Спрадвечны гасцінец.
Людзі, калі праходзяць альбо праязджаюць па ім, быццам яны парушаюць нешта, што ўжо належыць не гэтаму дню, уздымаюць пыл.
А потым паволі знікаюць — i пыл асядае.
Але калі я думаю пра людзей, мне прыходзяць на памяць словы, якія нібы не тлумачаць нічога:
спрадвечны пыл.
Мусім тлумачыць усім i сабе таксама, што азначаюць нашыя словы, i прыкладаць ix да нейкай, схаванай у памяці, меркі, каб ім вярнуць першаісны змест.
Мы на паверхні з'яваў: усё, чым былі мы істотныя, засталося ў пластах глыбіні, i хоць мы не вандроўнікі, мы ўсё адно ў выгнанні, i забароны кіруюць намі, з дня ў дзень прывучаючы нас зразумець ізасвоіць, што дазваляецца нам, што — не...
Цьмяныя нашы мэты, і, асягаючы ix, пярэчым шчырым сваім памкненням: усё-ткі мы трацім усякі раз болей, чым здольны набыць.
Мы ў спрэчцы з сабой.
Але, быццам багіня кранае рукой за касмык валасоў, незаўважна для ўсіх астатніх, угневанага Ахіла, нас раптам кранае спакой —
i мы пазіраем з надзеяй, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні, у тое, што мае быць.
Два святары — адзін у светлым, як дзень, адзенні i ў чорным, як ноч, другі – разам ідуць па вясновай стрункай дарозе i разам нясуць зіхатлівы, з ружовых кветак, вянок.
Яны пазіраюць далека наперад — i ціхая радасць іграе на іхніх тварах: яны ўжо бачаць таго, хто ім сустрэнецца самапершы i каго яны ўзнагародзяць сваім вянком.
Гэта — Ганна-Марыя.
I калі святары аддаюць ёй вянок, ёй мроіцца, што прастора супала з лёсам i што ўжо калісьці з ёю такое было...
«Тое, што я вам сустрэлася першаю, - выпадкова»,— нібы апраўдацца за нешта, хоча яна ім сказаць, а словы ўсё роўна складваюцца па-свойму i вымаўляюцца ўголас: «Das ist kein Zufall» .
Людзі ідуць ca сваёю бядой да сваіх дабрадзеяў — хто аб'яўляючы ўголас, што жыць так нелыа, а хто нічога не кажучы, моўчкі, нібы звінаваціўся сам.
Кранутыя гучна-нямою людскою бядой, дабрадзеі плачуць — i шчодрыя іхнія слёзы ім замінаюць бачыць саміх людзей.
Яны як дзве кроплі вады падобныя між сабою, i я называю міжволі малодшага брата імем старэйшага: Анатоль.
Ён толькі што выйшаў з лодкі i адчувае сябе на сушы не дужа ёмка, бы рэкі, якімі ён плаваў, зрадніліся з ім i не хочуць яго яшчэ адпусціць.
Старэйшы быў лётчыкам, i ўжо цяжка злічыць, колькі гадоў мінула, як ён ca сваім самалётам, уцягнуты ў вір апраметнага віражу, разбіўся.
Але аднекуль прабілася i пасялілася між людзей упартая дзіўная чутка, што ён не загінуў зусім, a займеў не вядомую людзям магчымасць вярнуцца назад, на зямлю, у сваё жыццё.
Каб нешта сказаць, пытаю малодшага брата, ці вучыцца ён, ці працуе, ці проста застаўся дома i ці мяне пазнае, а ён на мой роспыт адказвае з нейкай унутранай неахвотай, бы тое, што адбылося, не да канца яшчэ адбьшося i мусіць чакаць свайго завяршэння,
i зноўку мне здасца, што гэта старэйшы брат.
Далёкія сінія вербы гнуцца пад ветрам.
Рэкі, напоеныя разводдзем, поўніць спакой.
Кветкі i свечкі, прынесеныя з сабой, i яшчэ няхітрая спожыць, якою жывыя дзеляцца з тымі, што некалі гэтаксама жылі на зямлі.
Усё ўжо сабрана, выкапана i пажата, i сёння якраз той дзень, калі сумяшчаюцца восі таго i гэтага свету i дзейсніцца свята яднання жьшых i мёртвых — восеньскія Дзяды.
Мы пойдзем да агароджы i ўбачым грудок маладога жыта — бы тут, на дзялянцы гэтай, у гэтай зямлі, пахавана само маладое i мілае людзям лета, але, пахаванае, узышло.
I, можа, таму, што цяпер у свеце пануе іншая норма, мы з пашанотаю кажам: «Святое жыта»,— i, як адкрыццё, скіраванае нам, прымаем спрыязнены з простым! вечнымі рэчамі цуд.