— Супраневіч,— падказаў павятоваму пасланцу Сцяпанава прозвішча расчырванелы, набухлы ад злосці i перажывання Сяргеенка, а сам грузка падняўся i, дакараючы «непаслухмяных», прахрыпеў: — Грамадзяне, Чорныя ж — гультаі, зладзеі, дзербуны! Хіба такім месца ў новым органе народнай улады?!
Сцяпан ад такой наўмыснай абразы пабялеў, аж затросся.
— Сам ты — гультай i злодзей! — узарваўся Пятро.
Петракоў таргануў Сяргеенку за локаць чорнага паношанага паліто — сядзь i маўчы, дурань, калі хочаш утрымацца, а сам тут жа падняў рукі, зміласцівіўся:
— Усё-ўсё! Выкрэсліваем Петухова i запісваем Супраневіча.
— I Ледзяша выкрасліць! — запатрабаваў Пятро.— На чорта нам гэты злыдзень?
— Ён — стары воін...
— Панскі i царскі халуй! — абарваў Петракова Міхайла Супраневіч.— Горкі п'янчуга!
— Хам! — падскочыў п'яны Лядзяш, груба пачаў адцярэблівацца ад Петракова, які спрабаваў асадзіць яго.— Я пакажу вам рэвалюцыю! Хрыстапрадаўцы! Царазгубнікі!
Па-бычынаму роў, здаецца, на ўсіх — i на вяскоўцаў, i на салдатаў, i на Петракова.
— Ды замаўчы ты, стары асёл! — вызверыўся той.
Лядзяш неспадзявана вырачыў вочы, зарваўся i асеў на крэсла. Адчуў: ніхто, нават штабс-капітан Сухарукаў, не заступіцца.
Петракоў, чырвоны ад натугі, упацелы, пачаў суцішваць усіх, прасіць галасаваць, але мусіў выкрасліць Ледзяша — замест яго салдаты настоялі выбраць калегу-эсэра, Чарных. Астатнія ўсе (супраць Сяргеенкі, Гарбацэвіча, Дземідовіча, Шлёмы галасавалі Чорныя) увайшлі ў валасны камітэт.
— I яшчэ, грамадзяне,— пасля зноў загаварыў Петракоў,— Нядаўна ў Мінску ўтвораны так званы БНК. Мы павінны прыняць рэзалюцыю па ім. Якая ваша будзе думка?
I салдаты, i янкавінцы маўчалі, з недаўменнем пазіралі адзін на аднаго.
— Гэты БНК, грамадзяне, супраць вас, вяскоўцаў, супраць усяго народа,— пачаў тлумачыць Петракоў.— Ён жадае аддаць наш край немцам...
— Асудзіць! — падаў голас Сяргеенка.
— Ёсць другая думка ў валаснога сходу? — запытаў Петракоў i абвёў позіркам людскі гурт.— Няма? Тады прашу галасаваць. Хто за тое, каб асудзіць нямецкую інтрыгу?
Салдаты дружна ўскінулі ўверх рукі, услед за імі — i ўсе цывільныя.
— Адзінагалосна! — усміхнуўся Петракоў i падміргнуў Сяргеенку.— Ну, а цяпер, грамадзяне, можаце быць вольныя. Членаў валаснога камітэта прашу застацца.
Калі Гарбацэвіч i Ясь Нямкевіч паволі вярталіся з воласці дадому, ix ля Мішуковага двара сустрэў Пернікаў. Пыхкаючы цыгаркаю, закрочыў поплеч.
— Ну, каго выбралі старшыною валаснога камітэта? — запытаў.
— Сяргеенку,— адказаў Нямкевіч.
— Зноў! — зморшчыўся Пернікаў, рэзка кінуў долу цыгарэціну, i тая цяпер, у паўзмроку, пырснула іскрамі.— Эх, людзі вы, людзі!
— Што — мы! — як апраўдаўся Нямкевіч.— Гэта ж павятовы начальнік настойваў...
— А вы паслужліва паднялі рукі?!
Гарбацэвіч i Нямкевіч змаўчалі. Абодва былі не пыхлівыя, як порах, не зацятыя спрэчнікі, хоць сваю думку мелі на ўсё.
— Няўжо не надакучыў вам гэты казнакрад, п'яніца?! — здзіўляўся-абураўся Пернікаў. Дастаў цыгарэціну, зноў закурыў.— Няўжо не хочацца ўрэшце выбраць старшыною свайго чалавека?!
Старыя тупалі моўчкі, унурыўшы галовы.
— З рэвалюцыйнымі настроямі толькі самыя бедныя. Чорныя, як вы кажаце...— прамовіў Пернікаў, ужо добра разбіраючыся, хто ёсць хто ў Янкавінах.— А вось вы, астатнія, завельмі асцярожныя.