— Я ж...— схамянуўся той, што лішне сказаў пра тое, пра што думаў i гаварыў са сваімі людзьмі.— Я ж толькі так кажу... Душа болi.
— А думаеце, пан Баляслаў, душа не баліць па Бацькаўшчыне, па сваіх звычаях, па гаворцы сваёй тым, хто мусіў апынуцца тут з чарнігаўскіх, бранскіх альбо разанскіх зямель?
— Ім усё ж лягчэй. Яны адной з вам i веры, у вас з імі i астатняе ўсё бліжэйшае.
— Выбачайце, пан Баляслаў. Мы гвалтоўна не пераводзім вас у нашу веру, на нашы звычаі, на нашу гаворку. Ды вы не дзіця, каб я вас супакойваў. Калі ласка, беражыцё ўсё сваё. Але, будзьце добрыя, у нашым доме паважайце i ўсё наша! Тады паразуменне між намi прыйдзе само па сабе.
Стары польскі магнат не адказаў: у пакой зайшоў доўгавалосы і хмурны хлапчына ў памятым панцырам скураным каптане, запытальна зірнуў на свайго гаспадара, а пасля — на яго, Усяслава, павітаўся лёгкім нахілам галавы.
— Якія твае крыўды, рыдзель? — запытаў ён.
— Я ж кажу, пан Усяслаў,— забег таму наперад стары.— У рыцараў свой кодэкс, але з ім тут ніхто не лічыцца.
— Чым цябе, рыдзель, як лічыце вы, нашы дзікуны абразілі? — зноў у маладога запытаў Усяслаў.
Той маўчаў. Як было відаць, гэтым маўчаннем Баляслаў незадаволіўся, бо панукнуў:
— Ну, гавары, шляхціч.
У дзверы пастукалі, a калі пачулі Баляславаў дазвол зайсці, у пакой увялі рослага, у зрэбных пафарбаваных нагавіцах i ў кажушку цёмнавалосага дзецюка, здаецца, на некалькі гадоў маладзейшага за польскага рыцара. Дзяцюк гупнуўся перад імі ўсімі на калені, апусціў буйную галаву i закамячыў у руках аблавуху.
— Устань!— загадаў яму Усяслаў. A калі той падхапіўся, запытаў: — Ведаеш, хто я?
— Ведаю, ваявода.
— Як цябе зваць?
— Мікула.
— Гэта ты пакрыўдзіў польскага шляхціча?
— Я яго не крыўдзіў.
— Ён цябе збіў? — Усяслаў павярнуў голаў да рыцара.
— Ён, ён, мядзведзь гэты,— зноў за свайго шляхціча адказаў стары магнат.
— Гавары, чаму даў волю сваім кулакам,— строга сказаў дзецюку Усяслаў.— Толькі кажы праўду! Як за правіну, так i за хлуслівасць загадаю пакараць строга!
— Рыдзель бегае за нашымі дзеўкамі... Хацеў аблажыць i маю дзяўчыну... — падаў той голас.— Вот я i даў...
— Маеш сведкаў?
— Маю.
— Чыя праўда?— Усяслаў зірнуў на шляхціча.— I ты не мані, бо i табе не дам за гэта спуску!
Той нібы вады ў рот набраў. Сумеўся i Баляслаў. Можа, шляхціч i наманіў яму пра тое, за што яго адлупцавалі.
— Можаш апраўдацца i абвінаваціць гэтага «мядзведзя»?
Той — ні слоўка.
Усяслаў паказаў рукой дзецюку: ідзі. Той задам адступіў, потым выйшаў з пакоя.
— Маладыя, гарачыя... — уздыхнуў Баляслаў, а потым, бачачы, што Усяслаў хмурыцца і, мабыць, мыляе вуснамі, накінуўся на шляхціча: — Вон адгэтуль, вон! Падманшчык! Курвец! Я сам пакараю цябе! Сваім судом! Згодзен, пан Усяслаў?
Ён не адказаў, утаймоўваў абурэнне.