Той раптам пачаў нешта пісаць. Ды так хутка, што нібы касу адбівае.
«Пане следчы,— перапужаўся ўжо я.— Не пішэце. Я пачынаю ўжо зелянець»,— гэта значыць, намякаю ўжо на траячку.
«Не будзеш ты ў мяне ні белы, ні зялёны,—не падымаючы галавы, адказвае той. Пачырванееш, як бурак».
«Я, паночку, ужо сінею»,— злякаўся я, намацваючы ў кішэні пяцёрку.
«Не, будзеш толькі чырвоны, шальмец!»
Што ж, няма чаго рабіць. Кладу на стол дзесятку. Той не пазірае на мяне, грабе грошы сваёй лапаю, а потым кліча стражніка.
«Турыце яго прэч, каб мае вочы не бачылі,— кажа яму.— Ловяць, ды не тых. Не могуць злодзея ад парадачнага чалавека атлічыць!»
Але ад суда я так i не выкруціўся. Падаў той гаспадар скаргу — i клічуць мяне ў павет, у Ашмяны, на суд.
«Я чуў: на следстве ты прыкідваўся дурнем,— кажа мне адвакат,—I, кажуць, як арціст быў. Дык вось i цяпер, як запытае што-небудзь міравы, ты i кажы: «Ну дык што?», як другі раз запытае: — «А яшчэ што?»
Суддзя i праўда запытаў: ты такі i такі?
«Ну, дык што ж?»
«Вы ўкралі ў такога-та каня?»
«Ну, а яшчэ што?»
«Дурань, адказвай, калі ў цябе пытаюць!»
«Ну, дык што?»
Палічылі, што я ёлуп цара нябеснага, i адпусцілі. Адвакат клыпае ўслед.
«Ну, бачыш, мужык, як я табе добра памог?» — пытае.
«Ну, дык што?» — кажу яму здзекуючыся.
«Трэба пазалаціць руку»,— ухмыляецца.
«А яшчэ што?» — я за сваё.
«Заплаці за навуку».
«Ну, дык што ж?»
Плюнуў адвакат ды пайшоў. А я, усміхаючыся, жывы i здаровы падаўся дадому. Ого,— хітнуў галавою Міхайла,— трэба вялікую навуку ведаць, каб па судах i цюрмах цягацца i сухім з вады выйсцi альбо...
— Ды годзе! — махнуў рукой Сцяпан.— Дай разумнага чалавека, таўчы цябе камары, паслухаць.— Павярнуўся да Алеся.— Дык гэта ж вы, Алеська, раней часу выйшлі на волю?
— Шлёмаў хлопец ды твой Пятрусь выпусцілі...— апярэдзіў яго, пахваліўся, хітра ўсміхаючыся, бацька.
— Як — Шлёмаў хлопец i мой Пятрусь? — здзівіўся Сцяпан.
— Ваш Пятрусь i Фоля — цяпер рэвалюцыянеры, у міліцыі,— стаў тлумачыць Алесь.— Дык вось гэтая міліцыя i выпусціла нас.
— Дык ты ix бачыў? Фолю i нашага бэйбуса?
— Бачыў i гаварыў. Баявыя, хвацкія міліцыянеры.
— У сабацую службу пайшоў! — скрывіўся Пятро, пазіраючы на Сцяпана i маючы на ўвазе яго сына.