палову жыцця пішу на дарозе свае імёны,
палову — закрэсліваю напісанае,
палову жыцця расту ад зямлі, палову — расту з зямлёю:
i ўсё менш ува мне мяне, i ўсё больш бязмежжа.
Перада мной паўстаюць аснежаныя горы, цякуць стромістыя рэкі, рассцілаюцца пагібель-ныя балоты...—
колькі я ix адолеў?!.
Колькі мушу адольваць зноў?!.
I няўжо на самой справе мушу?!.
Я спрабую паразумецца са сваімі жадан-нямі, пераправерыць мэту, удакладніць шлях —
i заўважаю, як неўпрыкмет, паступова пачынае мяняцца воблік мясціны,
як у залежнасці ад маіх жаданняў, ад мэты, якую я выбіраю, перастаўляюцца горы, знікаюць балоты, паварочваюцца рэчышчы рэк...
...Я — мэта, што тоесна перашкодзе.
Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, хто — дарогу на захад...
Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, куды ісці, а сам застаюся на месцы — на гэтай зямлі, пад гэтым небам,
занадта лёгкі для глыбіні,
занадта цяжкі для вышыні,
занадта цэласны, каб падавацца ў які-небудзь бок...
Вось мая левая рука, вось — правая...
Я кладу зерне ў дол - i яно вырастае ў дрэва:
на адной галіне ў яго сонца,
на другой — месяц,
рознагалосыя птушкі з усіх канцоў свету спяваюць на ім свае песні i ладзяць гнёзды...
Тут мой захад, i тут — усход.
Вялізны хцівы птах пагойдваецца нада мною. Я ведаю: ён чакае маёй загубы. Тады ён з галодным хрыплым крыкам апусціцца на маё цела i цвёрдай глюгай ударыць мне ў твар.
Я напінаю лук i выпускаю стралу. Страла, не даляцеўшы да птаха, падае долу. Я падбіраю яе i зноў прыладжваю да лука: зараз я паспрабую стрэліць вышэй...
Але на ранейшым месцы птаха ўжо не аказваецца. Нібы нешта надумаўшы, ён пераля-тае наперад — туды, куды іду я.
Бяскрайні стэп.
I мы двое: я i птах — мой пракаветны вораг.
Ён адзін суправаджае мяне на маёй жыццёвай дарозе.
Дый, урэшце, як бы я ведаў, куды мне ісці, калі б ён час ад часу не залятаў наперад?!.