Спачатку ім спрыяла «Северопомощь», але пасля адмовілася памагаць. Колькі i ён, Васілевіч, ні быў там, колькі яшчэ ў іншых месцах ні шукаў спачування i падмогі — дарма, усюды да ix былі глухія i скупыя. Таму, як ні было ім балюча, прыйшлося летась зачыніць дармовыя сталоўкі, пакінуць толькi платную, што засталася пры «Беларускай хатцы», а таксама мусілі адмовіцца i ад трох начлежак.
О, падумаў ён цяпер, калі б у ix быў тоўсты кашалёк! Яны шмат зрабілі б для землякоў, добра схілілі б на свой бок! А так, без грошай, заснавалі ткальную майстэрню, дзе бежанцы выраблялі на продаж палатно, ручнікі, сурвэты i іншае з мастацкімі ўзорамі ў беларускім стылі. Пазней якраз ён праз сваіх земскіх знаёмых дабіўся, каб ім далі заказ шыць бялізну для войска, а таксама паспрыялі адчыніць рамонтную майстэрню ваеннага абмундзіравання.
Яны як маглі дбалі не толькі пра дах над галавой, працу i кавалак хлеба для пакінутых у бядзе, але i пра іхнія душы, розумы, пра іхні гаспадарскі спрыт. Для гэтага летась наладзілі курсы па садаводстве, агародніцтве i пчалярстве. Як i належыць, навучанне вялі па-беларуску. Разам з іншымі ён таксама выкладаў на курсах, прымаў пасля экзамены.
Вельмі шмат мелі клопатаў пра дзяцей. Некаторым сіротам, а таксама з галетных сем'яў знайшлі прытулак у маёнтачку «Карпілаўка», дзе ix ласкава прывеціў пісьменнік Ядвігін Ш. Яго дачка, Ванда, стала выхавацелькаю ў гэтым прытулку.
Сваімі сіламі пазалетась i летась наладзілі на каляды батлейку, ёлку (пазалетась ён быў нават Дзедам Марозам) — на вечарах было больш чым па дзве сотні дзяцей, якія спявалі народныя песні, чыталі вершы, танцавалі.
Летась, у кастрычніку, як толькі заявіўся ў Мінску, пачаў памагаць ім i Максім Багдановіч.
Васілевіч вельмі ўсцешыўся пры навіне, што сюды, на радзіму, перабіраецца іхні малады, але слынны паэт. Яны ўжо ведалі, што той хворы, дык загадзя ўсе падумалі, дзе ён будзе жыць, сталавацца i працаваць. Васілевічу нашанцавала сустракаць Багдановіча на вакзале i адразу ж прывесці яго ў «Беларускую хатку», дзе вялікая грамада мінскай інтэлігенцыі чакала жаданага госця з нецярпеннем.
Усім адразу спадабаўся Багдановіч. Хоць той, лічы, i не жыў на Бацькаўшчыне, родную мову вывучаў найперш па кніжках, але меў сапраўдныя беларускія рысы — шчырасць, сціпласць i сардэчнасць. Пасядзелі, пагаманілі разам адзін вечар, а ў яго канцы здавалася, што яны ўжо знаёмыя даўно i блізка. Праўда, да ўсяго гэтага Васілевіча агортваў жаль i боль. З-за Багдановічавай бледнасці i яго бліскучых — канечне ж, ад гарачкі — вачэй.
Калі папілі гарбаты, стомленага госця праводзілі на кватэру Змітрака Бядулі, які ахвотна згадзіўся прытуліць госця.
«Вось чего мне не хватала...— змякчаючы зычныя, як i кожны чалавек, выхаваны рускаю моваю, прызнаўся Багдановіч па дарозе Васілевічу, акцёру, драматургу, рэжысёру Галубку i акцёру Фальскаму, якія ішлі побач.— Общения... Выбачяйце, теснай сувязі з вамі, з простым народам... Кнігі кнігамі, а вось такі непасрэдны кантакт кантактам...— Усміхнуўся.— Признайцеся: дужа бянтэжыць вас мая гутарка?»
«Што вы, Максім!—першы пачаў супакойваць Васілевіч.— У нас вы хутка абеларусіцеся!»
...Калі некаторыя ў сталоўцы Таварыства мелі толькі абед, то ўсе дамовіліся, што хворы Багдановіч павінен мець тут i снеданні ды вячэры. Клопат пра гэта ўзялі на сябе маці i дачка Сівіцкія: старэйшая, як яны называлі, пані Сівіцкая, загадвала сталоўкай, а малодшая, панна Людвіка, была сакратаркай Камітэта.
Як расказвала Васілевічу Людвіка, неўзабаве, праз некалькі дзён, яе маці заўважыла, што Багдановіч амаль не сочыць за сваім здароўем, забываецца прыносіць лякарства альбо не ўжывае яго i п'е гарбату без цукру.
Старэйшая Сівіцкая змусіла Багдановіча аддаць ёй усе лякарствы, дакупіла патрэбнае ў аптэцы i сілком загадвала піць альбо глытаць тое, што трэба, у адпаведны час. Але піць гарбату з цукрам не змусіла, хоць прасіла-маліла, што ўжываць салодкае яму неабходна. Калі ж аднойчы крыху падсаладзіла, дык той гэтак расхваляваўся, што Сівіцкім прыйшлося доўга яго супакойваць.
«Праз пару дзён пасля гэтага,— расказвала Людвіка,— калі мы снедалі толькі ўдваіх, я запыталася: «Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?» — «Бачыце, кажа, вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей. Калі я сабе адмаўляю тое, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, i гэта мяне хоць крыху пацяшае...»
«Выбачайце, кажу, але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае».— «А гэта пабачым»,— неяк загадкава адказаў.
I сапраўды, праз нейкія тры месяцы пабачылі. М. Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам апрача платы выдавалі паёк — пераважна цукар. I вось у адзін дзень раніцай, пасля снедання, выходзячы на працу, Максім просіць маю маму, каб дала яму чыстую пошыўку. Увечары сабраліся i дзівіліся, што так доўга няма Максіма. Ён прыйшоў позна i прынёс на плячах паўпуда цукру! Аддаў яго мне... i кажа: «Гэта для дзяцей уцекачоў...»
...Мусіць, нікому i ніколі не забыць, як разам сустракалі гэты Новы, 1917 год. Рашылі спатыкаць яго ў «Беларускай хатцы», сабраць усіх, хто спрыяў Таварыству, а таксама i іхніх родзічаў. Багдановіч выявіў шмат фантазіі, каб падрыхтаваць як след вечарынку, аформіць запрашэнні, а пасля i наладзіць сустрэчу. Вечарынка ўдалася бадзёрая, багатая на выдумку i на імпрэзы — усім, як ні было цяжка ў свеце, тут на Бацькаўшчыне, хацелася з радасцю вітаць Новы год, верачы, што, можа, якраз ён збавіць чалавецтва, ix ад гора i бяды, прынясе мір, змены, палёгку.
Развесяліўшыся, неяк i не заўважылі, як з іхняга гурту знік Багдановіч. Калі агледзеліся, кінуліся яго шукаць. Знайшлі яго ў бюро Камітэта — невялікім, але ўтульным, цёплым пакоі з балконам. Сюды, як гаварыла Людвіка, ён любіў зайсці, пасядзець — папісаць альбо пачытаць, а то i памарыць. Цяпер ён сядзеў у цемнаце i цяжка кашляў, затульваючы рот белай хустачкай. Яна была ў чорных плямінах, відаць, з рота ішла кроў. Можа, стаміўся за апошнія дні, а можа, неадчэпная яго хвароба няўмольна наступала i наступала, спальвала яго малады, але падточаны ўжо ёю арганізм.
Яму было вельмі няёмка, што ўбачылі яго вось у такім пакутніцкім стане, ён папрасіў не паліць святла. Сівіцкія ў цемнаце змусілі яго прылегчы, абмылі падбародак i шыю, далі лякарства. Пасля, калі яму палягчэла, ён, хоць i забаранялі яму гаварыць, сказаў:
— Хораша пагулялі сёння, аж стала лягчэй на душы. Але заўтра ж ужо трэба ўзяцца за новую работу. Можа, ужо хутка закончыцца вайна, будуць нейкія змены. Можа, нарэшце дачакаемся сваіх беларускіх школ, a падручнікаў у нас няма. Лемантары сякія-такія ёсць, а вось чытанкі пасля лемантара няма. Дык трэба яе скласці. Я магу заняцца паэзіяй — падабраць адпаведныя вершы, тое-сёе самому напісаць альбо перакласці...
«Божа мой! — пазіраючы на ляжачага хворага, падумаў тады Васілевіч.— Якое слабое ў яго здароўе, але які моцны дух, якія высакародныя памкненні... Але ў Мінску яму заставацца няможна... Трэба ехаць у Крым. I да надыходу вясны...»
...Зайшоўшы цяпер у сталоўку, Васілевіч убачыў там шмат люду. Абапал састаўленых упрытык сталоў, накрытых белымі, з чырвонымі ўзорамі па краях сурвэтамі, сядзелі, налівалі з жоўтага бліскучага самавара i пілі гарбату Ядвігін Ш. з дачкой Вандай, Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй i Геняй, Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй i зяцем Юзікам Фарботкам, Фабіян Шантыр, артысты Усевалад Фальскі i Уладзіслаў Галубок, архітэктар Дубяйкоўскі, адвакат Чаўсаў, публіцыст i вучоны Рамуальд Зямкевіч, гаспадыня Сівіцкая з дачкой Людвісяю, выкладчык Васіль Муха, а таксама сёння былі i тыя з тутэйшых, хто прыходзіць сюды рэдка, найчасцей у вялікія святы — пісьменнік Карусь Каганец (з Барысаўшчыны), пан, член Дзяржаўнага савета Расіі Рыгор Скураны, генерал Петрыкевіч, ксёндз Мятліцкі, капітан рускай арміі Еўзікаў i яшчэ колькі незнаемых афіцэраў меншых чыноў. На тым, дальшым, краі доўгага стала прымасціўся Максім Багдановіч, дзеля якога сёння i сабралася гэтая сябрына.
Гаспадыня Сівіцкая, пажылаватая, інтэлігентнага выгляду кабета, памагла Васілевічу распрануцца, павесіла яго паліто, запрасіла садзіцца за стол. Яе дачка, маладая, шчырая i такая ж інтэлігентная, як i маці, Людвіся, тут жа падала яму на сподачку кубак з гарбатаю, невялікую плеценую карзіначку з сухарыкамi.
Васілевіч падзякаваў i ўсміхнуўся:
— I сёння гарбата без цукру?
Усе гарэзна зірнулі на Багдановіча. Той, худы, сутулаваты, з густой, злёгку хвалістай, цёмна-русай чупрынай, з каштанавымі вусамі, у звыклай студэнцкай зялёнай куртцы, не вытрываў, лагодна ўсміхнуўся. Ён, здаецца, дагэтуль стараўся быць не маўкліва-задуменны, як заўсёды, а вясёлы. Але белавата-васковы твар, а таксама сумныя шэра-блакітныя бяздонныя вочы паказвалі, што гэтая весялосць змушаная, што ў яго на душы журботна. Відаць, не зусім хочацца пакідаць Мінск, не зусім верыць, што здолее вылечыцца.
— Раскажыце лепш, дзядзька Сымон, што новае пачулі на фронце? — перавёў гутарку на іншае Багдановіч.
— Фронт развальваецца,— адказаў Васілевіч,— а люд наш прыфрантавы чэзне...
— Ну, а ты што? — пакпіў Муха.— Памог утрымаць армію ў акопах? Аблягчыў людскі лёс?