— Таўчы яго камары, вялікая паліціка для вялікіх галоў...— прамовіў неўзабаве.— Паслухай, браце, можа, ты багаты на жытнюю муку? Пазыч хоць з паўпуда. Адробім увесну ці ўлетку.
— Не, што ты. Мала ў самога,— няшчыра замахаў рукамі Мішук. Скупы i жорсткі, як i яго сват Гарбацэвіч. Калі што i можа даць, дык не адразу, a толькі пасля таго, калі на калені станеш.
— Няма дык няма...— паныла прамовіў Сцяпан i пасунуўся па вуліцы. Воддаль, цераз лагчыну, дзе цёк ручаёк, на ўзвышку, i жыў Пятро. Яны, Чорныя, агулам выкапалі ў яго двары студню. Была яна глыбакаватая, але з вельмі смачнаю вадой. У многіх у вёсцы ў студнях вада выбіралася альбо вымярзала, a ў Пятровай студні — ніколі. Хоць у адным, з вадою, быў прыветны да ix бог. Той жа Мішук, калі прыпрэ, дык ходзіць якраз да Пятра па ваду. Даюць i ніякай платы не патрабуюць. А ён, бачыш, якое свінчо. Як лепш жыве, дык задраў нос, не спачувае. Ён бы, Сцяпан, каб мог, дык усім бы не толькі спачуваў, але i памагаў бы выбрацца з бяды. Як, скажам, памагаюць Нямкевічы, Грыгарцэвічы. Але Мішук не на ix раўняецца, а на Гарбацэвіча ды Дземідовічаў.
Калі вярнуўся з вядром вады ў хату, дык спахмурнеў: нявесткі зноў счапіліся.
— Смалы яму, а не малака...— сіпата крычала Аўдоля.
— Ён жа самы малы, апухае ад слабасці...— не здавалася Ганя, канечне ж, заступаючыся за меншае сваё дзіця.
— Зірніце, палюбуйцеся, якая ваша любіміца! Зладзейка! — павярнулася Аўдоля i ледзь не пад нос тыцнула яму невялікай бутэлечкай з малаком. Яна, ясна ж, нядаўна абмацала яе недзе ў Ганіным рукаве i адабрала яе.— Употай крадзе! Для сваіх бахуроў!
— Колькі тут таго млека...— паспрабаваў Сцяпан суцішыць старэйшую нявестку, а заадно i самому супакоіцца.— Ці варта такі гвалт падымаць?!
— Ага, у яе дык дзеці, a ў мяне не дзеці! — накінулася ўжо на яго Аўдоля. Аж губы пасінелі ад злосці. Пра такіх звычайна кажуць жартаўнікі: «Ведаеш, колькі разоў сустракаю тваю жонку, дык заўсёды цешуся».— «З чаго ж ты цешышся?» — «Што яна не мая жонка»,— Я, як старэйшая, пра ўсю сям'ю дбаю, а яна — толькі пра сваіх... Чорт не возьме, байструкі самыя жывучыя, не згінуць...
Яму аж дых зарвала: якая жорсткасць!
Ганя, нібы скошаная апошнімі Аўдолінымі словамі, жахнулася, умольна зірнула на ўсіх, надта на ix, мужчын, а пасля таксама ссінела i, хапаючы ротам паветра, абсунулася каля стала, затуліла далоньмі твар i залілася слязьмі.
— Павешуся! Утаплюся! — выкрыкнула, глытаючы слёзы i боль.— Я ўжо не магу так болей жыць...
— Грэх такое гаварыць, Аўдоля,— прамовіў ён, бачачы, як на палках, на лежаку печы прымоўклі дзеці i лыпаюць на ix, старэйшых, чорнымі вінаватымі ды сарамлівымі вачыма.
Аўдоля, здаецца, уражаная адчаем i слязьмі малодшай цярплівай нявесткі, сумелася, трымаючы гэтую бутэлечку нібы гарачую галавешку. Пасля хуценька збавілася ад яе — паставіла на пліту. Здаецца, моўчкі адшкадавала гэтае малако. Заадно таксама расхвалявалася, аж затрымцела, заплакала, скардзячыся на сваю долю:
— Няхай яно згарыць, такое жыцце!.. Нашто я выходзіла замуж, тапіла галаву! Была б незамужняя, дык была б шчаслівейшая!
— Цяжка, дзеці мае. I не нам адным,— улучыўшы хвіліну, калі кабеты выплакалі першы, самы горкі адчай, боль, крыўду, прамовіў ён, адчуваючы, як у самога трымцяць рукі i нібы іголка коле ў сэрца.— Але ж не ўсе звярэюць, заядаюць адно аднаго жывымі... Нам бы як месяц-другі пратрымацца, да шчаўя — тады акрыялі б...
Нявесткі яму нічога не адказалі; выціраючы краем цёмнага фартушка слёзы, пачырванелая Ганя падалася засцілаць пасцелі i палкі, а ссутуленая Аўдоля пачала даставаць з печы чыгунок з бульбаю.
Кірыла маўчаў, зацята курыў; Сцяпан, каб парушыць гнятлівую цішыню, паклікаў да сябе самага меншага ўнука, з-за якога нядаўна загарэўся сыр-бор:
— Хадзі сюды, Васілёк.
Той, у кашульцы, босы, танкаваты для свайго ўзросту, з адвіслым жывоцікам, крывавата затупаў да яго, не па-дзяцінаму сумна на яго пазіраючы. У вялікіх яго чорных вачанятах нібы засела цяжкая гаркота.
— Ha, пі,— Сцяпан падаў яму невялікую, з-пад лякарства, рудую бутэлечку.
Той каўтнуў сліну, але бутэлечку з малаком не браў. Апусціў галоўку i ўнурыўся долу.
— Выпі, Васілёк,— папрасіў, пагладзіў шурпатай далонню па яго чорных, віхрастых валасах.— Сырадой — тое ж лякарства...
Хлапчаня спадылба зірнула на Аўдолю (тая нібы не бачыла нічога i не чула, моўчкі ўжо адцэджвала бульбу), а пасля ўзяло i, задзіраючы галоўку, пачало піць. Глынула больш, чым трэба, запырхалася, аж па падбародку пацёк белы струёк.
— Не спяшайся, памаленьку пі,—усміхнуўся Сцяпан, тулячы хлопчыка да сябе. Байстручок, але ж усё роўна дзіця. Не чужое, a іхняя кроў!
Неўзабаве Аўдоля проста на стол высыпала гарачую, парыстую неабіраную бульбу, а пасля наліла з дзежачкі, што стаяла ў кутку на печы, вялікую місу кіслай, ноздрыстай саладухі. Сама, як i Ганя, за стол не села; Сцяпан з Кірылам, а таксама i дзеці моўчкі, стараючыся не пазіраць адно аднаму ў вочы, пачалі абдзіраць хто нажом, а хто пазногцем бульбу, сёрбаць саладуху.
4.
Чужы барадаты мужчына павёз іхняе сена, накіроўваючыся на Глінішча, можа, i да найбліжэйшага суседа — Мішука. Сцяпан зачыніў цяпер ужо зусім апусцелае, толькі з адным пахам сена i саломы, гумно, абяссілена прытуліўся да старых цёмных дзвярэй, што трымаліся на адным, верхнім, завесе. Ніжэйшы завес быў без толку: ніжні канец вушака састарэў, згніў, i з яго даўно ўжо выпаў крук. Шмат гадоў ужо гэтаму гумну — яго яшчэ ставіў, як казалі, вельмі дужы i працавіты прадзед, перабраўшыся з-за Нёмна ў гэтыя чужыя, але яго сыну, унуку i праўнуку Сцяпану ўжо родныя i мілыя Янкавіны.
Божа, адчаіўся Сцяпан, што гэта робіцца? Падгрэблі ўсё, што было ў гумне, павезлі, а ты... Як хочаш жыві! Чым хочаш ужо ўвечар кармі карову! Бадай, як ніколі разгубіўся. Напраўду, дзе якое выйсце? Жыццё так звузілася, загнала ў кут, што хоць вешайся! Калі пачаў аціхаць шум у вушах, пачуў: па ўсёй вёсцы крыкі, енкі, плач. Божа, што ўлада, армія вытвараюць з людзьмі? Ці не жывымі са свету зводзяць?!
Пачуў тупат па двары. Прыкладаючы руку да грудзіны, нібы гэтым мог супакоіць узбуджанае сэрца, павярнуў галаву: сюды, да яго, шнураваў подбегай старэйшы ўнук Пятра Вайткевіча, Андрэй. Выцыглясты, з пачарнелымі вусікамі пад носам дзяцюк.