— За гэтыя дні мы, сябры, нямала ўжо нагаварыліся,— праз нейкі час Васілевіч адарваўся ад папер i пачаў прамаўляць ад сябе.— Час ужо прымаць рэзалюцыі i фармаваць нашу ўладу. Асабіста я далучаюся да тых, хто прызнае Саветы ў Петраградзе, хоча лучнасці з Расіяю, дабіваецца ў яе федэрацыі аўтаноміі для Беларусі. А што тычыцца нашай краёвай улады, то яна павінна належаць выбранаму нашым з'ездам органу...
Васілевіча праводзілі з трыбуны дружнымі воплескамі. За ім да трыбуны падышоў Лашковіч. Ён упэўнена абапёрся далоньмі на краі тумбы, учэпіста акінуў залу праз масіўныя акуляры.
— Задзірака!— прашаптаў Муха.— Зараз узбунтуе залу...
— Я сябрую з Васілевічам, з многімі іншымі, хто прызнае Савецкую ўладу ў Петраградзе, падзяляе тэзіс нашай аўтаноміі,— даволі ціха пачаў Лашковіч, блішчучы акулярамі.— Думку кожнай асобы, кожнай партыі трэба паважаць, не загадваць усім толькі сваю. Але па праве сяброўства дазволь, Сымоне,— азірнуўся, паглядзеў на таго,— запытаць: ці не звышсціплыя мы?
Зірнуў у залу, перапытаў ва ўсіх:
— Як, сябры? Не прыніжаем, не глумім самі сябе?
Яму запляскалі з правага боку партэра i балконаў, левая палова амаль не адклікалася на гэтае, свядома, з інтрыгай, пытанне.
— Асабіста я, дарагія землякі, не для таго быў у Сібіры дзесяць гадоў на катарзе, каб вось цяпер, у такі спрыяльны гістарычны час, не запатрабаваць свайго! Альбо каб паслухмяна саступіць тут уладу наезджай браціі! Не, сябры i апаненты! — павысіў голас, падняў руку i патрос кулаком у паветры.— Нашчадкі нам не даруюць, калі мы не падбаем пра ix. Адпаведна, мы павінны выканаць ускладзеную лёсам на нас місію — мы мусім дабівацца не маленькай палёгкі, а свайго законнага. Адпаведна, я далучаюся да тых, хто сцвярджае: Мінскі Савет, Аблвыкамзах i Саўнарком Заходняй вобласці — толькі часовая тут улада, мы павінны ўтварыць свой Савет, сабраць свой Устаноўчы сход i на ім рашыць свой лёс — дабівацца незалежнасці... Альтэрнатывы, думаю, няма!
— Польскі шпіён! — хтосьці гучна выгукнуў з левай паловы балконаў. I ўслед за ім другі голас, адтуль жа, з партэра, дадаў:
— Доўбарчык!
— Правакатары! — не сумеўся, тут жа тыцнуў туды, наверх, пальцам правай рукі Лашковіч.— Я не інтрыган i не гулёк! Я дбаю пра свой люд! А вось вы — з лакейскаю душою!
— Такога заўзятага надта не саб'еш з тропу,— усміхнуўся Муха.— Хоць трохі ўжо i зарываецца...
Лашковіч сапраўды патушыў непрыязныя выкрыкі, змусіў усіх даслухаць, а пасля — i апладзіраваць.
Затым выступіў дэлегат з Віцебска. Алесь i Муха добра не пачулі яго прозвішча: не то Вашчыла, не то Важыла. Ён руйнаваў усе Лашковічавы тэзісы, перасцерагаючы, што той i яго аднадумцы бяздумна, нават злачынна асуджаюць Беларусь, як «асуджае лёс тое немаўля, у якога памірае маці». «Нам ніяк няможна свядома траціць Расіі-маці», гаварыў гэты пажылы вусач, заклікаў «не губіць беларускую справу», дабівацца «сама вялікае аўтаноміі».
Пасля некалькіх перапынкаў прамовіла яшчэ каля дзесяці чалавек (ад Вялікай рады i вайсковых рад, ад ВАКа, ад петраградскай БСДРП). Іхнія думкі былі самыя супярэчныя: калі амаль усе прызналі Саўнарком у Петраградзе, то ландараўскі Саўнарком у Мінску — менш паловы (адзін пpaмоўца не прызнаў нідзе бальшавікоў i «іхняга перавароту»). Большая палова гэтых прамоўцаў была за будучую незалежнасць Беларусі, меншая — толькi за яе аўтаномію.
Познім вечарам, калі прагаласавалі за тое, каб спыніць спрэчкі, да трыбуны падышоў фацэтны, у чорным касцюме, белай манішцы i пры белым матыльку Тарас Баравік i пад усіхнае маўчанне прачытаў з'ездаўскую рэзалюцыю. Але як толькі скончыў прамаўляць, зала пыхнула, нібы порах, не меней пятнаццаці чалавек з партэра i з балконаў падхапіліся i захацелі тое-сёе паправіць у рэзалюцыі.
Лашковічу, старшыні апошняга пасяджэння, здаецца, ледзь-ледзь удалося ўтаймаваць заўзятых крыкуноў, угаварыць ix прамаўляць па чарзе. Пасля іхніх паправак (а яны найбольш былі пра Саветы) амаль усе дэлегаты з рашаючым голасам прагаласавалі за тое, каб прызнаць новую ўладу ў Петраградзе, а што датычыць тутэйшага кіравання, то па пераважнай большасці галасоў з'езд прыняў рэзалюцыю, каб стварыць орган краёвай улады «ў асобе Усебеларускага Савета (Рады) сялянскіх, рабочых i салдацкіх дэпутатаў i ўсталяваць «рэспубліканскі лад». Краёваму Савету (Радзе) павінна была перайсці дзяржаўная ўлада ў Беларусі. А гэта значыла, што з'езд не прызнаў Аблвыкамзаха i Саўнаркома Заходняй вобласці.
Лашковіч, калі задаволены Баравік вярнуўся ў прэзідыум, а большая палова залы заўзята адляскала стоячы, накрычалася: «Брава! Брава! Брава!», падняў руку i зноў папрасіў цішыні.
— Сябры!—усклікнуў ён. Жвава, радасна.— Цяпер нам трэба ўтварыць часовы орган нашай улады — Арганізацыйны выканаўчы камітэт. Ёсць думка выбраць яго з семнаццаці чалавек.
Назваўшы прозвішчы, ён асекся, нібы праглынуў язык, уталоплена зірнуў у канец доўгай залы, за ім пачалі паварочвацца, а то i ўставаць людзі ў партэры, на балконах: адпіхаючы тых, хто стаяў, па праходзе шпарка беглі сюды, да сцэны, салдаты з вінтоўкамі. Вось першыя з ix ужо заскочылі на сцэну, абкружылі прэзідыум.
Прэзідыум i зала замерлі, анямела пазіралі на каржакаватага чарнявага, з дэманічным выразам твару мужчыну ў ботах, чорнай скураной куртцы i скураной шапцы, які спакойна ішоў па праходзе да сцэны. Ён падняўся на яе, стаў за трыбуну і патрабавальна махнуў пісталетам: садзіцеся!
Калі ўсе паслухмяна апусціліся, абапёрся на локці, пісталетнаю рулькаю падняў на галаве шапку i, усміхаючыся, прамовіў:
— Вось што, панове,— ляпнуў рукою з пісталетам па грудзіне.— Лічу ваш з'езд закрытым, а яго рэзалюцыі ануляванымі!
Па зале нібы пусцілі электрычны ток — яна, пазбавіўшыся здранцвення, заварушылася (многія паўскоквалі), загула:
— Хуліганства!
— Прэч!
Мужчына ў скуранцы спакойна падняў руку ўгору i стрэліў — зала, пазіраючы на яго i на дымны клубок, што рассейваўся i падымаўся, зноў уселася i анямела, бачачы, што жарты тут малыя.
— Ціха, папове! Ціха! — зноў непарушна прамовіў мужчына, паклаў пісталет на трыбуну i марудна дастаў партсігар, цыгарэту з яго i закурыў. Пасля, выпускаючы бокам рота дым, падняў вочы па залу.— Улічваючы тое, што вы не прызнаяце тут Аблвыкамзаха i Саўнаркома, рашылі захапіць уладу, Саўнарком пастанавіў наступнае...— Дастаў паперу з кішэні курткі i прачытаў: — «Акружыць будынак, дзе засядае Беларускі з'езд, арыштаваць прэзідыум з'езда, а таксама выбраны ім орган краёвай улады, адклікаць са з'езда... бальшавікоў i тых, хто стаіць на пункце гледжання Савецкай улады, i сам з'езд аб'явіць распушчаным». Ясна?
Лашковіч, а ён адзіны не быў загіпнатызаваны рашучасцю дужага чалавека ў чорнай скураной куртцы, усё яшчэ стаяў, трымаючы загадзя падрыхтаваны ліст са спісам «тутэйшага ўрада», гнеўна апаліў позіркам нечаканага, як гром сярод зімы, прышэльца:
— Эй вы, п'яны таварыш! Выйдзіце вой! Тут не балаган!