I не хапае мне дня, каб усюды паспець, i не хапае начы, каб адусюль вярнуцца,
i не хапае жыцця, каб жыць,
i, каб не жыць, не хапае смерці...
Я маю — усё, i не маю — усё.
Дзіўлюся на цені ўдзень, i на зоркі — ноччу.
У вёсцы далёкай гарланяць пеўні.
Цьмен i палын абступаюць маю дарогу.
Сэрца сусвету б'ецца ўва мне.
Ты ўжо мінуў,— гаворыць мне вечар.
Ты яшчэ не настаў,— гаворыць мне ранак.
Я мінаю i настаю, i неадступна мае сляды цягнуцца ўслед за мною.
Ці ёсць паміж днямі прадонні, а паміж хвілямі — ямы?!.
Калі я спыняюся — паміраю,
калі ажываю — перамяшчаюся па паверхні, i час адлучае мяне ад мяне, i месцы перамяш-чэння ўсё нешта маюць наўвазе...
Ты зноў узыходзіш, сонца!..
Ты зноў паміраеш, ветах!..
Такі ў чалавека клопат, такое выйсце:
сабою — дапытвацца,
сабою — адказваць,
сабой — спалучаць пачатак i завяршэнне.
Дзівіцца, выйшаўшы з хаты, стары мой бацька на дрэвы — якія цвітуць...
На вуліцы хлапчаня клянецца перад сябрамі: «Каб мне не сысці з таго месца...»
Я ведаю шмат, не ведаю аднаго.
Мой цень пільнуе мяне.
Змяркаецца ранак, світае вечар.
I набракаюць крывёю мае сляды.
З левага боку — поле, i з правага — поле, а проста — мяжа:
на ёй божыя слёзкі, на ёй сівец,
i бацька, панурыўшы галаву, стаіць на мя-жы з касою.
Даўно ўжо стаіць — заржавела яго каса,