He ўтрываўшы, я адгарнуў наступную старонку...
«Ліхнаэль, Весмалон, Гермашур, Мэмра-гай...» — я чытаю, спяшаючыся, няўцямныя словы-імёны той старой таямнічай кнігі, якую на часіну даверыў мне мой настаўнік...
А на дварэ раптам цямнее, як пры змяр-канні. Чароды птушак запалоньваюць двор i з гучным пранізлівым крыкам абрушваюцца ў дзверы i вокны.
Спалатнелы, я не паспяваю што-небудзь зрабіць, куды-небудзь падзецца, як у хату ўбягае ўгневаны чараўнік, выхоплівае кнігу, шэпча...
Ужо не вучань, я ўсё далей адыходжу ад чараўніковай сядзібы.
Аднак словы, тыя забароненыя словы імёны, якія я вычытаў у кнізе...—
я мучуся, я намагаюся не ўспамінаць ix, не дапусціць ix да свайго розуму, не застацца з імі сам-насам...
Я баюся таго, што ведаю.
За вокнамі маёй свядомасці цёмныя крыкі.
Прыставіўшы да вачэй замглёныя шкліны, людзі глядзяць угору: цяпер яны бачаць, як сонца ззяе i як зацьміцца сонца...
Што, дрэва, што, камень, што, воблака — няўжо мы бачым вас толькі таму, што i вы ў зацьменні?!.
А чыстыя сутнасці свету для нас яшчэ ўсё застаюцца закрытым!?!.
I мы ні разу ні з чым яшчэ не былі сам-насам?!.
...За вёскаю — рэчка, за рэчкаю — горка, за горкаю — поле, на полі — камень, а на тым камені-валуне стаіць-зіхаціць залатая карона...
Ды варта мне толькі зірнуць на яе сваімі вачыма — усё прападае...
Бачу праз перашкоду.
Думаю праз перашкоду.
Праз перашкоду жыву.
I стала сонца зямлёй.
I стала зацьменне целам.
Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне, куды я іду.
Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту? Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што вымагае ад мяне жыццё:
засмяглы — п'ю ваду,
галодны — ем хлеб,
зняможаны — адпачываю,
адпачыўшы, імкнуся наперад — i апынаюся на сваіх слядах.
Я ў крузе, дзе слова шукае Слова, а чалавек — Чалавека.
Мой аднагодак Гаворка Саша, задумаўшыся глыбока, сядзіць каля груды жалезнага лому, у жоўтай пожні:
кашуля расхрысталася на ім,
ля скроні кроў запяклася...