— Сумуе, нудзіцца без падарожжаў, подзвігаў шляхціч,— падняўся, зноў па-свойму патлумачыў усё стары.— I вам скажу, пан Баляслаў, не абысціся без рыцараў, смелых i ўдалых воінаў. Калі вы хочаце мець сваю дзяржаву, свой гонар i сваю славу, то павінны мець i рыцараў.
— Як бачыце самі, нашы дзецюкі б'юць рыцараў i без даспехаў i спецыяльнай вывучкі,— прамовіў Усяслаў.— А што да правілаў, дык сам бачыў: у баі рыцары мала зважаюць на ix, трымаюцца за ix толькі ў сутычках паміж сабою. Ды, добра ведаю, рыдзелі не толькі шукаюць прыгод, паняў свайго сэрца, подзвігаў славы, але яны i сапраўдныя рабаўнікі: забіраюць сабе чужую маёмасць, прыводзяць палонных i робяць ix сваімі рабамі. А пра іхнія крыжовыя паходы няма чаго i казаць. Гэта — дзікунства! У наш век!
Баляслаў, канечне ж, хочучы ўратаваць ад кары свайго шляхціча, а заадно перамяніць малапрыемную для сябе гутарку, запытаў:
— Млода, з якой пан Усяслаў прыехаў, ест ваша жона?
— Жонка.
— Выбачайце, пан Усяслаў, але...— запнуўся той.
— Што, пан Баляслаў? — ветліва, але напружана запытаў Усяслаў.
— Кажуць, ваша жонка не зусім са знатнага роду...— асцярожна, ведаючы, што чапляе вельмі асабістае, прамовіў стары знаўца розных канонаў i этыкетаў. «Не зусім ca знатнага» — гэта толькі засланка, за іншае, сапраўднае — «з нізоў».
— Яна дачка майго старшага i вельмі знатнага дружынніка, цяпер ужо двараніна[73],— адказаў ён.— А сама — першая навагародскай красуня i вельмі знатная розумам, сэрцам i душою.
— Такі ваявода, як вы, пан Усяслаў, мог бы ўзяць не толькі любую баярыню, але i асобу з княскай крывёю...
«Значыць, i тваю дачку»,— здагадаўся пра ўсё Усяслаў, але ўголас сказаў без напругі ўжо:
— Я ўзяў за жонку, пан Усяслаў, тую, каго зажадала мае сэрца. Для яе i дзяцей нашых хопіць маёй даўняй баярскай радавітасці.
— Вшыстке розумем, пан Усяслаў,— згодна пахітаў галавою стары.— Цяпер ды тут, дзе вы ўзвысіліся да князя ці яго пасадніка, набіраеце моц з кожным днём, адзяржаўліваеце сваё паньства, вы вольныя рабіць тое, што зажадаеце.— Вы — такі магнат, якім я некалі быў у Кракаве.
— Не ўсё я магу, пане Баляслаў. Раблю найперш тое, што даручае князь i што ў інтарэсах Вялікай Навагародскай зямлі. Праўда, як вы кажаце, тое-сёе спажываю i для сябе. Узяў вось замуж любімую ці, як вашы людзі добра гавораць, кохану.
— Розумем, вшыстке розумем, пан Усяслаў,— зноў, але на гэты раз задумліва пахітаў галавою Баляслаў.— Мая жона, ктуру ўбіенлі манголы, кеды яна кінулася ратоваць Ядвісю, была знатна кабета, але мне не зусім кохана...
Усяслаў змаўчаў, a Баляслаў, убачыўшы за адчыненымі дзвярыма свайго слугу-пакаёвага, запрасіў:
— Ходзьма, пан Усяслаў, перакусім.
У другім пакоі, у сталоўні, былі ўжо ў шыкоўным сваім уборы, хоць i пунсовая, але молада свежая Любка i гаспадарова дачка — на гады тры-чатыры старэйшая, вышэйшая i больш гонкая, з прыгожьш паўкруглым бледным тварам, у зялёнай сукенцы з пазалочаным паскам, што спускаўся ўздоўж сцёгнаў i пры падоле быў прышпілены залатой спонаю, з сумессю велічы, пагарды, болю i сораму ў застылых карых вачах.
— Выбачайце, пан ваявода, не магу пачаставаць вас ні італійскім, ні бургундскім альбо рэйнскім віном, ні чэшскім ці іншым півам,— заныў былы багацей, паказваючы рукой на падрыхтаваны ўжо для ix стол.— Мой князь, Генрык Набожны, каб устаў з магілы, дык не паверыў бы, што я да такога дажыўся! Простыя наліўкі i медавуха!
— Я не вялікі знаўца він i піток, пан Баляслаў,— ухілліва прамовіў Усяслаў.— Хоць ведаю, што любое vinum lactificat cor[74].
Баляслаў i яго дачка амаль у адзін міг ускінулі падобныя, паўдугою, цёмныя бровы: бач, i ён тут ведае латынь!
— Калі пану Баляславу так не падабаюцца нашы моцныя наліўкі i медавуха, дык скажу дворскаму, каб падаслаў вам чужаземнага віна,— усміхнуўся ён.
— Ваш дворскі, пан Усяслаў, можа даць усё з любой зямлі, але запатрабуе ўзамен срэбра ці золата,— уздыхнуў той.— Баюся, ён хутка выцягне ад нас ужо i сямейнае, невялічкі пасаг панны Ядвісі.
— Татусь, не тшэба!— дачка нахмурыла лоб — высакаваты, нацягнуты гладка зачасанымі, сабранымі на патыліцы i змацаванымі шпількамі цёмнымі валасамі. Ад яго, Усяслава, сёння адводзіла позірк, не паказваючы цяпер ні прыхаваных цікаўнасці i выкліку, ні ўхмылкі з яго простасці, чым ахалоджвала першы раз, ні няшчырай ветлівасці, чым адорвала ў апошнія сустрэчы.
Баляслаў моўчкі запрасіў рукой Усяслава сесці злева, Любку — за Iм, дачку — справа ад сябе, а сам апусціўся ў крэсла з высокай выразанай спінкай пасярод стала. Ядвіся апусціла вочы. Мабыць, яе зусім не ўсцешылі яны, госці. Можа, у душы гарэла дзявочая рэўнасць, што нейкая просталюдзінка Любка выйшла замуж ажно за ваяводу, а яна — не i не бачыць тут нікога вартага сабе. Няўжо стары падбіваў яе спадабацца яму, i яна, не толькі не пакахаўшы, але нават i не паважаючы яго, Усяслава, была ўжо гатовая споўніць бацькавую волю? Апусціла вочы i Любка, што напружыла варункі за сталом. Усяслаў злёгку таўхануў пад сталом нагою i, не пазіраючы на яе, сам вышэй падняў галаву. Адчуў: выпрамілася i Любка i, бадай, змушае сябе вытрымліваць вяльможныя позіркі.
— Што ж, развяселім сваё сэрца медавухай,— прамовіў Баляслаў, махнуў рукой застольнаму слузе, каб той наліў ім пітва ў шкляныя, з пазалочаным абадком высокія i шырокія келіхі на вузкай ножцы, а на самым канцы ножKi — з шыракаватым кружочкам.— За вас, нашага зычліўцу i абаронцу, пан Усяслаў, i за вашу жону. Дай Бог вам здароўя, дзетак добрых i шчэнсця велькага!
Усяслаў падзякаваў, a калі выпілі, пачалі закусваць. На халодную закуску былі журавіны, звараныя, пацёртыя i палітыя смятанаю буракі, кіслыя грыбы з цыбуляй i алеем, стушаныя, але ўжо астылыя цецерукі, свежыя праснакі.
Пасля слугі прынеслі ў агромністай жароўні падрудзелую i шыпкую ад гарачага тлушчу, адмыслова пахкую ад стушанай кіслай капусты бараніну, а яшчэ пазней падалі набрынялыя маслам белыя аладачкі, а да ix — смятану i мёд. Баляслаў, ведучы рэй, час ад часу загаворваў з дачкой, каб яна хоць крыху павесялела i ажывіла застолле, але тая сёння была нацятая, буркне бацьку слова ў адказ i зноў, апусціўшы вочы, моўчкі i ціхенька, прытрымліваючы на талерачцы двухзубым відэльцам мяса, адчыквае нажом ад яго малюсенькія кавалачкі, лена бярэ ix у рот i доўга, не раскрываючы рота, жуе, а потым глытае нібы без смаку. Бачачы гэта, не налягала на яду, таксама больш для прыліку штукавала нажом i відэльцам i Любка, a калі ён пры першым жа зручным выпадку, калі ў яе нічога не было ў роце, загаворваў', дык яна адказвала нешматслоўна, але ўсё больш i больш нязмушана, з упэўненай усмешкаю.
— Прашу выбачэння,— урэшце не вытрывала, паднялася з-за стала Ядвіся,— мне болі глова, я пакіну вас.
— Цурка!.. — паспрабаваў змусіць яе адумацца бацька.
[73] На Русі з 12 ст. дваранамі называлі т. зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайсковай службы ў князёў i найбольш багатых баяр.
[74] Віно развесяліць чалавечае сэрца. (лац.)