з некім, хто мае прыйсці.
Да ракі нахіліліся агароды.
Спеюць сады.
Прастора адкрылася i паўнатою поіць рамонкі i дзьмухаўцы.
Над белым палацам паволі згрувашчваюцца аблокі.
Сцелецца сцежка да выспы атуленай дрэвамі i ў пазачас заглыбленай цішы.
Пудзіла — порткі, кашуля i капялюш — пытаецца недаўменна ў нямога неба, нашто яно чалавек.
У гасцёўні музыка: шумная, тлумная, фанабэрлівая, глухая.
Яна адна тут пануе i не дае нарадзіцца думцы i вымавіцца слову.
Але ніхто не асмельваецца прылюдна яе не схацець i сцішыць яе ці прымусіць яе замоўкнуць.
Госцям здаецца: яна падабаецца гаспа-дарам, гаспадарам здаецца: ёй цешацца госці.
Не заўважаюць хвіліны i дні, але заўважаюць гады i стагоддзі: павольнаняўхільна вежа на Людным пляцы сваёю вяршыняю хіліцца да зямлі.
Мабыць, калі яна ўзводзілася, з каменнем была ў яе ўкладзена хіба, i, нібы спружына, хіба зараз разгортваецца ў працэс.
У горадзе высяцца годна другія вежы, але не займае нас правідьнае: паасобку i грамадою мы ходзім глядзець на крывую вежу, бы самае значнае, што тут ёсць,—
яна.
Аднаго разу адзін паслухмянец, ні ў кога не папытаўшыся, выйшаў за манастырскую агаро-джу i пасяліўся ў гнаі.
Яго ўгаворвалі, каб вярнуўся, а ён стаяў на сваім: «Тут самая нетра свету, i маё месца тут».
З гэтага гною выйшла двайная карысць: з яго вырас праўдзівы манах, а потым, калі растрэслі на полі,— бульба, якую, хто еў,— хваліў.
Гожы, мажны, паважны, ён узыходзіць на сцэну, як на арэну змагання, i людзі нямеюць у прадчуванні: зараз ён вымавіць словы, што змусяць ix захапляцца, уражвацца, радавацца, спадзявацца, пакутаваць, гінуць, уваскрасаць,
Ён адтуляе ўжо вусны i на імгненне, нібы прыслухоўваецца да чагосьці, што, пэўна, чуваць яму аднаму, марудзіць —
i раптам усім цяжарам абрушваецца на калені, i з рота ў яго ліецца бурліваю ручаінаю кроў.
Быццам не верачы, як гэта з ім можа быць такoе, i хочучы гэта адпрэчыць, спыніць, адштурхнуць, ён намагаецца ўзняцца, ды, здужаны большаю сілай, падае зноў на дол.
— О не!..— ён крычыць, захлынаючыся крывёю, i ў роспачным, страшным, бязрозумным намаганні ўстае i стаіць —
i няма больш часу, няма больш прысутных, няма больш сцэны, а ёсць адно гэткі выклік i гэткі адказ.
Потым, бы здзейсніўшы тое, што мусіла здзейсніцца, i адтаго змораны звыш усялякай меры, ён пахіснецца i зноў упадзе, a здрыгі i ўзрухі будуць кранаць i кранаць яго цела,
i не адважацца людзі парушыць сваёй дапамогаю лішняй паэтаў скон.
Трымаючыся за платы, спатыкаючыся аб каменне, правальваючыся ў свежа насыпаныя магілы сваіх сяброў, ён ідзе ў той даўні, далёкі, вясновы сад, што некалі цвіў ад зямлі да неба i прысвячаў яго ў неўміручасць i ў якім ён, яму здаецца, нешта забыў.
З таго, што ён маляваў, паўставалі карціны, што мелі свае памеры, попыт i кошт, аднак ён сам маляваў не ix, а тое, што запыняла ўвагу i падавала голас i чаго ён дарэшты не мог убачыць i зразумець.
Белае бегла ў свет i вабіла за сабою, чорнае моўчкі малілася каля сцяны, чырвонае ўрушва-лася ва ўчынкі, жоўтае жала з'яву, зялёнае слу-хала казку, блакітнае абяцала, сіняе спраўджвала сны.
I хоць ніколі потым ён больш не быў у садзе, сад незаўважна заўсёды стаяў у яго за вачамі, нібы ён сам быў адно адмысловай прыладай, як пэндзаль ці фарбы, a маляваў насампраўдзе сад.