Усе ёсць. Праўда, апроч паноў. З ix трапіў толькі адзін чалавек.
— Дык, кажаш, усё бурліць?
— Яшчэ як!—прамовіў Васілевіч. Спакойна, нават з усмешкаю.— Здаецца, абазначыліся ўжо аж чатыры накірункі: Лашковіч i Еўзікаў дабіваюцца па прыкладзе Украіны незалежнасці, Кужэльны i яго сябры — аўтаноміі, Гартны з прыхільнікамі-левымі — саюзу з Саветамі, ну, a адзін з наваяўленых лідэраў Тарас Баравік заклікае ўсіх згуртавацца ў «адзіным непадзельным беларускім сацыялістычным фронце...».
Алесь уяўляў, што i як мог сказаць кожны, каго назваў Васілевіч, а вось таго, як мірыў усіх Баравік, не мог прадбачыць. З ім, маладым прыгожым шатэнам, не то грамадоўцам, не то эсэрам, быў мала знаёмы. Казалі, той, быццам вечны студэнт, быццам акцёр, жыў у Вільні, пасля—у Маскве. Нядаўна заявіўся тут i павёўся смела, намагаючыся захапіць руль i ў Мінскім камітэце БСГ, i ў Вялікай радзе. Калі на ўсё гэта Алесь глядзеў больш-менш памяркоўна (што ж, смелым i трэба больш увагі), а вось тое, што гэты Баравік аднойчы фанабэрыста хваліўся: «Я ад самога Купалы красуню адбіў!» — Алесю вельмі не спадабалася. «Хто ты, выхваляка, супраць Купалы? Варона перад сокалам!» — варожа падумаў тады.
— Заўтра, я лічу, будзе гістарычны дзень! — аж засвяціўся Васілевіч.— Заўтра, адчуваю, дыскусіі закончым i аб'явім вельмі важкую рэзалюцыю пра лёс нашага краю... Цяпер яшчэ не магу сказаць, што будзе ў ёй, але важкасць яе проста носіцца ў паветры...
Пасля, калі яны разам павячэралі i Васілевіч пабег дадому, каб за ноч вывучыць, распісаць астатнія анкеты, Нямкевіч доўга ляжаў у цёмным, цеплым пакойчыку i, слухаючы, як хляпае на дварэ снег, не мог заснуць. Яму аніяк не верылася, што дачакаецца заўтрашняга дня, хацелася, каб ён наступіў неўзабаве, праз хвіліну-другую: нагэтулькі ўзбуджалі яго розум i сэрца жаданыя мары i надзеі. Яму шчыра здавалася: гэтыя яго спадзяванні — тое самае светлае, дзеля чаго ён жыве i павінен жыць. Ён нават падумаць не мог, што, можа (i нямала), перабольшвае. Праўда, тое-сёе i трывожыла: за кім пойдзе заўтра люд? За Кужэльным альбо за Лашковічам? Ад гэтага вельмі ж шмат значыць. Можа, i ўвесь іхні лёс. I не толькі іхні. Але лёс таго, за што яны столькі змагаліся...
Але цяжка загадзя ўсё прадбачыць. Аддаючыся ва ўладу лёсу, верачы ў шчаслівы зыход, Алесь пачаў крыху супакойвацца душою, спакайнець i паволі думаць пра іншае. А з гэтага «іншага» яго занепакоіла не яго нечаканая хвароба — ат, што там прастуда, пал, забыццё! — усё гэта хутка пройдзе, a захваляваў раптоўны ўспамін пра сваю маладую зямлячку — Вольку Чорную.
Нечакана ўспомніўшы яе, ён нават не мог паверыць сам сабе: што — напраўду з яго сэрца час, новае захапленне выгналі прыгожую, але няверную Сяргеенкаву Кацярыну, якую ён самаахвярна столькі кахаў, i ў яго збалелую, нават, як думаў, ачарсцвелую душу ўвайшла іншая?!
Ён не мог зразумець, як усё гэта здарылася. Сядзелі побач з Волькаю за вясельным сталом, жартавалі, часамі нібы незнарок дакраналіся адно да аднаго, танцавалі, а пасля ён павёў яе дадому, грэў яе рукі ў сваіх, туліў, паўжартам ухутваў крысой свайго паліто — i...
Алесь i цяпер, далека ад Янкавін i ад Вольгі, аж заплюшчыў вочы ад прыемнага сораму за тыя абдымкі, прагныя пацалункі i за свае ахвотныя да пяшчоты словы. А заадно з радасцю нібы чуў яе адданы шэпт: «Я, Алеська, даўно-даўно люблю цябе. З таго яшчэ часу, калі ты вучыўся ў горадзе i першы раз вярнуўся дадому на вакацыі. Я i цяпер, здаецца, бачу цябе ў той форме... A колькі я папакутавала, калі ты хадзіў з Кацярынай... I тады, калі яна была дзяўчынаю, i тады, калі выйшла замуж... Я ажыла, калі вы разышліся, так чакала гэтага вечара...»
«Стары я ўжо для цябе...— i шчасліва, i з дакорам да сябе, што пасягае на такую маладосць i цнатлівасць, сказаў ён тады.— Ды, сама ведаеш, я з Кацярынаю...»
«Маўчы! — затуліла яму рот рукою.— Ты мой, толькі мой!»
Калі ўсё будзе добра, падумаў ён цяпер, неўзабаве, пасля Вялікага паста, зраблю невялікае вяселле i забяру яе ў Мінск. Каму-каму, а мне не трэба зважаць, што яна бедная, з непаважанага роду: яе маладосць, вабнасць i адданасць даражэй за ўсё.
...З адчуваннем на сваіх вуснах Вольчынай далонькі ён i заснуў. Бог ведае колькі ён спаў, але ў гэтую ноч яму зноў трызніўся сон, што некалі, да вайны, прысніўся ў Вільні. Здаецца, у шэрані ён бег i бег па каменнях, задыхаўся, ці то ўцякаючы ад нейкай пагрозы, ці то кагосьці даганяючы, i ўрэшце ледзь не стукнуўся лбом аб скалу — частачку высознай гары, якую ён бачыў на каляровым малюнку ў маленстве i якая запомнілася яму на ўсё жыццё. Ён прыткнуўся спінаю да скалы, агледзеўся — i ў гэтую ж хвіліну хтосьці нябачны i дужы схапіў яго ззаду за рукі i мігам начапіў на ix прымураваныя да сцяны ланцугі.
Ён анямеў, на ім аж сшэрхла скура. Неўзабаве ён пачуў, а пасля i ўбачыў: да яго ляціць агромністая птушка. Здаецца, арол. Цёмна-буры, знізу светлы, з залаціста-рыжым адценнем, жаўталапы і... з жоўтымі пагонамі.
Узіраючыся на загібістую глюгу i шэрыя, нібы выцвілыя, вочы, Алесь аж скалануўся: ды гэта ж Лядзяш з іхніх Янкавін! Бач, зноў той агідны адстаўнік праследуе яго!
«Я — Лядзяш, Лядзяш...— прашыпеў арол, усеўся Яму на грудзіну, патыхнуўшы мярцвячынаю.— Я перасцерагаў: не шукай агонь, не давай яго людзям... Ты не паслухаў... Дык я даклюю тваё сэрца, дап'ю тваю бунтоўную кроў...»
I дзеўбануў у грудзіну. Ад болю Алесь раптоўна прачнуўся, адчуваючы, што сапраўды на ім сшэрхлая скура, пячэ агнём у грудзіне, аж стрэмкаю коле ў скроні.
«Што гэта,— ужо свядома падумаў ён.— Перасцерагальны знак пра новую маю бяду? Ці ўжо стамілася, аслабела, збіваецца сэрца? Але рана ж яму гэтак балець. Мне яшчэ сарака няма, вунь колькі трэба жыць i працаваць...»
10.
Назаўтра Алесь выйшаў з дому рана. Якраз густа чырванелася неба на ўсходзе, толькі пры самай зямлі пачынаў жаўцець небасхільны краёк, высока ў густое сіняе неба падымаліся слупамі дымы, спрабаваў набіраць моцы марозік (у канцы таго i на пачатку гэтага тыдня надвор'е некалькі разоў мянялася: ірваў сцюдзёны вецер, хлюпаў мокры снег, ліў халодны дождж, а вось сёння зіма нібы ўжо ўсталявалася).
Алесь мінуў Камароўку i трапіў на Захараўскую вуліцу, па якой то тут, то там трусілі аб'інелыя коні, цягнучы лёгкія сані з ездакамі, a ўзбоч яе, па амаль ачышчаных ад снегу i пасыпаных жоўтым пяском тратуарах, мірна крочылі рэдкія прахожыя, ідучы на службу ўжо ў новыя, савецкія, установы: пазаўчора Саўнарком пачаў распускаць верныя былому Часоваму ўраду апараты.
У скверы, каля заснежанага фантана, ён убачыў досыць шматасобны людскі гурт: мужчын i кабет. Мужчыны былі ў зімовых паліто, чорных i светлых папахах ды шапках, у ботах i валенках, а жанчыны — у боціках, у паліто з пышнымі светлымі каўнярамі i светлымі круглымі шапкамі альбо ў гарэзна схіленых набок берэтах. Прыгледзеўся: знаёмыя. Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, Паўліна Мядзёлка, Людвіка Сівіцкая, з якімі ён пазнаёміўся ў Таварыстве помачы ахвярам вайны, а бокам сюды стаіць ці не Цішка Гартны (прысадзісты, у акулярах, з вусікамі), a спінаю — ці не Янка Купала (высакаваты, у валёнках, у элегантным паліто i шапцы, з кіёчкам), пад руку яго трымае незнаемая маладая кабета.
Алесю вельмі захацелася падысці да літаратараў i артыстаў, але збянтэжыўся (хто ён такі, каб забіраць іхнюю ўвагу?) i збочыў, пайшоў на выхад ca сквера. Дакараў сябе за лішнюю сарамлівасць, але перамагчы свой прыкры характар не мог. Па Захараўскай i Петрапаўлаўскай, абыходзячы паважаных людзей, наблізіўся да гарадскога тэатра. Над яго параднымі дзвярыма з аднаго боку вісеў бела-чырвона-белы сцяг, з другога — чырвоны, а вышэй, па ўсім доўгім першым паверсе, пад трыма высокімі вокнамі вышэйшай пабудовы, кідаўся ў вочы транспарант «Вітаем слаўных сыноў i дачок Бацькаўшчыны!». Каля дзвярэй стаялі два мужчыны — малады матрос i цывільны пажылы дзядзька; убачыўшы ў яго руцэ мандат з рашаючым голасам, яны кіўнулі галовамі i прапусцілі ў будынак.
Зняўшы вушанку i выцершы на лбе пот, падняўся, зайшоў у яшчэ паўзмрочны партэр: там, як i на балконах, сядзеў ужо купкамі цывільны i вайсковы люд у паліто i шынялях, чытаў газеты, пакашліваў, перамаўляўся. Аблюбаваўшы месцы пасярод партэра, ён зірнуў на сцэну: там стаяла ўпрытык некалькі сталоў, накрытых чырвоным сукном, за сталамі — крэслы. Далей i вышэй ix вісела намаляваная на аркушы паперы «Пагоня».
Побач, на чырвоным, даволі ўжо выцертым крэсле, ляжала згорнутая ў трубачку газета. Алесь распраміў яе: «Вольная Беларусь», a ў ёй, за 15 снежня, артыкул «Святло на Беларусі» Змітрака Бядулі. Ён пачаў чытаць гэтае пісьменніцкае слова, прысвечанае з'езду.
Паволі заходзілі ў партэр, падымаліся на балконы людзі, i праз паўгадзіны тэатр асвяціўся яркім святлом, заблішчэў ад пазалочаных стужак на балконах i люстры, быў паўнюткі (каля Алеся падселі Муха i Шуляк), той-сёй, не бачачы вольнага месца, мусіў стаяць у праходзе. Калі празвінеў званок, заявіўся прэзідыум — паперадзе ўсіх ішоў высокі i стромкі Кужэльны, за ім — таксама рослы i стройны, зусім коратка падстрыжаны Лашковіч, статны Рак-Міхайлоўскі, невысокі, сагнуты Васілевіч, шчуплы Нядоля, важны Баравік i іншыя, у тым ліку i незнаёмыя Алесю людзі (сярод ix пазней Муха пакажа яму высакалобага, з густою барадою акадэміка Карскага), прыціскаючы папку пад пахаю, каля сцэны прайшла i села за столік, што стаяў паблізу трыбуны, спрытная ў шэрым касцюме з чорным аксамітным каўнерыкам i чорнай шапачцы Людвіка Сівіцкая.
Першаму слова далі Васілевічу. Той ад імя мандатнай камісіі пачаў дакладаць, хто ёсць хто са з'ездаўскіх дэлегатаў.
— Па нацыянальным складзе з'езд амаль цалкам беларускі,— ціха шапнуў Муха Нямкевічу.— Цудоўна!
— Усё ж трэба было паклікаць болей i іншых нацыянальнасцей, паслухаць, што яны скажуць...— адказаў ён.