Сёй-той лагодна ўсміхнуўся: усе добра ведалі, што Васілевіч вельмі ўражлівы, часамі можа нават нейкую дробязь перабольшыць — ці ўзняць яе, ці ўбачыць у ёй трагедыю.
Васілевіч, адчуўшы кпін, збянтэжыўся.
— Ну, ты хоць даў якую-небудзь параду генералам? — ужо выстаўляў яго на смех Муха.
— Іншыя агітавалі...— адказаў ён.— I даволі ўдала.
Замоўк. На нейкі міг у сталоўцы запанавала цішыня.
— А ведаеце, я таксама ў свой час палітыкаваў і бунтаваў,— парушыў маўчанне Багдановіч.— У канцы 1905-га i ўвесь 1906-ты ў нашай Ніжагародскай гімназіі не вучыліся. Увосень 1906-га мой старэйшы брат Вадзім з сябрамі ўзарвалі ў гімназіі петарду — «в качестве протеста против реакционного поведения учащихся, не пожелавших почтить память погибших борцов за свободу 18—19 октября 1905-го», як яны напісалі ў ананімным пісьме. Старэйшыя класы мітынгавалі, дабіваліся сваіх яравоў. Я быў яшчэ ў IV класе, мы не мелі права на сходкі, але яго дабіваліся. Я ў той час захапіўся анархістамі, чытаў i прапаведаваў Бакуніна, Прудона, Эльцбархера, Малацеста, Штырнера, Чаркезава, утварыў у класе свой гурток. Але чым скончылася маё рэвалюцыянерства? Калі я пранікнуў на сходку ў старэйшы клас i пачаў дабівацца, каб змяніць канстытуцыю, дык мяне проста схапілі за каўнер i выкінулі за дзверы, а бацька пазней даў добры прачуханец... Юнацкае захапленне палітыкай хутка мінулася, i я зноў захапіўся беларустыкай...
— I дзякуй богу,— зноў ажыў, усклікнуў Васілевіч.— Хто ведае, які быў бы з вас рэвалюцыянер, а вось у беларускай паэзіі вы на сваім месцы...
Багдановіч перастаў усміхацца: не любіў, калі яго хвалілі.
— Ну што, дарагія дзядзькі i цёткі,— падняўся, здаецца, пераадолеў сум, боль i праз сілу ўсміхнуўся.— Час ужо i вам браць мяне за каўнер ды вытураць з Мінска...
— Мы ўсё ж, Максіме, цябе правядзём,— сказаў Змітрок Бядуля, таксама падняўшыся. Ён сёння, як i Галубок, быў у беларускай нацыянальнай апратцы — у доўгай вышыванай кашулі, падперазанай поясам, у хромавых ботах.
— Не-не! — загадаў Багдановіч.— Не будзем парушаць нашай дамовы. Развітаемся тут. Я шчыра дзякую вам усім за цеплыню, за прытулак, за цудоўныя песні, за мову. Я за гэтыя паўгода нямала чаму навучыўся, адчуў сябе сапраўдным беларусам. Дзякую i за грашовую помач. Будзем жывыя — разлічымся. Даклярую вам у цёплай Ялце i грудзі свае аздаравіць, i лемантар, чытанку давесці да ладу, i шмат новых вершаў напісаць. Урэшце, еду з надзеяй, што вярнуся сюды ўжо ў новых умовах, калі не будзе вайны, калі наш люд пачне залечваць раны, станавіцца на ногі, а мова наша пойдзе ў школы, у тэатры, загучыць у кнігах i газетах...
Усе падняліся, стоўпіліся. Багдановіч, ведаючы, што яго хвароба небяспечная, не дазволіў пацалавацца. Не то сарамліва ўсміхаючыся, не то стрымліваючы слёзы ў павільгатнелых вачах, моцна паціскаў толькі ўсім рукі. На вакзал, як i хацеў, падаўся адзін — у падараваным імі кажушку, з сабраным імі чамаданам.
Па вячэрнім, цёмным Мінску Васілевіч i Муха вярталіся дадому ўдвух. Маўчалі. Не хацелася гаварыць пасля ўсяго такога гораснага.
Васілевіч ішоў не да сваёй кватэры, a ў іншы, супрацьлеглы, бок — праводзіў Муху. Вось моўчкі мінулі адзін з самых новых гмахаў у Мінску — касцёл Сымона i Алены.
Яны ведалі, што гэтым касцёлам любіў любавацца Багдановіч. У Мінску панаваў ужо мадэрн, а вось гэты касцёл яшчэ нагадваў неарамантызм. Ён быў у раманскім стылі з дамешкай некаторых дэталей i прыёмаў готыкі i мадэрна ў дэкоры i асобных частках. Калі пазіраеш на яго, адну высокую i дзве ніжэйшыя, вастрэйшыя, вежы, прыбудовы з чырвонай цэглы ды з тонкімі загладжанымі швамi, дык гэта ўсё вельмі ўражвае. I даўніной, i сённяшнім, i дасканаласцю. Тут, як нідзе, удала спалучыліся ў муры i дух мінуўшчыны, i асацыяцыі ад яе, нейкая лёгкасць, успамін пра былое. Усярэдзіне касцёла прыгожыя вітражы, заснаваныя на беларускіх народных мастацкіх традыцыях i матывах, а таксама вялікі меднатрубы арган ды паліхромныя мастацкія роспісы ў народным духу.
Моўчкі пайшлі па Захараўскай вуліцы, мінулі трохпавярховы будынак гасцініцы «Адэса» з лаўкамі на першым паверсе, падышлі да таксама трохпавярховага будынка губеранскай земскай управы, дзе яшчэ сёння працаваў Багдановіч. Запаволілі крок, сумна зірнулі на вывескі-шыльды розных лавак на першым паверсе. А пазней каля высокага электрычнага слупа i запыніліся.
— Ну што, дружа дом? — падаў голас Муха, пазіраючы на будынак земскай управы.— Ці ўбачыш ты яшчэ свайго маладога, таленавітага, але смяртэльна хворага службоўцу?
Васілевіч не адказаў, толькі цяжка ўздыхнуў.
— Вельмі маркотна на душы...— прызнаўся Муха.— I не толькі з-за Максіма... Што ні рабі, як ні крычы ці плач, ён ужо не жылец на гэтым свеце... Калі што яго i выратуе, дык гэта толькі цуд... Я — пра іншае. Пра нашу долю.
Васілевіч слухаў — быў уражаны i прыгнечаны.
— Доля наша цяпер як ніколі слёзная...— прамовіў Муха.— Ты нядаўна сказаў праўду: калі дагэтуль наш люд, у якога адабралі i завалілі каменнямі душу, чэз i марнеў, то цяпер — фізічна гіне. Вайна, запыніўшыся на нашай зямлі, ужо выціскае з усіх не кроў, а сок...
Васілевіч зноў не абзыўнуўся. Не хацелася ні згаджацца, ні палемізаваць. Грызла сэрца сумнота, a з ёю — i нейкае трывожнае, нават трагічнае прадчуванне.
— I чорт пабяры, які абыякавы, жорсткі свет! — абурыўся Муха.— Хоць бы крыкнуў хто на ўвесь зямны шар: паны сусветныя варацілы, вашыя вялікасці цар i кайзер, вашы глабальныя спрэчкі спрэчкамі, але адумайцеся i будзьце міласэрныя: вы не толькі косіце крываваю касою мільёны людзей, але i мардуеце, вытоптваеце старажытныя народы!..
«Хто мы для свету? Жменя «цёмных», «дзікіх» тубыльцаў!»
— Летась азіяцкія народы, хоць i далёкія ад фронту, забунтаваліся: не хочам ісці чорт ведае за што ваяваць, хопіць заадно i пабораў! — сказаў Муха.— А наш люд i тут, у пекле, маўчыць! Стогне, плача, аддае апошняе, траціць сваіх сыноў, лічы, вымірае — i церпіць!..— Уздыхнуў. I ўжо не столькі з абурэннем, колькі са скрухаю дадаў: — Мелі мы з табой, дарагі, няшчасце нарадзіцца ў такім няўдалым народзе...
Васілевіч маўчаў. Слухаў Мухаву казань i адчуваў, што ўжо не толькі бярэцца, але i па-сапраўднаму пачынае зласнець колкі ды вельмі сцюдзёны пасля дзённага цягла мароз. Падняў галаву: неба, высокае i зорыстае, мігціць ад далёкага халоднага, але вабнага святла — як i трэба, шле на зямлю яшчэ адну лютаўскую стылую, але i па-свойму непаўторную, прыгожую ноч. У прыроды, падумалася яму, усё натуральнае i вечнае, аднолькавае для ўсіх, як i кожнага спрабуе далучыць да сябе i змусіць жыць у суладдзі з ёю i між сабой, але вось людзі ці то не ўмеюць, ці то не хочуць жыць па тых простых, але мудрых законах гармоніі, намагаюцца ўсё перайначыць на свой капыл, мітусяцца, спрачаюцца, б'юцца, льюць сваю i чужую кроў, пакутуюць i рана-позна ўскідваюць рукі ўгору: о, неба, выратуй i памажы!
— Колькі ні глядзі на неба, а жыць трэба на зямлі...— тузнуў яго за локаць Муха. Мусіць, як чалавек разважлівы, пераадолеў ужо гаркоту па трагічным Багдановічавым лёсе, зноў стаў самім сабою.— Я не ведаю, што будзе заўтра, але сёння бачу: цяпер справы нашыя кволенькія. Тое, што мы, адзіночкі-энтузіясты, затульваем слабое цяпельца i хукаем на яго, шмат не дасць. Не вялікія ўдачы i ў Бурбіса ў Маскве альбо ў Цішкі Гартнага ў Петраградзе. Але здзіўляе адна невытлумачальная рэч: адкуль, чаму такая людская нянавісць i да гэтага слабога ды кволага? Варта было Гартнаму з сябрамі наскрэбці крыху грошай i пачаць летась выдаваць «Дзянніцу» i «Светач», як адразу ж каршунамі напалі сталічныя рэакцыянеры i нашы ж прадажныя прыхвасні. «Нямецкія хітрыкі!», «Нямецкія шпіёны!», «Не было, няма i не будзе ніякай Беларусі!» — хорам лямантавалі, пакуль не задзяўблі... Што робяць нашы ў Варшаве i ў Празе, не чуваць. А вось нашы ў Вільні, бадай, толькі шкодзяць...
— Ты штосьці ведаеш пра ix? — ажывіўся Васілевіч. Як-ніяк там, пад акупацыяй, засталося нямала яго знаёмых.
— Будзеш трымаць язык за зубамі?
Васілевіч імгненна зірнуў Муху ў вочы: тыя былі ўжо спакойныя, без эмоцый. Сам Муха цяпер дзёўб кіёчкам у дол, дзе на розныя адценні іскрыўся снег.