— Вось ваш спіс,— уздыхнуў Ландар,— спіс з'ездаўскага прэзідыума i «тутэйшага ўрада»... Toe, што вы не прынялі тут Савецкай улады i нас, вялікага дзіва няма. Вашы інтэлігенцкія галовы, душы затуманеныя ўсякімі забабонамі, вымысламі, паклёпамі супраць нас, бальшавікоў,— адпаведна, вы цвяроза не мысліце, не разумееце ні сэнсу нашай праграмы, ні сэнсу кастрычніцкага перавароту, бачыце толькі хаос i разбурэнне, якіх цяпер, сапраўды, зашмат. Па-другое, вы яшчэ ў палоне нацыянальных ілюзій, многія з вас — i ў нацыяналістычным чадзе... Пратэсты асобных вашых калег супраць разгону намі вашага з'езда дайшлі ўжо да Петраграда. Сёння сюды званіў Сталін i гаварыў з сакратаром Аблвыкамзаха Алібегавым. Алібегаў расказаў усё: i пра вашы задумы супраць нас, i пра нашы захады супраць вас. Сталін ухваліў нас, але параіў нам вызваліць усіх вашых «левых». Мы параіліся ў Саўнаркоме i рашылі сустрэцца i з вамі, «правымі». Мы не маем намеру ні праследаваць ды помсціць, ні трымаць вас у няволі, пераўтвараць у святых пакутнікаў. Паглядзіце, што i як усё робіцца, падумайце i далучайцеся да новага жыцця.
Ландар на хвіліну замоўк, пацёр высокі прыгожы лоб, а пасля зноў зірнуў ім усім у вочы.
— Мы хочам, каб вы апамяталіся, іначай зірнулі на свет, падолелі крыўду, нянавісць, зразумелі: не, не закончылася ўсё для вас, a толькі пачынаецца...— сказаў даверліва, цёпла.— Мы не адмаўляемся ад вас i ад вашых нацыянальных пачуццяў, мы клічам вас паглыбіць ix, вашы пачуцці, інтэрнацыяналізаваць ix, урэшце, мы клічам вас супрацоўнічаць... Можа, не адразу, сёння, можа, праз месяц-другі, калі на свае вочы ўбачыце, што ў нас не бесаўскія, як кажуць, а светлыя мэты... Хто з вас дасць слова не змагацца супраць Савецкай улады, я тут жа прадэманструю наш гуманізм — адпушчу i гарантую таму помач. Хто думае змагацца супраць нас, таго, выбачайце,— развёў рукі,— па галоўцы не пагладзім...
Нейкі час у пакоі стаяла гнятлівая цішыня. Здаецца, не ўсе паверылі Ландару, як i не ва ўсіх булькатала злосць супраць яго.
— Дык ёсць тыя, хто не будзе ўстаўляць нам кій у колы? — усміхнуўся Ландар.— Ці перамагае сляпая заўзятасць i варожасць?
— Я даю слова не змагацца супраць Савецкай улады,— першы прамовіў i падняў руку Васілевіч.
— Дзякую, Сымон,— хітнуў галавою Ландар.— Віншую.— Пасля паказаў на дзверы.— Вы — вольныя. Ужо сёння можаце зайсці ў Савет, i там вам знойдуць работу.
Калі Васілевіч падняўся, за ім устаў i ён, Алесь. Нялёгка (не так для сябе, як для іншых, бо тыя маглі абазваць яго, як i Сямёна, здраднікам) вымавіў коратка:
— I я...
— Прабачце, вы...—зірнуў на яго запытальна Ландар, a калі ён назваў сваё прозвішча, пашукаў яго ў сваім спісе. Не знайшоўшы, запісаў унізе.— Віншую. I вы — вольныя.
Васілевіч i Нямкевіч выйшлі. Ix сапраўды без лішняй затрымкі выпусцілі з астрога, i яны, апынуўшыся за цяжкаю жалезнаю брамаю, запыніліся, зажмурыўшыся ад яркага сонца i ад белага снегу на зямлі, у паветры i па дахах цагляных дамоў.
— Усё ж на волі лепш, чым у астрозе...— усміхнуўся Васілевіч,— Усё ж жыццё хоць i пакутлівая, вераломная, але цудоўная рэч...— узяў Алеся пад руку, прытуліўся.— Ці не так, стары дружа? — I, не чакаючы яго адказу, зноў загаварыў: — Давай пастаім, паглядзім, хто яшчэ выйдзе...
Неўзабаве выйшлі i астатнія — паніклыя, нібы мокрыя куры.
— Не,— ішоў пасярод i запаліста гаварыў аброслы Баравік, які, здаецца, найбольш за ўсіх храбрыўся.— Нідзе не дзенуцца. Рана-позна прыйдзецца лічыцца i з намі...
— Ну, а цяпер што, спадары? — ухмыльнуўся Петрыкевіч, зашпільваючы генеральскі шынель.— Па запечках i норах? Ці — на паклон?
— Да аглобляў коськаюць i жменю аўса паказваюць, a ў аглоблях пугі даюць...— сказаў Баравік, акідваючы пахмурным позіркам i Васілевіча, i Нямкевіча.
— Падманшчыкі! — падаў голас Кужэльны. Але ўжо не фарсіста, як яшчэ ўчора, а паныла.— Хціўцы!
— Карацей: калі жывыя, то давайце i думаць пра жывое...— як i за гэтыя два дні, пачаў верхаводзіць Баравік.— Зараз разыдземся, скінем з сябе смярдзючае ад турмы адзенне, памыемся, паголімся, a ў восем гадзін всчара чакаю вас усіх на сваёй кватэры...
— А падакляраванае слова? — запытаў Васілевіч.
— Не маладзён ужо, a ўсё яшчэ наіўны...— запыняючыся, ухмыльнуўся Баравік.— Скажы ты мне: якая цана слову была ў гэтага ж Ландара, калі ён згаджаўся супрацоўнічаць з «камітэтам ратавання»?
Стрымаў яго? Думает, стрымае сваю абяцанку цяпер, будзе цярпліва цацкацца з табою? Ці ты ўсур'ёз верыш, што яны шчыра, заклапочана дбаюць пра сапраўдную волю, роўнасць i братэрства для ўсіх? Яшчэ не пераканаўся, ш т о i я к яны г а в о р а ц ь, i ш т о ды я к р о б я ц ь?
Васілевіч змаўчаў.
— Я гатовы даць адсячы галаву: Сталін дазваляў праводзіць наш з'езд, але ў душы быў супраць яго. Нават больш — ён ведаў: з'езд прыйдзецца разганяць штыкамі...
— Не трэба перабольшваць, Тарас,— прамовіў Васілевіч.
— Дзівак! — ухмыльнуўся Баравік.— Ён усё яшчэ верыць двудушнікам, якія дарваліся да Улады, цешацца, а на слабейшых не хочуць нават зважаць.
— Не ведаю...— уздыхнуў Васілевіч.— Але слова сваё мы павінны стрымаць...
— Дурань! — плюнуў Баравік, папраўляючы каляровы мяккі шалік — як хваліўся, падарунак сваёй каханай.— Грош нам будзе цана, калі даверымся узурпатарам i здрадзім гісторыі, народу, святой нашай ідэі!
— Hi гісторыя, ні народ нам не спрыяюць...— пахітаў галавою Васілевіч, які за час, што быў у турме, не спаў ні хвіліны.
— Па-першае, ні ты, ні я яшчэ не ведаем, як яно ўсё павернецца...— неспадзявана памякчэў Баравік.— Па-другое, кажу ж, грэх сядзець склаўшы рукі i чакаць міласці... Цяпер мы крыўдуем, што некалі нашы продкі асудзілі нас на парабкоўства, а некалі нашы праўнукі могуць праклясці нас, што мы праваронілі свой шанец...
Васілевіч, пачуўшы гэта, замыліў бяскроўнымі вуснамі, не знайшоў, што адказаць, разгублена i даверліва зірнуў на высокага, худога, цяпер вельмі панурыстага Лашковіча, які ў гэтыя хвіліны хустачкаю цёр шкельцы акуляраў i сумма, прыжмурыўшыся, пазіраў на белы свет запалымі, падслепаватымі вачыма.