— З прыездам! — усміхнуўся, трымаючы яе руку ў сваёй. Пазіраў у яе цяпер, пры скупым святле, цёмныя вочы, на адухоўлены малады i вабны твар, i яго сэрца аблівалася цеплынёй.
— Добры вечар, Васіленка-ўцякач! — прамовіла гарэзна i нечакана прытулілася, пацалавала яго тры разы, прыемна казытнуўшы яго твар мяккай поўсцю сваёй, відаць, сабалінай шапкі. Здаецца, смела i легка пераступіла мяжу няёмкасці ды стрыманасці. У яе гэтых пацалунках была адданасць, жаночая вернасць i радасць, дык ён не толькі адагнаў ад сябе прэч ранейшыя сумненні, трывогі, але тут жа парадаваўся: як добра, што яна прыехала, як добра, што можна ўзяць на сябе клопат за любімага чалавека!
— Я, Соня, не Васіленка. Я — Міхайлаў Міхаіл Аляксандравіч,— шапнуў ён.
— Прабач,— таксама прашаптала.
Пасля, калі ўжо ехалі на фурманцы па начным Мінску (каб паказаць горад, ён наўмысна папрасіў фурмана павезці ix па цэнтральнай Захараўскай вуліцы), яна, аддаўшы свае рукі ў яго далоні, шаптала ціхенька:
— Спачатку я вельмі пакрыўдзілася: нечакана збег, як выпарыўся. Hi слоўца, ні запісачкі не пакінуў. Думала: тлуміў-тлуміў галаву, прываражыў i даў драла. Але пасля, калі яны паклікалі, пачалі дапытвацца, дзе ты, я ўсё адчула...
— Збаялася, што з такім злыднем зналася? — пажартаваў.
— Які ты паганы! — пакрыўдзілася.— Ці варта было ехаць тысячы вёрст, каб пачуць такое?
— Я сапраўды нядобры,— мацней сціснуў яе рукі.— Я сапраўды хацеў затлуміць табе галаву...
— Я цябе перавучу...— прамовіла, прытулілася да яго плечука. I замаўчала, пазіраючы на касцёл Сымона i Алены — яны якраз павярнулі на Захараўскую вуліцу.
Яшчэ ўчора Міхайлаў жыў на Старажоўцы, кватаруючы ў знаёмага старога бальшавіка, але сёння павінен быў памяняць жыллё — дзеля яе, Соні. Сябры знайшлі яму кватэру паблізу Шпітальнай вуліцы i лазарэта, дзе ён летась нейкі час ляжаў хворы. Сёння ў абед ён заходзіў туды, перагаварыў з гаспадарамі.
— Здаецца, гэты Мінск — старажытны горад? — запытала Соня.
— Старэйшы яшчэ за Маскву,— адказаў.— Кампактны. Прыгожы. Асабліва сваімі касцёламі i цэрквамі.
Пазней, калі мінулі гарадскі сад, Свіслач, збіраліся павярнуць, Міхайлаў кіўнуў уперад, за фурмана, а пасля прамовіў:
— Там, на Захараўскай, 135, стаіць адзін гістарычны домік,— і, нахіліўшыся, дадаў шэптам: — Там быў у 1898 годзе наш Першы з'езд...
Соня з разуменнем i ўхваленнем яго работы паціснула яму руку.
Неўзабаве яны павярнулі, праехалі ўздоўж усё яшчэ пакрытай лёдам i снегам Свіслачы, на якой удзень сядзіць нямала рыбакоў. Справа ляпіліся драўляныя хаціны. Ля адной з ix Міхайлаў i папрасіў фурмана прыпыніцца.
Калі атрымаў плату, фурман падзякаваў, завярнуўся i паехаў зноў на вакзал, a Міхайлаў i Соня засталіся адны на невялікай ціхай вуліцы.
— Ну хадзем, Зося, у хату,—усміхнуўся.
— Што-што? — здзівілася яна.
— Я сказаў па-мясцоваму,— патлумачыў.— Зося — гэта Соф'я, а хата — дом...
Ён адчыніў дзверы ў высокай, абабітай дошкамi браме; спачатку яна, а пасля i ён ступілі ў невялічкі, абгароджаны з двух бакоў невысокім плотам дворык, а па ім пакрочылі да блізкай веранды з вялікімі ўзорыстымі вокнамі. За платамі, злева i справа, задумліва стаялі старыя чорныя яблыні.
— Страшнавата, Міша...— азірнулася, прамовіла Соня.
— Не бойся. Гаспадары — добрыя людзі,— заспакоіў, несучы ўслед важкі чамадан.
У першай палавіне хаты было светла — ад падвешанай да столі лямпы з шырокім ружовым абажурам, што быў абклеены махровымі палоскамі белай, чырвонай, зялёнай i жоўтай паперы. Тут жа, пры стале, былі i гаспадары, Хількевічы: гаспадыня ў доўгай цёмнай спадніцы, белым фартуху, у шэрай блузцы i белай хусцінцы, а гаспадар у валенках, салдацкім галіфэ i ў белай вышыванай кашулі.
Соня, як бачыў, з цікавасцю агледжвала ix, іхняе жыллё — абмазаныя глінай i пабеленыя мелам сцены, дашчаную столь, дзе пад бэлькамі тырчэлі кучкі зёлак, нечым падобную на рускую, але з тутэйшымі пераробкамі печ,— i ўсё гэта, мусіць, выклікала ў яе пачуццё навізны. Нібы трапіла ў іншую краіну.
— Вось гэта — Соня, Соф'я Аляксееўна, альбо, па-вашаму, Зося...— усміхнуўся Міхайлаў.— А гэта — цётка Алена i дзядзька Хведар,— ён наўмысна назваў гаспадароў па сялянскаму звычаю, каб зблізіць ix са сваёю нявестай.
Гаспадары падняліся з-за стала, пакланіліся, запрасілі «заходзіць i садзіцца», «быць як дома».
Калі павячэралі (гаспадары падалі на стол вараную бульбу, патэльню сала з яйкамі, міску квашанай капусты, а Соня выклала маскоўскую кілбасу, хлеб, а напаследак, пасля гарбаты, пачаставала кедравымі арэхамі), пагаварылі пра сібірскае i тутэйшае жыццё.
Гаспадары засталіся начаваць тут (гаспадыня — на печы, а гаспадар — на тапчане пры ёй), a Соні i Міхайлаву паслалі ў другой, белай, хаце: ёй — на ложку, на пярыне, а яму — на канапе.