узяўся выкопваць лозы рыдлёўкай — стала выкопвацца з-пад каранёў жалезная бульба.
Хто будзе есці жалезнае зерне?
Хто будзе есці жалезную бульбу?
Кажа бабуля: вайна.
А я спрабую сам разгрызці тыя зярняты,
спрабую сам угрызці бульбіны тыя,
каб самому зрабіцца жалезным, нібы вайна, i павыдзіраць жалезныя лозы з поля.
Ізноў вясна.
Я стаю каля сваей хаты.
Ціха ў дварах: не бразгаюць вёдры, не размаўляюць людзі, не брэшуць сабакі i не сакочуць куры.
А ў канцы вуліцы, быццам спусціліся на зямлю нябёсы, сінее туман:
у ім я бачу аднавяскоўцаў, бачу сваіх сяброў, бачу сябе самога...
Я думаю — не надумваюся, i няма ў каго папытацца, як гэта так адбылося, што я не з усімі, што я падзяліўся надвое, што я не ў вясне i ў вясне...
Тужыць i радуецца мае сэрца.
Цвіце ў канцы вуліцы сіні туман.
Дакуль мне яшчэ трываць?
Птах, з якім я лячу праз імглістую бездань часу, з няволі — у вызваленне, са скрухі — у радасць, з цемры — у светлыню, паварочвае да мяне галаву i кажа:
датуль, пакуль хопіць часу,
датуль, пакуль хопіць цябе самога,
датуль, пакуль хопіць нас...
Я кармлю птаха сваім целам,
паю сваёю крывёю
i перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, а дзе я, а дзе час...
Усё загойваецца на мне мае цела,
усё аджывае ўва мне мая кроў,
усё патрабуе птах сабе новай ежы,
i ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт.
На ацішэлых падворках, ля гонты i чара-піцы, квітнее ружовы i белы бэз i асвятляе сваім цвіценнем, сваім разуменнем горад, што паглыб-ляецца ў даўніну.
Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля паркана:
кожная лапушына — шаля,