Ты яшчэ ніколі не бачыў?! — здзівілася паненка, калі мы крочылі палявой дарогай.
Дзе ж я мог бачыць?!
Слухай тады. Пад'язджаем да Трыеста, і мамуся кажа: «Гля-дзі, мора!» Зірнула я праз акно — ніякага мора! Толькі чамусьці па небе плавае бервяно, а над небам высяцца спічастыя хмары. Калі добра прыгледзелася, ажно гэта не хмары, а — горы са снегам і ніякае не неба, а вада, і па ёй плавае не бервяно, а — лодка з чалавекам!
Яшчэ мінулай восенню, калі не знаходзіў сабе месца ў Вільні, я аблюбаваў за горадам азярко. Цяпер прывёў да яго Данусю.
У апошнія дні моцна прыпякала сонца, азярко высахла і нагадвала вялікую лужыну, якая густа зарасла травамі, трысцём і аерам. Дануся падбегла да берага і анямела.
Дзіва! Чым тут захапляцца? Усё звычайнае, як ля маёй вёскі.
Пахнуў разапрэлы сітнік, і над ім трашчалі крыльцамі з сухога цэлафану конікі. На супрацьлеглым баку азярка пад кустом спаў пастух. Яго каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Здавалася, прырода — нібы гэтыя каровы — растлусцела, аблянілася, млее ад раскошы і ні аб чым не хоча ведаць. Успомніліся доўгія нудныя дні, калі я з торбачкай цераз плячо гэтак цэлыя дні, тыдні, месяцы праводзіў са статкам, кожны раз не могучы дачакацца, калі настане той вечар.
А чаго яны забраліся ў ваду, Янэк? — спыталася Дануся.
Каб малако не скісла ў вымі.
— А-а...— прыняла мой жарт за праўду. Божа, да чаго ж яшчэ дзіця.
А хвастамі чаму махаюць, сказаць?
?..
Хвасты ў іх для таго, для чаго пані Бацянскай служыць веер на балу. А смятана адкуль бярэцца, ведаеш? У каровы з вымені зві-саюць унь, бачыш, чатыры такія штучкі з кранікамі. Адзін адкруціш — сырадой пацячэ, другі — смятана, трэці — масла стане капаць...
Толькі цяпер яна зразумела, што я жартую, і мы абодва зарагатаді. Гэтым часам яе настрой перадаўся ўжо і мне. Я ўжо паглядзеў на прыроду ігрыва, рамантычна, як у дзяцінстве.
Кум! Кум! — тужліва паскардзілася жаба.
Кум-кума, дай палатна! Нашто табе? Дзяцей хрысціць! — падхапіў я.
Каля нас у аеры нешта пакешкалася, пакешкалася, а потым плюхнула ў ваду, а плынь нібы ціха ўздыхнула і аж зморшчылася коламі.
О-ей! — уздрыганула паненка.
— Не бойся, усяго толькі жаба! Думае, што нас ашукала і мы ўжо яе не бачым. Во, глядзі, ляжыць, хітруня, на дне з вылупленымі вачыскамі...
Ага, бачу!
— Няхай ёй здаецца, што мы дурні! Пакінем яе ў спакоі... Лепш паслухай, што робіцца ў кустах!
А ў прыдарожным алешніку, зашыўшыся ад спякоты ў лісце, заліваўся салавей.
Цёх, цёх, цёх! Пабёг, пабёг, пабёг! Па пятах, па пятах, па пятах! Кі-ям, кі-ям, кі-ям! Ф-іі-і! — пачаў я птушку дражніць.
Дануся рассмяялася.
Я ведаю ўсе іхнія дванаццаць кален!.. Во курскага пачуць бы, тыя спяваюць на пятнаццаць!..
Абудзіўся пастух, павыганяў з вады жывёлу, і яна стала пасвіцца. Паміж кароў важна пахаджвалі буслы.
А чаго яны разам?..
Каровы выганяюць з травы жаб, а буслы іх ловяць, прыглядзіся!
Узаемная дапамога?!. Якая гармонія, якая прыгажосць, якое неба!..
А ты яшчэ ездзіш за граніцу шукаць хараства! Што тваё мора, што чужая Швейцарыя, паглядзі на свой край як след!