Калі павярнуўся, дык убачыў: насупраць стаіць у доўгай начной кашулі, босая, заспаная Кастуся (позна ўчора вярнулася з вячорак), а на дзедавым ложку сядзіць пабуджаны яго крыкам пляменнік Ясік i няўцямна трэ кулачкамі павекі. Убачылі яго жывога, супакоіліся; Ясік зноў лёг, а Кастуся вярнулася ў светлы пакой, дзе яна цяпер спала на Алесевым ложку. Побач з яго кнігамі. Нявестка, Ядзя, жыла ў бацькоў, i пра яе стараліся не ўспамінаць i не гаварыць.
Маці падалася на кухню, да печы, а Янка ляжаў на цёплай пасцелі, супакойваўся душой i целам i не зусім верыў, што нядаўні страшны сон быў толькі сон, што ён далека ад акопаў, холаду, смерці i што хутка ўжо тыдзень у бацькавай хаце. Але вось Кастусіны ўздыхі, матчын тупат ля печы i стук вілак па прыпечку, сабачы брэх на дварэ, бацькаў ляск малатком аб сцяну хлява — усё гэта напамінала: aгa, ты дома, ты — ужо цывільны чалавек, жывеш, як жывуць усе простыя вясковыя людзі. Наперадзе — дзень, гаспадарскія клопаты...
...Пасля сняданку Янка, бацька i Ясік падаліся ў лес.
Як выязджалі ca свайго двара, а потым ехалі па вуліцы i, звярнуўшы з яе палева, падаваліся ўздоўж доўгай Гарбацэвічавай сялібы — хаты, хлява, клеці, а потым i гумна,— Янка пасвіў i пасвіў вачыма суседаў двор: можа, убачыць дзе Зосю...
Усе гэтыя дні, што быў дома, ён пры кожнай спрыяльнай хвіліне, калі заставаўся ў хаце сам-насам альбо толькі з Ясікам, падыходзіў да вулічнага акна i падоўгу пазіраў на Гарбацэвічаў двор — выцікоўваў Зосю. Каб убачыць пры святле i добра яе разгледзець. I кожны дзень па некалькі разоў выгледжваў. Калі выходзіла з хаты то з вялікаю міскай альбо ражачкай (несла ў хлеў едзіва курам ці свінням), то калі ішла па ваду альбо выходзіла з двара i кіравалася да Сяла, да бацькоў. Яна таксама кідала доўгія i нецярплівыя позіркі на іхнія двор i вокны, i ад гэтых яе цікаўных позіркаў у яго аж пераварочвалася душа. Добра, хораша, прыемна, мілая, што сюды пазіраеш з ласкаю, горка думаў ён, але якая мне радасць, што ты цяжарная ад свайго хірлявіка! Я ж прагнуў з акопаў i шпіталя сюды, дадому, каб у першы ж вечар цябе прытуліць, пацалаваць, каб ты была ў маіх абдымках! Аж не. Ты — недаступная цяпер, чужая.
Ела, грызла яму душу гэтая жорсткая існасць, што не можа паклікаць яе, як некалі, ды прыпасці, адчуць яе, расказаць пра свае думы i пачуцці. A клікаць толькі для таго, каб пачуць, як яна жыве, чаму другі раз зацяжарала, не хацеў.
Сёння Зосі ён не ўбачыў — ні ў акне, ні ў двары. Згледзеў толькі, што збіраюцца ў лес i Гарбацэвічы: Віця, сапраўды, як добра відаць удзень, не дзяцюк ужо, a патаўсмацелы, нават па-мужчынску агрубелы, вунь нясе з гумна ахапак сена (убачыў ix i адвярнуўся), а бацька запрагае сваю Сівую (турзае яе за аброць ды крычыць, што не дае накінуць на галаву хамут). Крывы ёсць Крывы, не можа без буркатні i злосці.
— Здароў, Пётрык! — гукнуў суседу Нямкевіч-бацька.
Той, здаецца, за апошні час схуднелы ды прыгорблены, у кажушку, падпяразаны вяроўчынай, за якую былі заткнуты рукаўкі, азірнуўся i адказаў прыязна. Ён, як i многія вясковыя старыя мужчыны, прыходзіць да ix кожны вечар — паслухаць Янкавы ваенныя былі (каб хутчэй вылечыць яго рану, прынёс кубачак мёду i лыжку заечага тлушчу), а таксама пагаварыць пра навіны. Канечне, па-ранейшаму не супраць, каб ён, Янка, узяў замуж яго дачку Анельку-недарэку. Тым больш цяпер, калі янкавінскія хлопцы на вайне i талковых жаніхоў адзін-два, можа, i на дзесяткі дзяўчат. Праўда, ні бацька, ні маці пра яго жаніцьбу яшчэ не загаварылі, радуюцца, што вярнуўся жывы. Па-другое, можа, i вычэкваюць часіны для такой гаманы.
Дарога цяпер, напрыканцы лютага, калі ўдзень прыгравала, слязіла снег маладое вясновае сонца, а ўночы падскакаў мароз, была цвёрдая, ездкая. Пазаўчора з'ездзілі на Шубін па сена (бацька доўга ўпіраўся, не хацеў браць яго з сабою, каб ён не развярэдзіў рану), а вось сёння, пакуль цвёрды снег, шарпак, рашылі падацца па дровы. Пазней, у вясновую хлюпіну ці калі пачнецца работа ў полі, сенакос, дык не будзе на гэта часу. Ды стары Нямкевіч не любіў адкладаць на пазней тое, што можна зрабіць сёння. Да сенакосу, прыхапкамі, дровы трэба парэзаць i пакалоць, каб адразу пасля жніва, яшчэ да асенніх дажджоў, перанесці i скласці ix, аблетаваныя, у дрывотні. А па-другое, такая ўжо ў Янкавінах завядзёнка: у часіну шарпака вазіць з Шубіна сена, а з лесу — дровы.
Конь бег шпарка, i яны хутка апынуліся на пагорку, на Пальку, а за ім, спусціўшыся ў лагчыну, уміг даехалі да свайго лапіка лесу. Развярнуліся, паставілі каня пры дарозе, падкінулі яму сена, а самі па надзеле бацькавага брата, Стася, падаліся да свайго. Тут, у густым ельніку, было цемнавата, настыла, а снег быў у дробных, нібы надзёўбаных ямачках-дзірках (ад упалых зверху камякоў снегу i кропель), але крыху далей, ужо ў іхнім сасонніку, быў нібы іншы свет: там, за яловым ценем, снег бялеўся, нават залаціўся. Яго, а таксама ствалы, быццам ахутаныя празрыстым дымком, шчодра асвятляла высакаватае залатое сонца.
Дзе ўтрымліваючыся на зацвярдзелай скарынцы, а дзе i правальваючыся ў глыбокі зярністы снег ці ў яміны пад папараццю альбо вакол ядлаўцовых кусцікаў, цугам — гаспадар, падперазаўшыся пілой, з сякерамі паперадзе, a Ясік (у кажушку, таксама падпяразаны, дык сапраўдны Іванка-мужычок) i Янка за ім — дайшлі да сонечнага снегу. На ім тут было шмат перамерзлай кары, ігліц, а то нават i невялікіх лапак.
Тут быў іхні кавал дзе густога тонкага, а дзе рэдкага тоўстага хвойніку, уперамежку з маладым алешнікам — з колішнімі дубцамі, што ўцалелі, выцягнуліся i патаўшчэлі пасля колішніх выразак i высечак. Улетку тут было шмат суніц, паблізу алехавай лагчынкі — лісіц, а каля ядлаўцу — баравікоў.
Зачэкала паблізу сарока, перасцерагаючы лес ад людзей; воддаль задзёўб дзяцел, парушаючы цішыню ды надаючы лесу своеасаблівую прывабнасць.
Запыніўшыся толькі на хвілінку (каб акінуць вокам увесь надзел), бацька папраставаў да невысокай крывой, але тоўстай сухастоіны — добра ведаў, не адзін ужо раз абмацаў рукамі кожнае сваё дрэва. Вось тут адразу пачаў абтоптваць вакол снег, ссякаць кусцікі — каб пілаваць пры самай зямлі, не пакідаць на смех людзям высокага пня. Пакуль ён усмалее, абарве моц з зямлёю, калі можна будзе вырваць яго, дык будзе рэзаць i калоць вочы.
— Дзед, давай гэтую зрэжам,— азваўся Ясік i стукнуў кулачком па старой высокай, лічы, без голля, толькі з невялікай зялёнай верхавінкай-чупрынай хваіне.
— Ого! — усміхнуўся i любоўна агледзеў гэтую сасну стары Нямкевіч,— Гэтая таўстуля — табе на новую хату. Будуць i дошкі добрыя на падлогу, i дылі на вокны. Мы з дзядзькам Янакам будзем жыць у нашай старой хаце, а табе, як толькі бацька вернецца з Амэрыкі, адразу пачнём ставіць новы дом. Абудую вас, а тады ўжо буду збірацца ў сваю вечную дамоўку...
Ясік, канечне, яшчэ не зразумеў апошніх дзедавых мудроных слоў; яны ж, сталейшыя, паскідалі кажухі, моўчкі апусціліся на калені i пачалі пілаваць тоўсты, набрынялы смалой, ад таго i цвёрды, як жалеза, камель. Пасыпалася i востра запахла пілавінне (спачатку рудое i сухое — ад кары, а пасля сіне-жоўта-чырвонае—ад абалоні i смалы). Янка быў няўломак, змалку любіў i пыніў мужчынскую работу, але цяпер, калі піла пачала ўядацца глыбей i пакрыху заціскацца, ці то ад доўгай адлучкі ад такой працы, ці то ад развярэджанай раны, адчуў: ные-баліць плячо, стамляецца рука. Бацька ж вунь шоргае i шоргае, нібы яму зусім не цяжка, толькі прыплюшчвае вочы ды час ад часу здзьмухвае з рыжаватых вусоў i барады пілавінне ды пакрыху чырванее. Але вось, калі Янка ледзь стрымліваў боль i стому, той запыніўся i выпрастаўся.
— Я, калі, можа, яшчэ во гэтакі быў,— кіўнуў на Ясіка, загаворваючы не пра тое, што муляла Янку, a зусім пра іншае,— часта ездзіў з бацькам у лес. Удзень — у свой, a ўночы, бывала,— i ў казённы. Дык вот ведаеце, што трэба рабіць, каб далека не было пілы чуваць? Не? Трэба камель кажухамі абгарнуць. Тады дзерава не звініць, не пяе, а глушэе.
Зірнуў на Янку i, мусіць, заўважыў на яго твары пакуту.
— Калі прыехалі ўжо, дык давай зрэжам хоць гэтую хвою. Толькі рэжма паціху,— прамовіў i калі зноў запілавалі, дык ужо не спяшаўся, стараўся большы цяжар браць па сябе, а каб ён часцей цягаў пілу ўлегцы.
Пасля, калі павалілі сухастоіну (а яна, як здараецца ў няўдалых разакоў, не ламалася, не пакінула на пні доўгай вострай пікі), бацька затупаў ад хвойкі да хвойкі ды пачаў выбіраць самую нягеглую. Але ўсё шкадаваў: тая — крывая, але падрасце, камель будзе спраўны, тая — разгалая, але на калодзежны журавель прыдасца, тая ўсыхаецца, але вельмі ж тонкая, на дошкі-шалёўкі пойдзе.
Калі ўсё ж адшкадаваў, спілавалі яшчэ дзве невысокія няўдалыя хваіны, парэзалі на кавалкі. Лягчэйшыя насілі на сані па аднаму, a цяжкія цягнулі ўдвух вяроўкаю — чаплялі за самы камель вузел, бацька браў адзін канец вяроўкі, а ён — другі, перакідалі цераз плечы i валаклі. Самы важкі камель дацягнулі на дарогу канём — канцы вяроўкі прывязалі да гужоў хамута. Пасля падабралі ўсё астатняе—галлё, сукі, нават абтрушчаную кару i лепшае вецце (на памёлы). Складзеныя палены на санях перавязалі вяроўкамі i паціху падаліся дадому. Наверсе дроў сядзеў i кіраваў канём Ясік, а Янка з бацькам, пыхкія ад гарачыні, стомленыя, задаволеныя, моўчкі, кожны думаючы сваё, тэпалі за саньмі ўслед. З'ездзяць яшчэ разы ca два ў свой лес, дакупяць бярэзіны i альхі ў Налібацкім лясніцтве альбо ў хатаўскога пана — i будзе дроў на новую зіму. Вайна вайною, вэрхал вэрхалам, а гаспадару ўсё роўна трэба дбаць пра гаспадарскае.
2.
Калі спусціліся з Палька (конь падбег, а Янка з бацькам адсталі), паднялі галовы i зірнулі на Янкавіны з гэтага тыльнага боку, дык аж устрапянуліся: у вёсцы штосьді дзеелася няладнае.
Амаль ля кожнага (як можна было акінуць вокам) гумна стаялі коні з саньмі, а з гумнаў людзі выносілі i накладалі на сані сена. Што за дзіва: янкавінцы змовіліся i адначасна апаражняюць гумны? Але чаго тады на ўсім наваколлі гудуць узбуджаныя людскія галасы, а там-сям чуецца енк альбо плач. Стары Нямкевіч аж прыпыніўся i падняў навушнік аблавухі — каб усё лепш агледзець i ўчуць.
— Зірні ты сваімі маладымі вачыма,— папрасіў Янку.— Што там робіцца?
— Вайскоўцы i цывільныя людзі носяць з гумнаў сена.
— Абіраюць, значыць...— дрыготкім голасам прамовіў бацька.— Мала было той, перад калядамі, абіралаўкі!
Рушылі. Бацька пакрочыў неспакойна, узбуджана: канечне ж, адчуваў i трывожную насцярогу, i сполах. Маўчаў, намагаўся хутчэй трапіць дахаты. Каб хоць сваімі вачыма зірнуць, што там робіцца, ды абараніць сваё дабро, нажытае потам, праз сілу, старасцю сваёй.