Напомніць лісце вось гэта кляновае,
Што кружыць, шукае месца новае.
Яно не можа не напомніць,
сэрца ўспамінам не напоўніць.
Кружыцца ў скверы кляновае лісце,
якое збіраў я пад хлеб калісьці
(парой замянялі яго і аерам).
І толькі прайду я асеннім скверам,
зноў буду думаць аб колішнім хлебе.
Аб хлебе, што рос не ў алтайскім стэпе,
не ў слаўных краях тых, на землях цалінных,
а вырашчан што на суглінках ды глінах,
на ніве, дзе ведаю кожны камень,
маімі бацькамі ды землякамі.
Аб хлебе я думаю самым звычайным,
які нават жалі сярпом, не камбайнам,
які з поля везлі калёсным ходам,
які малацілі з конным прыводам,
які потым чысцілі арфай ля клеці,
якога цярпліва чакалі мы, дзеці.
Здаваўся тады ён лепшай ядою,
калі яго есці з соллю й вадою.
Нас дзед падахвочваў:
«Хлеб, соль і вада -
вось маладзецкая яда».
3
Хіба забудзеш калі гэты момант!..
Ураз заціхае дзіцячы наш гоман.
Стаіць цішыня незвычайная ў хаце.
Збіраемся дружна мы ўсе каля маці.