— Мо’ не гэтак важна ўсведамляць сябе менавіта беларусам, але кімсьці (носьбітам калектыўнае памяці, традыцыі, менталітэту, комплекса ідэяў). І ўсведамляць з пункту гледжання цэласнасці асобы, паўнавартаснае персанальнае ідэнтыфікацыі. Гэта як усведамляць сябе мужчынам ці жанчынаю. Быць нікім — ненармальна.
Быць беларусам сёння — гэта імкнуцца згадаць бабчыны калыханкі, дзедавы словы, асэнсаваць, што насамрэч гаварылася за сямейнымі сталамі пра паноў і царкву, вайну і калгасы.
Гэта вымысляць і праектаваць ўласную краіну, што мы збудуем для сваіх дзяцей; гэта, перад сном змружыўшы вочы, марыць пра далёкую, але ззяючую прышласць, у якой і даробак нашых дзядоў і прадзедаў не пайшоў на глум, а тое, што засеялі мы, расквітнела дагэтуль нябачанымі краскамі дзівоснае прыгажосці.
Нарадзіўся ў беларускай сям’і, дзе палова радакоў былі начальнікамі, а палова — вяскоўцамі і пралетарыямі, скончыў элітную менскую школу з мастацкай спецыялізацыяй № 26, дзе ўсё было па-расейску, але настаўнікі, збольшага габрэі, не душылі маёй беларускасці.
Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава, дзе маімі добрымі сябрамі сталі Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Тодар Кашкурэвіч, Віктар Корзун, іншыя хлопцы і дзяўчаты, дзякуючы якім я выпрастаў плечы, бо быў ужо не самотны.
Інстытут імя Рэпіна Акадэміі Мастацтваў у Пецярбурзе, дзе мая этніка ўжо моцна вылучалася, што дало мне сілы расправіць і крылы. Давучваўся ў Менску і Варшаве, выкладаў тамсама, а яшчэ ў Вільні й Празе, ужо як мастацтвазнаўца, культуролаг, беларусіст.
Азіраючыся, думаю, што найбольш паўплывалі на мой культурны выбар вясковыя хлопцы, у вясёлую й няўрымслівую гурму якіх я з асалодаю ўліваўся на канікулах. Забавы і праца з імі, дзіцячыя таямніцы, лес і поле, родныя вясковыя хаты мне сняцца цяпер часцей. Бо туды ўжо не вернешся… Гэтае адчуванне балючае страты, незваротнасці — вельмі беларуская рыса.
Алесь Чайчыц: Быць асобаю
— Нацыянальная ідэнтычнасць — натуральны складнік ідэнтычнасці чалавека, яго пазіцыявання ў сістэме каардынатаў грамадства паводле яшчэ адной прыкметы. Асабліва гэта актуальна для такой вялікай шматнацыянальнай краіны, як Расея, якая ёсць домам для людзей з больш за 150 этнасаў — у тым ліку і для нас, расейскіх беларусаў.
Такім чынам, для мяне заставацца сабой — значыць у тым ліку заставацца беларусам.
Гэтак часта даводзіцца назіраць людзей, што, пераехаўшы ў Маскву, ужо праз год пачынаюць заўзець за «сваю» расейскую зборную па футболе, абмяркоўваць, як «у іх» праходзяць выбары ў Дзяржаўную Думу. Прыкра бачыць нават беларускамоўных людзей, якія пасля пераезду ў Маскву і пры элементарнай магчымасці знайсці ў Маскве беларускамоўных праз нейкі час ужо пачынаюць звяртацца да цябе па-расейску.
У сучасных умовах, калі дзякуючы камунікацыйным тэхналогіям можна ці не з любой кропкі планеты слухаць беларускае радыё, чытаць беларускую прэсу і стасавацца з беларусамі з усяго свету, гэта прыватны выбар кожнага чалавека, асімілявацца ці не.
Народжаны ў шматнацыянальнай сям’і ў Маскве, за сваё жыццё я жыў у Беларусі на працягу ўсяго аднаго з паловай года. Дзяцінства прайшло ў далёкім замежжы ў якасці дзіцяці афіцыйнага прадстаўніка Беларусі, і гэта, напэўна, адыграла вырашальную ролю.
Больш за палову свайго дзяцінства я вучыўся з дзятвой з дзясяткаў розных краінаў, але таксама хадзіў у школу пры амбасадзе Расеі, дзе засвойваў розныя веды разам з дзецьмі расейскіх дыпламатаў. На гэтым фоне беларускасць натуральна звярнула на сябе ўвагу як яскравая адметнасць, якою ты пачынаеш цікавіцца.
Паступова пачаліся пошукі шляхоў рэалізацыі тых пачаткаў, што былі закладзеныя ў свой час нядзельнай маскоўскай беларускай школкай, а яшчэ беларускімі казкамі і вершыкамі, якім у дзяцінстве вучыў бацька. Неўзабаве на дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналогіі: за валоданне беларускай мовай я найперш удзячны інтэрнэту.
Можна быць «як усе», а можна заставацца сабой. Любая адрознасць — гэта патэнцыйная перавага. Калі ты не маеш адметнасці, што выцякае з ідэнтычнасці, табе няма чаго прад’явіць гэтаму свету. Тое, што не з’яўляецца ўнікальным, што падобнае да іншага — не нясе інавацыйнасці, таму не мае вартасці. Гэта тычыцца не толькі ідэяў, але і іх носьбітаў ды генератараў — людзей, а таксама створанага імі інтэлектуальна-культурнага асяродку, дзе ідэі нараджаюцца.
У сучасным свеце асімілявацца ці не — гэта прыватны выбар чалавека. Асабіста я зрабіў выбар на карысць таго, каб не асімілявацца, не адмаўляцца ад сваіх беларускіх каранёў і мець беларускасць у якасці сваёй нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Я не хачу быць ані тым тыповым расейцам, што забыў свае татарскія ці ўкраінскія карані, ані тым тыповым расейскім беларусам, што выракся сваёй беларускасці.
Беларускасць — гэта ўсведамленне свайго месца не толькі ў сучасным свеце, але і ў гісторыі чалавецтва. Я — чалавек, які жыве на планеце Зямля ў пачатку 21 стагоддзя. Беларускасць — тая пупавіна, што праз гэтую моўна-культурную пераемнасць злучае мяне з маімі продкамі і ўсёй гісторыяй чалавечай цывілізацыі.
Быць беларусам — гэта быць як грамадзянінам, так і асобаю. Але найперш быць і заставацца самім сабою.
Зміцер Конанчык: Хвароба прынесла абнаўленне
— Гісторыя маёй беларускасці звязаная са зрокам. Я моцна застудзіў вока, была страшная хвароба, якую нават не буду называць. Думаў, што ўсё не так страшна, і вырашыў перачакаць. У выніку давялося звярнуцца ў шпіталь: дактары спалохаліся. Два тыдні я ляжаў там. Падаецца, не так шмат, але доўгі час не было зрухаў, і было страшна. Вока практычна не бачыла… Дактары вельмі палохалі, казалі, што магу на адно вока аслепнуць. Гэта было акурат перад Калядамі. За той час я пераасэнсаваў сваё жыццё і зразумеў, што трэба заняцца нечым вартым. Даўно думаў пра выбар мовы: беларуская альбо расейская? Білінгвізм для мяне тады быў нейкім вычварэнствам. Ды гэта й зразумела: чалавеку прасцей мець адну мову для паўсядзённага ўжытку, родную. Дзве родныя мовы — гэта нонсэнс.
Ёсць такая версія, што хвароба патрэбная людзям для таго, каб абнаўляцца. Раней я ішоў за большасцю. Відаць, думаў, што застануся адзін, калі пачну размаўляць па-беларуску, хоць са школы любіў беларускую мову. Між іншым, абедзве мае бабулі размаўлялі фактычна па-беларуску, да таго ж адна з іх была выкладчыцай беларускай мовы. Размаўляць з імі па-расейску мне заўсёды было няёмка. Пасля таго як я вылекаваўся, прамінуў месяц ці два, і я прапанаваў сваёй дзяўчыне пачаць размаўляць па-беларуску. У выніку я цяпер размаўляю і па-расейску, і па-беларуску. Але, безумоўна, другое больш прыемна.
Быць беларусам азначае тое ж, што і быць прадстаўніком любой іншай нацыі. Калі ты не ўяўляеш сабой штосьці як чалавек нацыянальны, то наўрад ці будзеш варты чагосьці і як глабальны, як касмапаліт.
Марына Весялуха: Асаблівасці характару і жыццёвая пазіцыя
— Можна сцвярджаць, што мая беларускасць сфармавалася паступова. Гэтаму спрыялі чатыры чыннікі, якія і сталі для мяне тымі чатырма «кітамі», што сышліся разам і склалі цвёрды падмурак маіх сённяшніх поглядаў і перакананняў.
Кіт 1. Вёска на Віцебшчыне, дзе прайшло маё ранняе дзяцінства. У дзіцячы садок я не хадзіла, часта заставалася з дзядулем і слухала казкі яго ўласнага сачынення: пра «курную хатку» без вокнаў і дзвярэй і пра слана, які на хобаце вазіў бабу ў краму. Дзед Мар’ян на маю замову не мог у дэталях узнавіць першапачатковы варыянт казкі, таму кожны раз ствараў новую мадыфікацыю аповеду. Казка пра «курную хатку» была самай «сталай» і нязменнай, таму я любіла яе найбольш.
Кіт 2. Школа на Гарадзеншчыне. Самая сапраўдная беларускамоўная. Усе падручнікі на беларускай мове. На ўсіх уроках размаўляем толькі па-беларуску. Калі вітаемся, настаўнікам кажам «Добры дзень». Адразу заўважаем памылкі ў мове маладых настаўніц, якія яшчэ не прызвычаіліся да атмасферы школы. Дзіўна, але ў той час здавалася, што па-іншаму і быць не можа, што не існуе падручнікаў па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, гісторыі на рускай мове.
Кіт 3. Разумовыя здольнасці і акадэмічныя прэферэнцыі. Я паводле азначэння гуманітарый. Ніколі не любіла дакладныя навукі з іх сумнымі формуламі і нецікавымі задачамі. Мяне больш прываблівалі гісторыя (з захапляльнымі аповедамі настаўніка, былога дырэктара школы), літаратура (не ведаю чаму, але беларуская мне падабалася больш, чым руская, хоць другую выкладалі цікавей), замежная мова. Шматразовы ўдзел у алімпіядах па беларускай мове дапамог дастаткова добра ёю авалодаць, а аматарская любоў да чытання паступова перарасла ў прафесійны інтарэс.
Кіт 4. Асаблівасці характару і жыццёвая пазіцыя. Індывідуалізм і нонканфармізм, упартасць у адстойванні сваіх поглядаў, імкненне да ведаў, не знаёмых іншым, дапамаглі мне 3,5 гады быць адзінай цалкам беларускамоўнай студэнткай на факультэце замежных моваў БарДУ. Цяпер беларускасць і беларушчына — неад’емная, цалкам усвядомленая частка маёй асобы і майго жыцця.
Не люблю натоўпаў і людных месцаў. Беларускамоўны асяродак пакуль нельга назваць «людным», але хацелася б, каб ён такім стаў.