаная Дануся з абурэннем папраўляла валасы і вопратку.
Грубіян! — кінула яна зноў, і яе голас задрыжаў ад плачу.
Ну! Бо з вёскі!..— разжалабіў я сябе, добра разумеючы, што гавару не тое.
Каб супакоіцца, я назбіраў каменьчыкаў і са злосцю пачаў шпурляць іх з гары. Калі адвярнуўся, ля мяне ўжо нікога не было.
«Пайшла? То ідзі сабе! Патрэбна мне такая генеральша, падумаеш!..»
Раззлаваны і ўстрывожаны, пазаглядаў я сюды-туды і пачаў спускацца з гары.
11
Аднак Дануся мне ўсё даравала. У наступны дзень нават прызналася, што яе ўжо цалаваў адзін чалавек. У прызнанні было столькі шчырай даверлівасці, што вестка зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай.
Вось прыкладна тады і наступіў момант, ад якога пачаліся нашыя непаразуменні.
Паміма маёй выхадкі Данусі імпанавалі мой рост і сіла, таму я стараўся іх падкрэсліць. Каб здавацца яшчэ вышэйшым, станавіўся на высокія месцы, хваліўся сваім наганам... Паспешліва выстаўляў напаказ усе якасці, бытта баяўся, што потым будзе позна.
Лёнгінус! — пяшчотна пазвала мяне Данка імем героя рамана Сянкевіча «Агнём і мячом».— О-ей, які ж у цябе дужы карак! Я недзе чытала, што гэта — прыкмета ўпартасці!
Упартасці ў мяне хапае, магу табе пазычыць!
Дануся хвіліну памаўчала і ні з таго ні з сяго спыталася:
Янэк, Адам Міцкевіч меў рост сто семдзесят восем саптыметраў. Гэта мала ці многа? Хто з вас большы?
Я паказаў далонню: паэт быў мне якраз па вусны. Пытанне было не выпадковае.
У кожнай яе кніжцы ляжалі рэпрадукцыі нейкай белакурай паненкі, імі Дануся закладвала старонкі. Часамі ад няма чаго рабіць яна разглядала іх і ўздыхала.
Хто гэта? — пацікавіўся я.
Мой ідэал жанчыны — Марыля Верашчака.— I Дануся зрабілася сумная і задуменная.
Нічога не падазраючы, я пытаўся далей:
Чым жа яна так праславілася, што прадаюць яе фота?
Марыля кахала Міцкевіча, але пайшла на самаахвярны ўчынак. Каб зрабіць бацькам прыемнасць, выйшла замуж за нялюбага магната Путкамера...
Па тым, як вінавата Дануся апусціла вочы, я раптам зразумеў, для чаго яна гэта гаворыць, і пахаладзеў.