— На жаль, беларусы ўнікаюць адказнасці хоць за што-небудзь. У людзях застаецца рабская, халопская псіхалогія, сфармаваная тымі чужынцамі, якія фактычна стагоддзямі панавалі над нашымі землямі. Менавіта таму мы ўсё яшчэ маем праблемы з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Халоп не мае нацыянальнасці. Вольны чалавек заўсёды мае Радзіму. «Беларус» — гэта чалавек, які адчувае адказнасць за развіццё нацыянальнай дзяржавы, яе мовы, культуры і мастацтва.
У нас ёсць рысы добрыя і ёсць дрэнныя. Да добрых я б залічыў «душэўнасць», рэдкая для Захаду якасць. Прыемна, што ў Беларусі яшчэ не ўсё вырашаюць грошы, няма пралічанага, ашчаднага практыцызму ва ўсім. У беларусах засталося шмат вясковага, рамантычнага і нават міфалагічнага. Яны ў большасці сваёй шчырыя і нязлосныя. Але ў нашым нацыянальным характары ёсць і заганы: беларусы закрытыя, іх абсалютна не турбуюць чужыя пакуты, калі гэта не датычыць іх асабіста (уся Еўропа і Амерыка збіралі грошы на дапамогу гаіцянам, якія гінуць ад гвалту, афрыканскім дзецям, што галадаюць, пацярпелым ад вайны палестынцам, але я не ведаю беларуса, які адправіў бы ім хоць капейку). Беларусы рэдка робяць выбар рацыянальна, і з гэтага ўсе праблемы нашай палітычнай сістэмы.
Без беларускай мовы беларус не беларус. Нават калі вы не размаўляеце на мове (а гэта пераважная большасць нашага насельніцтва), вы павінны яе ведаць. Мова — душа любой нацыі. Мова — гэта тое, што ў першую чаргу адрознівае адну нацыю ад іншай. Гэта галоўны выразнік нацыянальнага духу. Відавочна, што ў нас яго пад’ёмам займаюцца недастаткова. Надзея толькі на наступныя пакаленні, бо мы адраджэнне нацыянальнай мовы правалілі.
Віталь Рыжкоў: Скептыцызм і песімізм — з надзеяй у душы
— Разуменне «я — беларус» часам прыходзіць праз адмаўленне сваёй прыналежнасці да іншых нацый, напрыклад, «а я ж — не рускі», што ўздымае ціхія, аселыя на дне комплексы нацыянальнай самасвядомасці з назвай «тутэйшасць».
Як любы нацыянальны чалавек, я гатовы адмовіцца ад навязлых нацыянальных штампаў («быць японцам — значыць есці палачкамі, піць сакэ і ведаць тры родныя альфабэты») праз іх запростасць і немінучую схільнасць здрабняць уяўную альбо рэальную глыбіню міфа сваёй нацыі; я б памысліў «быць беларусам» як метафару падземнай ракі, не пазбаўленай праблем экалогіі наземнага свету.
Беларус — падземная халодная вада, якая нясе ў сабе і карысныя, і таксічныя рэчывы і шукае выйсця вонкі.
Побытавая фізіягноміка («У вас ува ўсіх такія сумныя вочы!» — адзначаюць знаёмыя ўкраінцы), дасціпнае вызначэнне Міколам Трусам настроевай скіраванасці большасці беларускіх песень (рэпертуар — «гаўно доля») вымушаюць думаць, што скептыцызм і песімізм — з надзеяй у душы — ёсць, можа, і не ўнікальным, але апорным пунктам светагляду беларусаў.
Я ўяўляю, як у цягніку з гастарбайтарамі, што накіроўваецца ў бок Падмаскоўя, уначы ўключаецца святло, і памежнікі замест праверкі пашпартоў пачынаюць апытваць шматнацыянальную масу пасажыраў пра асноўныя падзеі гісторыі іх народа, каб вызначыць нацыянальнасць кожнага. Сонны беларус, калі надыходзіць яго чарга, пазяхае і спакойна пералічвае: Аршанская бітва, абвяшчэнне БНР, уз’яднанне Усходу і Захаду Беларусі, стварэнне незалежнай дзяржавы ў 91-м.
Пэўна, памежнік мусіў бы нешта западозрыць.
Зміцер Вішнёў: У Беларусі многа рамантыкаў, таму ў нас шмат выдатнай паэзіі
— Для мяне важны не запіс у графе нацыянальнасць… Для мяне істотныя погляды чалавека. Я хацеў бы, каб беларусам мог называць сябе той, хто неабыякава ставіцца да беларускай культуры, мовы, традыцыі. Я маю на ўвазе, што можна назваць беларусам чалавека з расейскімі, украінскімі, габрэйскімі каранямі… Бо ментальнасць тых, хто жыве ў Беларусі, абумоўленая самой прасторай. Тутэйшасцю. І наш «рускі»-па-пашпарце будзе адрознівацца характарам ад «рускага» з Расеі.
Я магу згадаць тузін беларускіх літаратараў, якія па паходжанні маюць расейскія, украінскія, габрэйскія, калмыцкія карані. Праўда, думаю, будзе нетактоўна іх пералічваць па імёнах, бо гэта нешта, у пэўным сэнсе, асабістае.
Мой шлях да беларускасці быў досыць складаным. Пакручастым. У маім атэстаце няма беларускай мовы, бо я не вывучаў яе ў школе, як дзіцёнак савецкага вайскоўца. Да таго ж сярэднюю адукацыю я атрымліваў у вячэрняй школе. У маім атэстаце няма і замежнай мовы, як і яшчэ шмат якіх дысцыплінаў. Тым не менш, я паступіў на завочнае аддзяленне БДУ (факультэт журналістыкі). І потым сваімі сіламі, праз слоўнікі і чытанне кніжак, праз прыяцеляў з будучага літаратурнага руху Бум-Бам-Літ, засвоіў мову.
Гэта быў доўгі і цяжкі шлях, але светлы. Потым шмат у чым мне дапамагла журналісцкая дзейнасць у газеце «Культура», дзе я працаваў тры гады. Пазней, праз некалькі гадоў штодзённых практыкаў з мовай, я зразумеў, што не толькі стаў думаць па-беларуску, але і сніць. Чамусьці згадваецца, як ужо будучы літкансультантам Саюза беларускіх пісьменнікаў, мяне спыніў у калідоры Дома літаратараў Янка Брыль і пахваліў з выхадам першай кнігі, якая называлася «Штабкавы тамтам». Наш мэтр сказаў шмат добрых слоў, я быў здзіўлены, што Брыль са сваім рэалістычным поглядам на жыццё ўспрыняў маю паэтычную постмадэрнісцкую гульню.
Я не магу сказаць, што беларус — баязлівец, як часам нехта аб гэтым гаворыць — не. Цярплівы — так. Беларус адрозніваецца ад чалавека з Расеі большай замкнёнасцю. Мне здаецца, што на гэтую рысу характару паўплывалі шматлікія войны, якія пракаціліся па беларускіх землях. Да таго ж беларусы — гаспадарлівыя людзі. А яшчэ ў Беларусі многа рамантыкаў, таму ў нас шмат выдатнай паэзіі.
Анатоль Лазар (Wiecier Miechaniczny): Ведаць уласную гісторыю
— Само слова і панятак «беларус» вельмі фармальнае. «Беларускасць» выбіраюць як пальчаткі, паглядаючы на ранішні выпуск надвор’я па ТБ. І атрымліваецца поўная дэмакратыя: «Хачу — буду беларусам», «Не хачу — не буду», «Беларус па суботах», «Беларус на паўстаўкі». Беларусамі не робяцца, беларусамі нараджаюцца. Толькі па крыві. Усе астатнія «свядомасці», «асэнсаванні», «грамадскія пазіцыі» — гэта гульня ў сацыяльную адаптацыю пад прэсам сучаснага грамадства. А вось гены — гэта не палітычная партыя, у іх не ўступіш і на плошчу не зрушыш.
Веданне ці няведанне гісторыі аніяк не ўплывае на сам факт гэтай гісторыі. Гісторыю можна прыдумаць, можна трактаваць, можна зрабіць афіцыйнай, можна — альтэрнатыўнай… Гэта ўплывае толькі на змест суб’ектыўнага стаўлення да пэўнай гістарычнай трактоўкі. На жаль, амаль усё сучаснае грамадства вывучае гісторыю па датах у падручніках. Вельмі мала людзей ведаюць уласную гісторыю, гісторыю сваіх продкаў і цалкам канкрэтнага абсягу зямлі, на якой яны жывуць. Я сустракаў індывідуумаў, якія памятаюць кожны радок са «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі», але не ведаюць нават дзявочага прозвішча сваёй маці.
Яўген Барышнікаў: Ідэнтычнасць не этнічнага паходжання
— Быць беларусам — што гэта значыць? Дзіўна на такое пытанне адказваць чалавеку, у якога ў пасведчанні пра нараджэнне напісана «рускі». Мой дзед быў афіцэрам, служба кідала яго па розных мясцінах, але пазней сям’я асела ў Беларусі. Таму падчас усіх перапісаў шчыра кажу, што я рускі. Калі вучыўся ў школе, былі знаёмыя беларускамоўныя, але нашы размовы пра мову заставаліся на ўзроўні лёгкіх сантыментаў.
Пераломным момантам для мяне стала паездка ў ЗША, калі неаднойчы даводзілася тлумачыць, чым ты сапраўды адрозніваешся ад расейцаў, — і асабліва калі нарадзіўся сын. Мяне, канечне, яшчэ можна папракнуць, што я маскаль. Таму я хацеў бы, каб каштоўнасці, якія я цаню ў беларуса, ён меў насамрэч. Каб ён мог сказаць: беларуская мова — мая родная. А дзеля гэтага трэба ведаць яе і размаўляць на ёй самому.
Людзі ў нас, вывучаючы ў школе беларускую мову і літаратуру, але жывучы ў абсалютна расейскамоўным асяродку, думаюць, што яны могуць вось так пстрык — і пачаць размаўляць па-беларуску. Хаця насамрэч нават самага элементарнага, напрыклад, як будзе «чайнік» па-беларуску, не ведаюць. Недзе каля года ў мяне заняло вывучэнне мовы, чытанне тэкстаў, спробы засвоіць камунікаванне на мове.
Выхаваць беларускамоўнае дзіця ў Беларусі — гэта праблема. У нашых умовах быць беларусам — гэта пэўны пратэст. Тым не менш, цяпер я пачуваюся вельмі гарманічна.
Ідэнтычнасць, яна хутчэй не этнічнага паходжання. Заўсёды ёсць лаяльнасць да пэўных каштоўнасцяў, культурных кодаў, гістарычных падзеяў, асобаў, міфаў. Важны момант — адчуванне прыналежнасці да зямлі. Напрыклад, бабулі ў вёсцы — тутэйшыя, і ім усё роўна, як называецца пры гэтым дзяржава, бо людзі прывязаныя менавіта да зямлі.
Валянцін Стэфановіч: Мова магла б быць чыннікам, які адрознівае нас ад іншых людзей
— Калі казаць у агульным сэнсе, то тыя людзі, якія вызнаюцца грамадзянамі Беларусі, адпаведна з’яўляюцца і беларусамі. Калі паглядзець на гэтае пытанне больш вузка, то быць беларусам — гэта значыць усведамляць сябе беларусам незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, месца пражывання і нараджэння.
Я па жыцці беларускамоўны чалавек, і мая сям’я таксама. Я гэта раблю не дзеля таго, каб паказаць, які я патрыёт, а таму, што мне гэта падабаецца. Вось гэта для мяне асабіста і азначае быць беларусам.
Я заўсёды крытычна стаўлюся да такіх агульнастатыстычных рэчаў, як нацыянальны характар альбо ментальнасць, бо ўсё залежыць ад канкрэтных людзей. Можна заўсёды сустрэць абвяржэнне любога нацыянальнага стэрэатыпу.
Мне здаецца, што мова магла б быць чыннікам, які адрознівае нас ад іншых людзей.