Мы бачым адны толькі матчыны рукі,
адны яе рукі, адны іх рухі.
А маці з сваёй урачыстай усмешкай
нізка схіляецца над дзежкай
(над той, на якое сядзела нявестай).
Яна расчыняе хлебнае цеста.
Цеста мясіла яна кулакамі,
сценкі дзяжы абірала рукамі,
вады падлівала, мукі падсыпала.
І нам было клопатаў тут нямала.
Былі мы ў мінуту гэтую рады
выканаць матчыны ўсе загады.
Мы ёй памагалі рукаў закасваць,
муку падсыпаць па яе заказу,
хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна
ці лоб выціралі матчын потны.
Было урачыста і ціха ў хаце -
хлеб з новага жыта ўчыняла маці.
Усё захавалі памяці ветры.
Я водар рашчыны чую ў паветры.
Я столькі ўдыхаў колісь гэтага водару!..
Хадзіла ў дзяжы рашчына ходарам.
Хадзіла-брадзіла хлебнае цеста.
Было ў дзяжы яму, цесту, цесна.
Яно шапацела, прасіла ходу,
хацела вырвацца на свабоду.
Ды коўдра яго закрывала шчыльна,
сачыла яна за рашчынаю пільна.
І вось, пашаптаўшыся аб нечым ціха,
яно знаходзіла ўсё-ткі выхад.