ад яе духу, ад яе жару,
якія палілі, не знаючы жалю,
не знаючы жалю, ды знаючы меру, -
служыла печ руская праўдай і верай...
Я жыва ўяўляю малюнак гэты.
Хлебніца чынна стаіць ля загнета.
Наведзен парадак належны ў печы.
Кмену - найлепшай з вясковых спецый -
маці ўжо ў цеста замяшала,
спрабуе, солі ў ім ці не мала.
З'яўляецца хлебная лапата,
з ручкаю доўгаю прылада.
І вось рассцілае таропка маці
лісце кляновае на лапаце,
на лісце сонечнае, узорнае
кідае цеста жменяю спорнаю.
Яно нахадзілася ўволю,
яно са сваёй змірылася доляй,
і пад рукою умелай пакорна
яно набывае любую форму.
Становіцца цеста боханам круглым,
і матчыны рукі спрытным рухам
садзяць яго на цэглу гарачую,
жадаюць, каб быў ён, першы, удачаю.
Час настае,
і на загнеце
дымяцца боханы -
лепшыя ў свеце...
1960