— Слухай, Сямён, які ўжо час хачу запытаць у цябе пра адну рэч,— перапыніўшы яго думкі, ужо без жартаў, а сур'ёзна загаварыў Міхайлаў.— Як бачу, ты знаёмы з Пятлюрам з Земгарсаюза. Філасофствуеце, ходзіце разам на літаратурна-тэатральныя вечары і, як кажуць, абодва вы тут лідэры па нацыянальных пытаннях... Дык хто ён, гэты твой цёзка?
— Як i ты — земскі служачы,— усміхнуўся Васілевіч.
— Толькі што ты выявіў: я — сацыял-дэмакрат. А хто Пятлюра? Сур'ёзны літаратар? Тэатральна-рэстаранная багема? Дэмагог? Пазёр? Авантурыст?
Украінскі нацыяналіст? Карацей, што за птах?
— Хто ведае, Міша, якія птахі i дзеля чаго наляцелі сюды за апошнія гады з усёй імперыі?! — пажартаваў Васілевіч.— Адзін бог знае, хто такі Пятлюра альбо, скажам, хто такі на самай справе ты ці твае сябры — Любімаў, Магілеўскі, Ландар ці вось падпалкоўнік Каменшчыкаў, з якім таксама бачу вас часта?! Kaгo ў нас цяпер няма! I рускія, i ўкраінскія, i польскія, i латышскія, i яўрэйскія дзеячы самых розных адценняў! Паспрабуй разбярыся ва ўсіх, калі не можаш разабрацца нават у самім сабе!
— Я сур'ёзна, Сямён,— прамовіў Міхайлаў.— Я ніяк не зразумею, што тут робіць якраз гэты певень. i ў Мінску, i асабліва тут, у Другой арміі, у Нясвіжы, у 5-й пяхотнай дывізіі, дзе шмат маларосаў, вядзе нейкія шэпты-гешэфты са сваімі землякамі, збірае тайныя сходкі, кажуць, нават мае нейкую сваю праграму. I да ўсяго гэтага яры антысеміт.
Чэснае слова, Міша, я не магу сказаць пра яго нешта пэўнае,— прызнаўся Васілевіч,—Я знаёмы з ім праз Муху. Вось з Мухам яны сябры, нібы браты. Я ведаю толькі, што ён i нешта піша, i багемнічае i, як ты кажаш, мае моцныя ўкраінскія настроі... Не раз гаварыў мне: «Кідайце хукаць на сваю задрыпаную беларусчыну, давайце лепш разам дабівацца вялікай i моцнай Украіны!»
— Раскольнікі, хлопцы! — падаў голас адзін з падарожнікаў (старшы ўрач з 4-га Грэнадзёрскага Нясвіжскага палка, Ціхменаў).— Якое вам трэба яшчэ месніцтва? Хіба не бачыце, што цяпер ёсць рэчы важнейшыя за вашы асабістыя пачуцці?
— А што рабіць, калі вось мне, да слова, баліць тое, што вы агулам i пагардліва называеце месніцтвам? — Да галавы Васілевіча шугнула кроў, i ён успыхнуў.— Што — не маю права на пачуцці? На змаганне за сапраўдныя волю, роўнасць, братэрства, як любіце вяшчаць вы, «барацьбіты за народнае шчасце»?
— Здаровыя пачуцці трэба паважаць, але ix крайнасці, міл чалавек, рэч паганая...— паспрабаваў астудзіць Васілевіча Каменшчыкаў.— Так што...
Бачачы, што Васілевіч узгараецца на палеміку, Міхайлаў апярэдзіў яго i прамовіў спакойна, разважліва:
— Мы разумеем, Сямён, твае пачуцці. Але няўжо не адчуваеш: да ix трэба i цвярозы розум? А розум падказвае: пачуцці калі-нікалі трэба ўмець i стрымліваць. Асабліва пачуцці-крайнасці. Бо яны могуць здрабязіць памкненні, засляпіць i засланіць галоўнае...
Васілевіч не меў звычкі баяцца спрачацца альбо адступаць, дык не меў намеру, як кажуць, здацца без бою i цяпер. Але нечакана яго ўвагу ўжо тут, у старым зімовым хваёвым лесе, на цвёрдай, выязджанай саньмі i аўтамабілямі, бліскучай ад сонца дарозе, прыцягнуў чалавек. Той выйшаў ім насустрач з-за павароткі — пажылы, вусаты i барадаты, у кажуху. Ён за пастронак, перакінуты цераз плячук, цягнуў санкі з дровамі — насечаным сухастоем, ядлоўцам. Ззаду, як яны неўзабаве ўбачылі, клыпаў хлапчук у даўгаватым для яго жаночым каптане, падперазаны вяровачкай. Убачыўшы ix, мужчына саступіў i не то ca сполахам, не то з угодлівасцю зняў шапку.
Міхайлаў запыніўся каля яго.
— Добры дзень, бацька,— нават падаў руку.— Надзеньце-надзеньце, калі ласка, шапку.
— Здраствуйця, паны ахвіцэры,— той (яму было ўжо недзе за шэсцьдзесят гадоў) паспешна падаў сваю вялікую, як лапата, загарэлую, з тоўстымі пальцамі руку i не спяшаўся ўсчэпліваць вушанку на лысую, з сівымі касмылямі над вушамі галаву, здаецца, з асаблівай насцярогай пазіраючы на «залатыя» пагоны Каменшчыкава.
«Канечне, украў дровы з панскага ці з казённага лесу»,— падумаў пра сустрэчнага Васілевіч. Яму стала няёмка — i ад няшчаснасці гэтага старога (аблезлая заечая аблавушка, лысіна, парэзаны маршчынамі белы лоб, выцвілыя шэрыя, поўныя страху вочы, некалі нацёрты чырвонаю цэглай, а цяпер зашмальцаваны, патрэсканы кажух), i ад вось гэтай сялянскай прыніжанасці ды ўгодлівасці.
— Ды надзеньце, дзядзька, аблавушку,— прамовіў ён.— Гэтыя людзі не зробяць вам зла.
Той, пачуўшы родную гаворку, ажывіўся, пільна агледзеў Васілевіча з ног да галавы як «свайго чалавека» i паслухаў — насунуў на галаву шапку, выпрастаўся.
«Калі ты ўжо адчуеш сябе чалавекам, вясковец?» — горка падумаў Васілевіч.
— Здароў, герой,— Міхайлаў падаў руку i насцярожанаму хлопчыку, які затуліўся за старога.— Сапраўды, не бойцеся. Мы — не патруль. Калі i не ў сваім лесе пазычылі дровы, дык не запынім.
— I самі, i салдаты спалілі ўсё, дык вот, пан ахвіцэр, i прыходзіцца здабываць паліва пад канец зімы,— апраўдаўся стары.
— А дзе ж ваш конь, бацька? — спагадліва запытаў Міхайлаў.
— Каня, пане ахвіцэр, няма,— уздыхнуў той.— Яшчэ ўвосень падарваўся, паў, калі вазілі пад Баранавічы бярвёны.
— Сыноў маеце?
— Маю-то маю, i нямала, пане ахвіцэр. Але ўсе на вайне... Серадольшы ўжо склаў галаву ў Румыні...— Сцягнуў вушанку, перажагнаўся.— Дома нявесткі ды во яны, дзятва.
— Надакучыла вайна?
Селянін зірнуў з недаверам, відаць, баючыся, каб не падлавілі, як вераб'я на мякіне, толькі ўздыхнуў:
— Як у нас, пане ахвіцэр, кажуць? Не было такое вайны, каб блінамі стралялі...
— Зямлі многа маеце?