— Міша, ты чуеш мяне?
— Чую, добра чую, Роза,— усміхнуўся, зноў пазіраючы ёй у цёмныя вочы.
— Нейкі ты сёння зусім не той...— яна зноў збянтэжылася.— Нібы сонны альбо надзвычай летуценны. I нейкая вельмі дзіўная ў цябе ўсмешка.
— Я, здаецца, шчаслівы... Хіба дрэнна быць шчаслівым, Роза?
— Ці не закахаўся ты, Міша, у якую-небудзь белароску? — пажартавала, але не вольна ды лёгка, а з хваляваннем. Як ні стрымлівалася, ні глушыла ў сабе пачуцці (хоць i жанчына, але рэвалюцыянерка ж!) раптоўна памаркотнела — відаць, усё ж таксама хвалявала сваё, чалавечае, асабістае. Як ні тоіцца які ўжо час, якая ні строгая ды непадступная, але, здаецца, сімпатызуе яму, як у свой час сімпатызавала i сувязная Вольга Генкіна, жорстка закатаваная шпікамі i паліцыяй.
Міхайлаў i раней адчуваў, i цяпер, як кажуць, убачыў гэтае яе пяшчотнае пачуццё да яго, даражыў ім, баяўся яе пакрыўдзіць. Кожны, хто кахае, вельмі ранімы ад грубасці. Але i не мог адказаць узаемнасцю: кахаў іншую.
— А ведаеш, тут вельмі шмат прыгожых беларосак!
Роза мігам зразумела хітры яго жарт, паднялася.
— Не будзем расслабляцца, Міша. Праўда? — праз сілу зноў усміхнулася. Зірнула на гадзіннік, схамянулася. Можа, i наўмысна.— Мне пара. Сцеражыся, Міша. Ты вельмі патрэбен партыі...
— Дзякую,— ціха прамовіў i пяшчотна паціснуў яе руку. Каб было ў калідоры святлей, дык пры адыходзе заўважыў бы, што яе прыгожыя цёмныя вочы цяпер павільгатнелі...
«Высакародны яна чалавек,— ужо ідучы па сонечным двары, падумаў.— На добры толк была б добрая жонка i надзейная сяброўка... Але сама адмовілася ад сямейнага шчасця, прысвяціла сябе нашай мужнай, можа, якраз мужчынскай справе...»
Хоць i заставалася ўжо нямнога да канца абеду, хоць i не папалуднаваў, забег яшчэ на пошту-тэлеграф і, улагодзіўшы знаёмую маладую тэлеграфістку кампліментамі, упрасіў злучыць яго з Масквой, з Розіным бацькам. Той узбуджана сказаў яму пра Петраград: «Віншую. У цэнтры i дождж, i град. Неўзабаве будзе Савет сіноптыкаў. У канцы дня нашы апавясцяць пра падвор'е».
Які ні быў загартаваны, стрыманы, ды ад такой навіны аж разгубіўся. Навіна значыла: «Віншую. У Петраградзе рэвалюцыя ідзе поўным ходам. Сёння будзе ўтвораны новы орган улады. ЦК РСДРП (б) пад вечар распаўсюдзіць свой праграмны маніфест».
Ну, хіба гэта не здорава, не радасць?! Радасць ды яшчэ якая! Сапраўды, вясна, выпакутаваная за стагоддзі! Не толькі яны, сучаснікі, але i многія пакаленні прысвяцілі сваё жыццё, а то i аддалі яго змоладу дзеля гэтых дзён.
Міхайлаў, крочачы на службу, аж прысвістваў сам сабе: душа, сэрца спявалі.
2.
Пад вечар Муху паклікалі да тэлефона. Званіў знаёмы. Як i заўсёды, ён назваўся чужым іменем, а на самай справе гэта быў падпалкоўнік Сінілаў з мінскай ахранкі.
— Васіль Іванавіч,— сказаў той хрыпла, нібы прастуджаны (на самай справе меў хворае горла. Можа, i горлавыя сухоты).— Трэба праз хвілін дваццаць сустрэцца ў Аляксандраўскім скверыку, каля лебедзя. Калі зможаце, прыхапіце з сабою мой матэрыяльчык.
— Добра,— адказаў Муха.
Ён зманіў калегам, што адлучаецца па сямейных клопатах, i неўзабаве прыйшоў ужо на сустрэчу.
Раней Сінілаў, а яшчэ раней падначаленыя яму супрацоўнікі малодшых званняў звычайна клікалі ў пэўны дом, дзе яны наймалі кватэру для такіх рандэву, але вось сёня Сінілаў запрасіў у сквер. Мусіць, меў нейкую тэрміновую патрэбу.
Канечне, Муха, як i кожны прыстойны інтэлігент (ён лічыў сябе якраз такім), ненавідзеў ахранку, саромеўся, што нітуецца з ёю, але мусіў супрацоўнічаць. Яшчэ ў Вільні яго аднойчы паклікалі да ваеннага каменданта, а там звялі яго з супрацоўнікам ахранкі — той пазнаёміўся, тое-сёе распытаў, пераказаў яму ўсё, што пішуць пра яго i сяброў тайныя асведамляльнікі, чым вельмі напалохаў. Не хацелася быць у вачах ахранкі палітычна ненадзейным, трапляць у іхні чорны спіс, i таму, калі запрасілі супрацоўнічаць, згадзіўся. Расказваў пра віленскую творчую інтэлігенцыю, а таксама i пра сваіх сяброў Васілевіча, Нямкевіча, Лысковіча. Не ўсё дакладваў, але i не шмат таіў.
Сінілаў, гадоў пад сорак, высокі, худы, у цывільным шыкоўным футры, у капелюшы, заклаўшы i сашчапіўшы рукі на паясніцы, паходжваў ужо ля маўклівага цяпер фантана. Яго, Муху, згледзеў здалёк, але не спяшаўся ісці насустрач — азіраў усе алеі, каб абсачыць, ці няма там іхніх агульных знаёмых.
Кажуць, ён, Муха, мае нялёгкі позірк. Нібы з глыбіні, чэпкі, вывучальны. Ды во ў Сінілава, як i ва ўсіх яго калег, цяжэйшы — пранізлівы, не столькі з глыбіні, як з нейкім, калі можна так сказаць, чорным дном, недаверлівы, двудушны, са штучнай шчырасцю (Муха, нямала ўжо знаючыся з ахранкай, навучыўся па такіх своеасаблівых, чортаўскіх, позірках пазнаваць i супрацоўнікаў ахранкі, i тых, хто даўно трэцца з імі). I ўвогуле гэты Сінілаў прыкры. Надта сваім хаценнем быць «простым чалавекам», дзеля чаго ён пачынае лаяцца, брудзіць словам, хоць ты вушы затыкай.
Парукаліся. У Сінілава рука была халодная, нібы ледзяная. Усміхнуўся, але i цяпер у яго выйшла не столькі звычайная чалавечая ўсмешка, як ашчэрванне. Ён часта (ад нервовай хваробы) ні з таго ні з сяго разяўляе рот i перасмыкаецца. Пайшлі па алеі, абсаджанай высокімі старымі ліпамі i таполямі, зганяючы паперадзе сябе галубоў.
— Ну, які настрой, Васіль Іванавіч?
— Вясновы, Аляксей Міканоравіч,— ухіліста адказаў Муха. Дастаў з кішэні паліто загадзя падрыхтаваны канверт з трыма густа спісанымі лістамі паперы, а таксама з распіскаю, што атрымаў грошы. Ліст i распіска былі падпісаныя яго тайным псеўданімам — Слуцкі.— Вось падрабязнае апісанне вечара ў «Беларускай хатцы», калі праводзілі Багдановіча. Хто быў i што гаварыў.
Сінілаў узяў і, нават не зірнуўшы на лісткі, на распіску, схаваў канверт у кішэню паліто, а яму падаў свой канверцік — з грашыма.
— Мы ўважліва вывучылі вашую апошнюю інфармацыю,— прамовіў, пакуль Муха засоўваў у кішэню пінжака канверцік (раней ён браў грошы са збянтэжаннем, нават з сорамам, a апошні час — спакойна, як належную плату).— Вы пішаце, што цяпер тут беларускасць «амаль вымерла», «не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы». Але, скажыце, чаму яна ўсё ж дыхае, бруіцца? Адкуль, з якіх-такіх глыбінь жывучасць, упартасць? Чаму такая ў таго-сяго любоў да мясцовага, хоць бы на вашых звычайных вечарынках у гэтай «Беларускай хатцы»?
«Быдла! — вылаяў у думках Муха Сінілава.— А па-другое, i дурань! Хіба цяпер, у такі час, самае страшнае гэтая кволенькая жывучасць? Хіба вы, у сваёй прыкрай ахранцы, не бачыце большых у сто, у тысячу разоў пагроз i небяспек?»