Пётр Мартыновіч: Ад нараджэння я адчуваў сябе беларусам
— Я нарадзіўся на Палессі ў вёсцы Заеліца побач з Глускам, што ў Магілёўскай вобласці. Размаўлялі ў нас па-беларуску, рускую мову вучылі ў школе. Самі рабілі сабе вопратку: кашулі з ільну, лапці з ліпы ці бярозы. Лапці плесці мяне навучыў брат, калі мне было пяць гадоў.
Замест святла карысталіся лучынай. Гэта быў вельмі цяжкі час. Сталін усіх абклаў падаткамі. Мусілі плаціць за кожнае дрэва. Працавалі ў калгасе за «працадні», жылі са сваіх невялікіх надзелаў. Тату перад вайной рэпрэсавалі. Ён быў старшынёй калгаса, на яго напісалі ананімку. Уначы прыехаў за ім «чорны воран». Судзіла тройка, далі яму сем гадоў. Але з пачаткам вайны бацька збег дадому.
У вёсцы ўсе атаясамлівалі сябе з беларускай нацыяй, іншага разумення папросту не было. Таму ад нараджэння я адчуваў сябе беларусам. З маленства дзядуля апавядаў мне казкі ды розныя паданні. Казаў, што яго стрыечны брат паляваў разам з чарцякамі, аднойчы і яго запрасіў на паляванне. Яны настралялі шмат звера, а потым убачылі чарцякоў, якія тых звяроў заганялі.
Дзядуля шмат баек ведаў, якія яму перадаліся ад старэйшых. Ён навучыў мяне паляваць, рыбу вудзіць. Пахавалі яго, калі ўжо вайна пачалася. У вёсцы нават казалі, што мой дзядуля нібы ведаў, калі яму пакідаць гэты свет.
Я лічу, што для беларуса няма лепшай зямлі за беларускую. Хутчэй, канечне, у маральным, чым у матэрыяльным плане. Самі беларусы — добразычлівыя, даверлівыя людзі. У нас раней абыходзіліся без замкоў на дзвярах, а законам было шчырае слова. Я даволі пражыў, бачыў і вайну, і пасляваенны, зруйнаваны Менск, аб’ехаў шмат краінаў, але калі б мне прапанавалі абіраць, дзе нарадзіцца, я б усё адно абраў гэтую зямлю.
11. Быць беларусам
— Не быць беларусам — значыць рабіць выгляд, што цябе няма. — Поўная талерантнасць да ўсяго свайго. — Беларус — падземная халодная вада, якая нясе ў сабе і карысныя, і таксічныя рэчывы і шукае выйсця вонкі. — Беларусы не такія талерантныя, як часта думаюць. — Беларус адрозніваецца большай замкнёнасцю. — Беларусамі не робяцца, беларусамі нараджаюцца. Толькі па крыві. — Пераломным момантам для мяне стала паездка ў ЗША, калі па некалькі разоў тлумачыў, чым ты сапраўды адрозніваешся ад рускіх. — Быць беларусам — гэта значыць усведамляць сябе беларусам незалежна ад нацыянальнасці. — Беларусы скіраваныя на сябе і асцярожныя ў выказваннях. — Уласцівая абыякавасць да пытанняў «чысцiнi крывi», абы суседзi не заміналі жыць. — Беларусы пакуль яшчэ жывуць пры дарозе. Таму можна ўсё страціць, знікнуць сярод іншых, а можна дабудаваць нацыю.
Віталь Гуркоў: Беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген
— Беларус — той, у каго сямейныя карані звязаны з нашай зямлёй. Нават калі чалавек будзе крычаць, што ён расеец, ён усё адно — беларус, хоць і са згубленай самасвядомасцю. Гісторыя зблытаная, людзі ёй не цікавяцца, таму і «губляюцца».
Быць беларусам — гэта адраджаць гісторыю, мову, нешта рабіць для Беларусі. Напрыклад, зборная па тайскім боксе — гэта беларусы. Мы ездзім па свеце, часта перамагаем, крычым «Беларусь!», апрануўшы нашы «боршч»-касцюмы (яны чырвона-зялёна-белыя, як боршч са смятанай). І многія праз нас даведваюцца, што на зямлі ёсць такая краіна.
На жаль, мы ўнікальна аморфныя і абыякавыя да сваёй культуры, мовы, гісторыі. Відаць, у свеце сапраўды мала народаў, якія гэтак жа, як беларусы, свядома топчуць тое, чым павінны ганарыцца.
Беларусы павінны паважаць і хрысціянскія, і народныя традыцыі (напрыклад, Купалле). У мяне перад вачыма Мексіка. Там хрысціянства і нейкія старажытныя традыцыі ды веравызнанні спляліся ў гарманічны сімбіёз. Поўная талерантнасць да свайго.
Ганаруся гістарычным мінулым Беларусі. І тым, што беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген, які, праўда, трэба абуджаць.
Андрэй Кудзіненка, рэжысёр кіно: Беларусы — гэта брутальныя тыпы
— Я чалавек, які ідзе супраць ветру. З дзяцінства мне падабалася беларуская эстэтыка. Але мне не падабалася сітуацыя, калі ты аматар Дынама-Кіеў, а ўсе — за Дынама-Менск. Заўжды біліся праз гэта. Кожнае лета я праводзіў ва Украіне. Мне тады больш падабалася Украіна.
Пасля паехаў вучыцца ў Кіеў, а там сутыкнуўся з такой гісторыяй: ты не наш, ты з Беларусі, «бульбаш», — мяне так увесь час клікалі. На другім ці трэцім курсе нас цалкам перавялі на ўкраінскую мову выкладання.
А потым я трапіў у Менск, які не падабаўся мне з дзяцінства.
Як ні дзіўна, Менск я палюбіў дзякуючы дзяўчыне. Я прыехаў на вяселле да сястры, а гэтая дзяўчына мне цэлы дзень паказвала Менск — і я афігеў. Аказваецца, раней я Менска не ведаў, для мяне гэта быў спрэс шэры горад. Але пакуль прыгожая дзяўчына вадзіла мяне па Менску, я закахаўся ў гэты горад, хаця яшчэ больш закахаўся ў гэтую дзяўчыну (шкада, лёс нас развёў). Пасля я ўжо прыехаў вучыцца ў Менск, гэта былі 1990-я гады. Я прыехаў і тут застаўся.
Гэта якраз быў час нацыянальнага ўздыму. У Кіеве ў мяне былі праблемы, таму што я не свой, не ўкраінец, мовы не ведаў. Дарэчы, праз такія ж праблемы я потым «ваяваў» з беларускімі нацыяналістамі ў Акадэміі. Я трапіў ва ўтульнае асяроддзе, дзе да маладога пакалення заляцаліся «монстры» беларускага кіно — Ганкін, Ігнацьеў, Вінаградаў. Яны, сыходзячы, паводзіліся вельмі далікатна.
Нам яны расказвалі, што ў 1960-я гады ўсе музыкі, рэжысёры былі адной кампаніяй, хадзілі ў адныя і тыя ж рэстараны і разам рэалізоўвалі свае задумы — так нараджалася прыгожае беларускае мастацтва, пасля такога не было. Я закахаўся ва ўсіх гэтых старых, бо яны былі шчодралюбныя, зайздрасць паміж пакаленнямі — гэта ўжо комплексы. Нас яны білі пад сраку ўверх.
Беларусы не такія талерантныя, як часта думаюць, яны падазроныя. У Расеі людзі ставяцца да цябе значна прасцей. Беларусы недаверлівыя, іх трэба «прабіваць», ёсць планка для праверкі. Ёсць і злосныя беларусы. Не трэба лічыць, што беларусы — талерантныя мілыя хлопцы, гэта брутальныя тыпы. У беларусаў ёсць нейкая здатнасць да сабранасці перад чужаком.
А з пазітыўных рысаў беларусаў — гэта ўбіранне ў сябе іншых культураў. Людзі, калі прыязджаюць сюды, хутка адаптуюцца і робяцца сваімі. Таму ў людзей з былых савецкіх рэспублік да Беларусі асаблівае стаўленне.
Сяргей Дубавец: Гэта работа
— Не быць беларусам — значыць рабіць выгляд, што цябе няма.
Гаворка ідзе пра базавы інстынкт самазахавання, які выяўляецца двума спосабамі. Першы — мімікрыя: я схаваўся, змяніў афарбоўку, зліўся з прыродай, з натоўпам, з фонам. Ці — прыкінуўся мёртвым. Мяне няма. Другі спосаб — праз выяўленне ўласнае самасці, тоеснасці, адметнасці ад іншых. У абодвух выпадках ты маеш шанец выжыць, але ў першым выпадку проста выжываеш, а ў другім выжываеш як ты.
Быць беларусам — гэта работа. Работа гаварыць па-беларуску і ўдасканальваць свае веды, расшукваць сваіх продкаў і наведваць котлішчы роду, выхоўваць дзяцей у духу пераемнасці. Як і кожная творчая работа, яна ўзнагароджваецца эўфарыяй здабыткаў і кароткімі імгненнямі шчасця. Быць беларусам — такая самая работа, як быць французам, ці палякам, ці расейцам. Калі беларус гаворыць па-расейску, ён не робіць сваю работу быць беларусам, але ён не робіць і работу быць расейцам, ён толькі спакушаецца плёнам работы расейца і ягонымі кароткімі імгненнямі шчасця.
Мімікрыя — не работа. Гэта неўсвядомленае перажыванне, загнанае ў падкорку. Што б табе ні казалі беларусы, якія не робяць сваёй беларускай работы, але іх нацыянальная здрада сядзіць у іх пад страўнікам. Яны гоняць ад сябе непрыемныя думкі прэч, але тыя ад гэтага толькі глыбей выядаюць нутро і часцяком прыводзяць да фізічных разладаў і хваробаў.
У выніку кожны атрымлівае сваё — хто работу й імгненні шчасця, а хто чужыя цацкі і праблемы з кішэчнікам.
Андрэй Курэйчык: Без беларускай мовы беларус не беларус