Яно запаўняла тады ўсю хату
водарам хмельна-кіславатым.
І ён пабіваў да самага рання
пах адцвітаўшых гваздзік і герані,
якія раслі каля самага дома.
П'яніў ён дзіцячую свядомасць,
спаць не даваў нам да паўночы.
Калі ж мы нарэшце заплюшчвалі вочы,
нам сніліся казачныя караваі,
сніўся хлеб новага ураджаю.
Назаўтра мы ў лес сабіраліся рана,
выконвалі матчын наказ старанна.
Яна напярэдадні нам казала:
«Каб заўтра, дзеці, хлеб пёкся удала,
па лісце кляновае раніцай збегайце».
Мы іншы раз прачыналіся б нехаця.
А тут была справа іншага роду, -
яна абяцала узнагароду.
І беглі мы з братам сцяжынкай роснай
туды, дзе шумелі клёны і сосны.
Мы зналі да клёнаў шлях самы кароткі -
хадзілі да іх мы па сок салодкі.
На самы узлесак выходзілі клёны.
Любілі прастор яны сонечны, дзённы.
Калі ж адчувалі дыханне слоты,
яны пакрываліся пазалотай.
І падаў уніз пад яе цяжарам,
на ранішнім сонцы успыхнуушы жарам,
ліст за лістом. Аблятаў паўкружжа...
Мы іх на ляту лавілі дружна.