Мне здаецца, што няма іншага сэнсу і няма большага шчасця за гэтую задзіночанасць. Тут адна песня бабулі можа змяніць жыццё назаўсёды.
9. СВАЁ
— Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» — вы ўжо напалову беларус. — Нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч — гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе… Таму так важна — знайсці сваіх! — Трэба адрозніваць мову як ідэю і мову як нешта неаддзельнае ад асобы. — Мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных… па-беларуску! — Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста мы часам не заўважаем. — Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі. — Мяне вельмі ўражваюць знаёмствы з людзьмі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць да пэўнага народа.
Ганна Кісліцына: Жыццё з самапавагай
— Часта чую гісторыі: чалавеку ўпала на галаву цагліна ці токам яго стукнула — і ён загаварыў па-ангельску або, да прыкладу, па-старагрэцку… Ніякага такога здарэння са мной не было.
Мая беларускасць развівалася паслядоўна. У два гады, як любяць згадваць мае сямейнікі, я паставіла на вушы ўсіх выхавацелек маскоўскага дзіцячага садка пытаннем: «Дэ моя хустка?» Ніхто з іх не ведаў заходнепалескага дыялекту, а я літаральна перавярнула ўсё дагары нагамі. Таму маму вечарам сустракалі ўсе, хто там працаваў… Вось такія мы, беларусы — у вечным пошуку свайго!
Калі мне споўнілася чатыры, на пытанне: «Кім ты будзеш, калі вырасцеш?», упэўнена адказвала: «Беларускай паэтэсай!» Мама пісала вершы і ўсе яе сяброўкі па маскоўскім Літаратурным інстытуце былі беларускімі паэткамі. Яны былі прыгожымі, густоўна апраналіся і моцна адрозніваліся ад звычайных жанчын. Паглядзіце на фотаздымак маладзенькай Раі Баравіковай і вы мяне зразумееце… Беларусы такія — упэўненыя ў тым, што яны самыя лепшыя: самыя прыгожыя, самыя працавітыя. З самымі чыстымі вуліцамі ў свеце!
Калі мне было восем, разам з усім атрымала школьны падручнік па беларускай мове. У канцы яго былі слупкі са словамі, якія трэба было запомніць. Мой сусед па парце Вова Казырыцкі аднойчы знайшоў там незнаёмае слоўка і спытаў мяне, што яно значыць. Але націск у ім паставіў няправільна, на апошні склад. Давялося зірнуць і прачытаць самой. «Дык гэта ж «аўторак», «вторник»! — лёгка пераклала я. «Дык ты беларуска!» — здзівіўся ён… Быць беларусам — гэта не толькі мець беларускае прозвішча, а элементарна разумець родную мову.
Калі мне было сямнаццаць, я трапіла на пасяджэнні легендарнага таварыства «Тутэйшыя». Усе былі старэйшыя за мяне, з вышэйшай адукацыяй ці старшакурснікі. Каб камунікаваць на роўных, даводзілася шмат чытаць…. Аказалася, што каб называцца беларускай, трэба ведаць гісторыю нацыянальнай культуры.
Быць беларусам — гэта паважаць сябе. Ніколі не гань сваё — і без цябе знойдуцца тыя, хто гэта зробіць! Крытыкуй, але толькі тое, што можна выправіць. Калі ты не паважаеш сябе, свой род, сваю мову — то хто будзе паважаць цябе? Самапавага — першая аснова для павагі з боку іншых. Гэта важна і для чалавечых стасункаў, і для міждзяржаўнага камунікавання. Жыццё без кахання — сумнае, жыццё без павагі з боку іншых — невыноснае!
Быць беларусам — гэта значыць адрозніваць паняцці «народ» і «натоўп». Варта паважаць свой народ, яго мову, гісторыю і культуру, але пры гэтым захоўваць самастойнасць думкі, заўсёды помніць, што натоўп можа памыляцца. Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» — вы ўжо напалову беларус.
Мне пашанцавала — я вырасла ў нацыянальна-свядомым асяродку, таму стаць беларускай мне было проста. Цяжка было загаварыць па-беларуску самой. Падазраю, што нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч — гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе… Таму так важна — знайсці сваіх!
Аляксей Дзікавіцкі: Глядзець на свет з беларускай перспектывы
— Беларусам я стаў гадоў у пяць. Зразумела, што несвядома. Мая мама паводле нацыянальнасці мардвінка (мардоўка) з Урала, а бацька — беларус з Палесся. Да школы я гаварыў выключна на палескім дыялекце, бо выхоўваўся ў дзеда з бабцяй на вёсцы пад Пінскам.
У маленстве мы паехалі на радзіму маці і аказалася, што ў тых гарах мяне ніхто практычна не разумее. Старыя маміны сяброўкі тузалі мяне, кажучы маёй маме: «Ой, Фаина, настоящий беларусёнок у тебя растет». Я ім спяваў БССРаўскі гімн ды размаўляў «по-нашому», а яшчэ гаспадарскім вокам (навучыў дзед, светлай памяці) рабіў заўвагі наконт вядзення гаспадаркі ў тых краёх: «Каня дрэнна запраглі, тут прапалоць трэ было б, бульба ў вас нейкая дробненькая» і г. д… Потым у юнацтве быў Караткевіч, Быкаў, рок-гурт «Мроя».
Не праміну заўважыць, што стасоўна ўсведамлення ўласнай беларускасці немалую ролю адыграла і нянавісць да савецкага ладу.
Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым….
Быць беларусам — натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.
Быць беларусам — гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.
Уладзіслаў Ахроменка, буржуазны літаратар: Свае грады
— Люлі-люлі-люлі, паляцелі куры. Селі на варотах у чырвоных ботах. Спі, дачушка, заплюшчы вочкі і спі. Бач, цёмна за вокнамі. І коцікі ўжо спяць, і сабачкі, і куры зараз на жардзіну пасядуць і паснуць. Што — казку на ноч расказаць? Пра каралевіча на белым кані? А давай лепш пра нашага вершніка-абаронцу…
Бачыш, над тваім ложкам анёльчык парцалянавы. Гэта твой асабісты абаронца. Вось так і кожнаму краю Пан Бог таксама свайго абаронцу прызначыў. Палякам — Бялага Ожэла. Украінцам — Трызуб, у якім слова «воля» зашыфраванае. Нам, беларусам, — адважнага вершніка з крыжам на шчыце. Але ж любоў да свайго краю не з яго пачынаецца.
А вось паслухай, з чаго. Бачыла ў мяне ў кабінеце старыя фотаздымкі на сцяне? Гэта нашыя з табой Дзяды. Тамака прыгожая такая дзяўчына — мая бабуля Марыя Сазонтаўна ў маладосці, твая прабабка. Сама яна з Баршчоўкі, што пад Рэчыцай. Не, дзіцё, яна нават не ведала, што ў нас такі абаронца ёсць. Час гэткі быў, за вершніка з крыжам на шчыце і ў Сібір можна было патрапіць! Сібір? Гэта далёка-далёка на ўсход, у Азіі, потым у падручніках пачытаеш.
Але ж Марыя Сазонтаўна навучыла мяне, што азначае любіць наш край. Жылі мы ў сваім дамку на ўскрайку Гомеля, і быў у нас уласны гародчык. «Грады», «гурок», «кроп», «цыбуля» — першыя беларускія словы, якія ад яе пачуў. Але ж грады — гэта найперш не словы, а праца. Як снег сыдзе і глеба прагрэецца, зямлю трэба дбайна перакапаць. Камякі граблямі паразбіваць. Гною прывезці і раскідаць. Гуркі-памідоры-кроп-пятрушку пасадзіць. Дый яшчэ час трэба ведаць, калі і што садзіць. На маладзік лепш за ўсё… Потым цярэбіць, паліваць, песціць. Памідоры да дрыноў падвязаць, калі падымуцца і заквітнеюць. І шмат чаго яшчэ.
Вось твая прабабка і працавала ад рана да рана. Ведаеш, якая самая страшная лаянка ў яе была? «Абібок» і «лайдак». І страшэнна абуралася, калі чула ад некага, што ў яго, маўляў, працы няма. «Стань да дзвярэй і зачыняй-адчыняй, зачыняй-адчыняй, — раіла. — Праз дзесяць хвілінаў абавязкова знойдзеш сабе занятак».
Затое ўвосень нашыя грады — цуд і казка. Сакаўныя стрэлы цыбулі. Зялёныя шыхты часныку. Панская раскоша памідораў. Пупырчатыя гуркі з-пад шырокіх лістоў.
А як ты думаеш — каб нейкі прыхадзень узяўся нашыя грады душыць, што б твая прабабка зрабіла? Правільна, адразу за вілы. І наш вершнік бы ёй абавязкова дапамог.
Мае грады? Кампутар, за якім працую. У маці — свае грады, офіс. У бабулі — фартэпіяна, якое яна ўсё жыццё выкладала…
Ну, абібокі, знайшла пра каго згадваць! Сама падумай, нашто такім грады? А як градаў няма, значыцца, няма і чаго бараніць. Вось таму наш вершнік такім і не патрэбны. А яны вершніку — тым больш, і ніколі ён ім не дапаможа. Яшчэ і выспяткаў надае, як пабачыць…
Так што, дзіцё, любіць свой край і быць беларусам — гэта не проста словы. Край — гэта тое, што табе ў спадчыну перайшло. Тое, што ты заўсёды станеш бараніць. Гародчык з кропам, цыбуляй і гуркамі, на якім твая прабабка корпалася. Яе магіла, куды мы з табой на Дзяды ездзілі. Плюшавы мішка, з якім ты зараз засынаеш. Яшчэ я малым з ім засынаў, мне ж яго Марыя Сазонтаўна акурат і падарыла…