— Дык не размянташыш пачутае? — перапытаў той.
— Не.
— Нядаўна быў тут з Вільні адзін наш знаёмы,— пачаў расказваць Муха тое, пра што дагэтуль маўчаў. Што ні кажы, умее таіцца.— Дык вось ад яго маю такія-сякія навіны... Да слова, калі германскі канцлер заявіў, што «вызваленыя ад Расіі землі не вернуцца пад маскоўскае ярмо», дык нашы з табой сябры, Лапкінскія, Стась Лысковіч i іншыя, заварушыліся. Яны пачалі дамаўляцца з польскімі, літоўскімі i яўрэйскімі дзеячамі, каб аднавіць Вялікае княства з сеймам у Вільні, з канфедэратыўным ладам для ўсіх чатырох нацый краю. I надзіва спачатку ўсе паразумеліся i ў снежні пятнаццатага абвясцілі адпаведны Універсал на чатырох мовах...
— Што ты кажаш? — ажывіўся, пачаў жыць іншымі эмоцыямі Васілевіч.
— Але немцы толькі пасміхнуліся з гэтага,— не зважаючы на Сямёнаў ажыўлены ўсплёск, гаварыў далей Муха.— Як толькі яны прыйшлі ў Вільню, дык адразу сказалі, што ўсё тут «належыць польскай кароне». Нават, як ведаеш, больш — летась на той польскай зямлі, што да вайны была пад нашым царом, яны абвясцілі «незалежную Польшчу». Акрыленыя польскія папы i ксяндзы, спажываючы тое, што там цяпер няма апазіцыйнага праваслаўнага люду, вывезенага ў глыб Расіі, пачалі заварожваць беларусаў-католікаў: вы — палякі, дык давайце разам дбаць пра новую Польшчу!.. Яны пачалі ладзіць польскія суполкі, школы, касцёлы для «кроўнай злучнасці». Гэта, канечне, адразу ж не спадабалася іншым, у тым ліку i нашым. Само па сабе зразумела, ідэя канфедэрацыі лопнула, як мыльная бурбалка...
— Дык — што? Разбегліся ў розныя бакі?
— Немцы спачатку збаяліся аднаўляць Вялікае княства, а пасля яшчэ болей — «велькую Польску», пачалі дбаць найперш пра сваё. Дзеля гэтага яны рашылі пагуляць. У тым ліку i з нашымі. Падакляравалі, што не аддадуць беларускія землі палякам, аб'явілі беларускую мову роўнай з польскай, літоўскай i яўрэйскай, дазволілі ўтварыць Беларускі народны камітэт, свае школы, выдавецтвы, газету «Гоман» i яшчэ тое-сёе... Да слова, летась, здаецца, у красавіку, Беларусі народны камітэт «ад імя ўсёй Беларусі» браў удзел у канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме. Там яго дэлегацыя выклала сваю палітычную дэкларацыю, дзе заявіла, што «беларускі народ чакае вызвалення з-пад расійскае няволі». Таксама летась, у чэрвені, на канферэнцыю ў Лазану ездзіў адзін з братоў Лапкінскіх (а з ім ні-бы i Стась Лысковіч) i выступіў там з мемарандумам, у якім заявіў, што «беларусы ўпершыню за 120 гадоў заяўляюць усяму цывілізаванаму свету пра сваё бяспраўе i просяць помачы...». Як я зразумеў ca слоў віленскага пасланца, гэтая канферэнцыя была пад эгідаю Германіі i мела на ўвазе памацаць еўрапейскую грамадскую думку: згодзяцца ў Еўропе ці не, каб адарваць ад Расіі каторыя народнасці i даць ім права на нейкае самавызначэнне пад нямецкім назіркам?..
— Ну, а як нашы з літоўцамі? — пацікавіўся Васілевіч.
— Яшчэ летась перамаўляліся, а сёлета, на пачатку года, перасварыліся. Наш агульны знаёмы кажа, што немцы, асцерагаючыся Расіі з-за Беларусі, параілі літоўцам не звязвацца з намі. Дык літоўскія дзеячы адышлі ад усіх i ўтварылі Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны орган Літвы i аб'явілі ў сваім складзе акупаваныя беларускія землі. Нашым у Тарыбе яны далі ўсяго адно «міністэрскае» месца...
— Дык што гэта значыць? — усклікнуў Васілевіч.
— А тое, што кайзер праводзіць абдуманую палітыку: чляні i ўладар...
— Зноў спекуляцыя на болі прыгнечаных народаў!
— А ты чаго хацеў? — ухмыльнуўся той.—Чужой ласкі? Ды ад завідушчага ды сквапнага захопніка? Не, брат, не чакай міласці i спагады. Праўда, як адчуваеш, кайзер не сячэ з-за пляча, як секлі некалі крыжакі. Тое-сёе дакляроўвае, тое-сёе на нейкі час дае. Але дарэмна Лапкінскія i Лысковіч не толькі клюнулі на інтрыгу, але i рашылі змяніць праграму грамады — адкінулі ідэю аўтаноміі ці федэрацыі, адзінай i вышэйшай мэтай вылучыўшы тэзіс незалежнасці... Па-першае, тэўтон ніколі не паспрыяе ў гэтым, а па-другое, ніколі наш дар не згодзіцца на такое i не даруе нават за падобныя думкі... Дык, паўтараю, віленцы не абачлівыя. А падругое, цяпер духоўны цэнтр нашага краю павінен перамясціцца ў Мінск. Калі што адбудзецца, зменіцца, то толькі тут...
Муха азірнуўся: у скупым святле ад недалёкага ліхтара да ix набліжаўся высокі гарадавы. I, здаецца з пагрознымі намерамі.
— Хадзем,— прамовіў Муха, i яны крануліся, пайшлі далей па Захараўскай вуліцы. Да блізкай павароткі на тую вуліцу, на якой жыў Муха. Цяпер няможна ні запыняцца ля ўстаноў, ні збірацца гуртам больш трох чалавек.
— Васіль,— з хваляваннем прамовіў Васілевіч, адчуваючы, што Муха зараз падасць яму на развітанне руку i пойдзе дадому.— Маю да цябе просьбу...
Прамовіў i аж успыхнуў ад сораму: быў смелы, дзёрзкі, калі трэба было адстойваць ідэю, але быў бездапаможны, калі трэба было нешта прасіць для сябе. Хоць скрозь зямлю тады праваліся ад сваёй беднасці i нікчэмнасці. Ды ад адчування нечыяй перавагі.
— Колькі пазычыць яшчэ? — усміхнуўся Муха, зразумеўшы яго няёмкасць.
— Хоць пару рублёў...— прамямліў Васілевіч.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1.
...Янка бег ноччу, у завіруху.
Разам з ім з вінтоўкамі, крычучы, імчалася шмат людзей, але ў цемені вымалёўваліся толькі самыя блізкія. Ды замінаў яшчэ ўсё бачыць сустрэчны пранізлівы вецер — ён пёк холадам, сек у твар нібы шротам, змушаў прыплюшчваць вочы, прадзімаў да касцей i валіў з ног. Але калі то тут, то там успыхвалі агні ад выбухаў, дык тады было добра відаць, што непрыяцельскі лес далекавата, гэтае нейтральнае поле вялікае, белае, а салдат вакол процьма — крычаць i бягуць насустрач смерці. Не адзін ты нясешся на пагібель.
Вось блізка, за некалькі крокаў да яго, раптоўна пачулася непрыемнае, жудаснае выццё, гупнуўся снарад, выбухнуў i асляпіў ды аглушыў. Янка спатыкнуўся, адчуваючы, як нясецца на яго хваля: спачатку сцюдзёна-ледзяная, з пырскамі снегу, а пасля i гарачая — з агнём i дымам. Збіла з ног, апякла гарачым болем у лапатцы. Ён нема закрычаў ад болю i адчаю — яго ж, параненага, кінуць тут, на полі, а то i затопчуць свае ж салдаты. Пасля нечакана зніклі ноч, завіруха, снараднае выццё, выбухі, агні, скупа асветленае поле, i ён адчуў хатнюю цеплыню, утульнасць, святло.
— Яначка, сыночак мой родненькі! — пачуўся блізка вельмі знаёмы голас.— Прачніся ж ты скарэй!
Ад штуршкоў у здаровы плячук ён i прачнуўся. Будзіла маці. А заадно канцом белага ручніка выцірала на яго лбе пот.
— Божа, мой божа! — бедавала яна. Дробненькая, у белай хустцы i доўгай сукенцы.— Нашто ж ты так мучыш душу?!
— Усё той жа адзін сон, мама, сніцца...— з няёмкасцю ўсміхнуўся ён.
— Калі пачаў крычаць i кідацца, дык я i здагадалася: зноў сніш бяду сваю...— паспачувала маці. Выцерла свой лоб, нібы адчуваючы, што там цямнеецца плямінка ад сажы. Мусіць, як клала дровы на под, дык дакранулася лбом да коміна.— Не cпi больш, сынок. Паляжы так. Пад раніцу заўсюды страшныя сны сняцца.
«Ні адзін жа снарад гэтак блізка перада мной не ўзарваўся,— падумаў.— Але чаму які ўжо раз сніцца якраз такое? Няўжо той, франтавы, страх усё яшчэ ў душы сядзіць?»