Нельга не ганарыцца тым, што пасля доўгіх гадоў русіфікацыі (ці, як у нас, паланізацыі) ёсць людзі, якія ў розных галінах жыцця і мастацтва дэманструюць высокае майстэрства. Без комплексаў. Без прыніжэння.
Нас робіць адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце гісторыя барацьбы за захаванне сваёй культуры.
Беларусы не ёсць тым народам, які лёгка дабіваецца свайго. Шмат часу прасядзелі сціпла ў куточку паміж вялікімі нацыямі, якія вырашалі наш лёс. Але нават у такіх умовах мы збераглі сваю спадчыну. Мая беларускасць была прыхаваная дзядамі і бацькамі ад чужынцаў. Трэба было толькі яе пашукаць.
Наша культура будзе развівацца і, можа, некалі стане заўважнай у еўрапейскай перспектыве. Вядома, што магчымасці для папулярызацыі культуры замінае палітыка дзяржавы. Адчуваем гэта балюча тут, на Беласточчыне. Але ж вось, апрача беларусаў, што жывуць у Беларусі, ёсць беларусы па-за межамі. Спадзяюся, што супольна вытрымаем гэтае палітычнае выпрабаванне і ахвотных захоўваць ды папулярызаваць беларускасць не будзе бракаваць і потым. Беларускую традыцыю не так лёгка спыніць.
Яўген Калмыкоў: Вельмі трэба пастарацца, каб стаць нацыяй дарэшты
— У мяне бацька — беларус, маці — украінка. А мог у савецкі час запісацца расейцам. Запісаўся беларусам. Не так проста беларусаў акрэсліць, як, напрыклад, некаторыя іншыя народы: дзяржаўнасць, мова, царква. Быць беларусам — значыць мець супольную прастору, любіць яе. Мець супольныя рысы характару. Супольныя звычкі і супольныя стравы кухні, урэшце. Я запісаўся беларусам, бо інакш уявіць сябе не мог. Я нарадзіўся ў Беларусі, вакол усё, што я люблю (мая малая радзіма — цэнтр Менска, дзе з кожным месцам мяне штосьці звязвае). Быць беларусам — любіць сваё.
Беларусы жывуць на памежжы. У расейцаў так: «Ты за ці супраць, цябе цалаваць ці біць?». У беларусаў можа быць адначасова і цалаваць, і біць. А яшчэ абвостраны індывідуалізм. Памятаю, у савецкім войску ўсе адразу разбіліся па зямляцтвах, а беларусы трымаліся асобна. Дык на нас паўгода іншыя ездзілі, пакуль мы не сцямілі, што да чаго. І вось такі індывідуалізм кепскі для супольных дзеянняў. З іншага боку, дапамагае. Беларус можа моўчкі ківаць, а пасля зробіць як лічыць патрэбным.
Гістарычныя веды ў мяне хаатычныя. Ведаю легенду пра тое, чаму беларуская сям’я з-пад Ушачаў на Віцебшчыне мае прозвішча Калмыковы. Нібыта ў Сярэднявеччы пасля чарговай спусташальнай вайны туды запрасілі жыць калмыкаў. Мы сапраўды маем такія крыху ўсходнія рысы ў абліччы.
Што да асноўных для Беларусі падзеяў, то гэта Полацкая дзяржава, падзелы Рэчы Паспалітай, утварэнне БНР.
Я гарадскі чалавек. Мне цяжка ўявіць, каб у сучасным горадзе прытрымліваліся старадаўніх традыцыяў. Відаць, у кожнай сям’і ёсць штосьці сваё.
Я магу пэўны час, падбіраючы словы, падтрымліваць размову па-беларуску. Аднак мне цяжка, бо асяродку ў мя
Кароткае пасляслоўе рэдактара
— Я быў моцна ўсцешаны, калі ў сваю пару на сайце Budzma.org шырока разгарнуўся праект «Як я стаў беларусам» (і яму ў працяг супольна з парталам Tut. by — «Быць беларусам»). Але не толькі таму, што ён інтэрактыўна пашыраў дыскурс беларускай Беларусі. Быў у гэтым праекце і мой уласны «інтарэс».
* * *
Недзе яшчэ на пачатку 1990-х, я таксама хацеў зрабіць нешта падобнае, прынамсі тыпалагічна. Тады мы ўсе, хто далучаўся да нацыянальнага Адраджэння, з ахвотай распавядалі адзін аднаму, як хто апынуўся пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». І ў нейкі момант мне ўвідавочнілася, што кожны з нас меў свой адметны, ні да каго не падобны шлях да Беларусі. Разам з тым, персанальна гэта заўсёды была вялікая экзістэнцыйная падзея.
З усяго гэтага мне аднойчы і падумалася, што добра было б з такіх гісторый скласці кнігу. Тым болей, што мае суразмоўцы і самі па сабе былі таго вартыя: філосафы, празаікі, паэты, мастакі… Але тую сваю задуму я так і не спраўдзіў, хаця ўсе мае сумоўнікі яе шчыра віталі. Надта шмат усяго рознага прасілася быць зробленым у тую эпоху глабальных перамен.
* * *
Таму няма нічога дзіўнага, што я моцна абняў Севярына Квяткоўскага, калі ён сказаў пра кнігу, якую збіраецца зрабіць з свайго «будзьмаўскага» праекта.
Пра вартасці (і недахопы) яго працы я казаць нічога не буду. Бо ёсць справы, найбольшая вартасць якіх у тым, што яны ёсць зробленымі.
Як ні скрушна пра гэта думаць, але ў Беларусі і на пачатку ХХІ ст кожны становіцца беларусам паасобку і да таго ж яшчэ праз супраціў дзяржаве, грамадству, школе, часам сям’і. Вось чаму пачуўшы пакліканне, чарговы абраннік Беларусі мусіць сам, «уласнымі рукамі» выштукоўваць з сябе беларуса. Ён вучыць беларускую мову, заглыбляецца ў гісторыю, чытае літаратуру, шукае паплечнікаў. Мяркую, дзеля апошняга яму найперш і прыдасца дапаможнік «Як стаць беларусам». Там іх, паплечнікаў, шмат, і ўсе яны ўжо маюць досвед перастварэння сябе ў беларуса. Гэта не можа не натхняць.
Кніга «Як стаць беларусам» яшчэ доўга будзе актуальнай у нашай краіне. Але менавіта таму яна патрэбная ўжо сёння.
* * *
У бальшыні навелак кнігі для іх герояў быць беларусам перадусім азначае размаўляць на беларускай мове. А шлях да мовы звычайна арганізуе сюжэт расповеда. Каб застацца разам з героямі кнігі, напрыканцы сваіх нататак я таксама дазволю сабе хоць трошкі згадаць пра гэта:
— Я быў выгадаваны ў мястэчку Свіслач, дзе тады яшчэ панавала беларуская мова. Толькі пазней Менск з Масквой даастачы зрусіфікавалі маю вербальную сутву. Аднак па вяртанні з Расеі ў Беларусь мяне, як злачынцу, пачалі ўсюды пераследаваць беларускія словы. Каб адчапіцца ад назолы, я пачаў сам у сабе перакладаць кожнае рускае слова на роднае. А пасля змусіўся і думаць па-беларуску.
Праз нейкі час я ўжо нязмушана рэфлексаваў і размаўляў так, як яно і належыць тутэйшаму чалавеку. Таму і забыўся на мову, як на ўласную праблему. Аднак неяк прачнуўся і не мог заснуць. Нешта ў маім увогуле звычайным сне было дзіўным. Ды раптам схамянуўся: там усе размаўлялі па-беларуску! Усцешана пасміхнуўшыся, я адразу заснуў.
Але яшчэ больш весела мне было прачнуцца і падумаць, што калі на беларускай мове загаварыла маё падсвядомае, дык ужо можна спакойна паміраць. Паколькі цяпер і на тым свеце, дзе няма ні ратоў ні вушэй, у мяне з роднай мовай праблемаў не будзе.
Валянцін Акудовіч
Хаця да канца я ўсвядоміла сябе беларускай значна пазней, на першым курсе журфаку БДУ. Менавіта там я пазнаёмілася з сучаснай беларускай паэзіяй. Гэта было дзіўнае адкрыццё — цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.
У школе для таго, каб дзеці не любілі беларускую мову і літаратуру, зрабілі ўсё. Пасля яе Янка Купала і Якуб Колас выглядалі братамі-блізнятамі, жанчын у паэзіі не існавала ўвогуле, самым сучасным паэтам быў Рыгор Барадулін, а адзінай тэмай у літаратуры — «сялянская».
І вось журфак. Знаёмства з творамі Валярыны Куставай, Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Насты Кудасавай, Наталлі Кучмель, Анатоля Сыса… «Беларуская паэзія можа быць сучаснай» — год перад тым ніколі б не паверыла ў такія словы.