— Эх ты! — папікнула з болем.— Як толькі твой язык паварочваецца такое гаварыць? Баярын не толькі нас, a ўсю нашу зямлю трымае, а ты!..
— Пагналася на багацце! — не слухаў яе i не сунімаўся той.— Радавітай захацела стаць!
— Не будзь такі зласлівы,— яна не пакрыўдзілася, нават шчыра папрасіла.
— А ты раскажы пра ўсё яму! Няхай садзіць мяне ў поруб! Сячэ бізунамі на канюшні! Альбо прывяжа ў лесе да дрэва i пакіне на галодную смерць!
Яна адчула, што гэта выкрыквае рэўнасць, наспачувала:
— Прашу цябе: не вінаваць яго, не лі бруд на мяне. Так ужо выйшла: я — яго. Да самай смерці.
Любамір, пачуўшы, што i як яна гаворыць, ацішыўся, а тады ці то са здзіўленнем, ці то са смуткам запытаў:
— Няўжо ён табе больш любы за ўсіх іншых?
— Больш.
— А што ты рабіла б, каб Расціслаў i Раксана змусілі яго ўзяць іхнюю Дабраславу? Пайшла б тады за мяне?
Любка адвяла вочы:
— Я тады ўтапілася б у Немане...
3
Усяслава вывелі з задумення чыесьці блізкія ўжо крокі. Ён азірнуўся: да яго паволі, спакойна, але зусім без непадступнай велічы крочыў іхні вярхоўны святаслужнік Кірыла. Чамусьці сёння ён, высокі, худы, з доўгай, па грудзіну, амаль белай барадою, у новым чорным карзне i белым клабуку, але не выпешчаны, як іншыя біскупы, здаўся вельмі старым i нядужлівым.
Усяслаў адразу ж павярнуўся i з пашанотай схіліў галаву — Кірыла, як i заўсёды, проста мусіў прыпадняць блеклую, з доўгімі паджоўклымі пальцамі руку i падставіць яе пад ягоныя вусны.
— Выбачай, дружа, калі перапыніў пасадніцкія думы,— калі Усяслаў выпрастаўся, зусім па-мірску прамовіў той, пацёр азяблыя цяпер, у кастрычніцкую слоту, рукі.
Усяслаў цёпла зірнуў у невялікія, глыбока запалыя i нібы выцвілыя, без жывой іскрынкі вочы біскупа, заадно заўважаючы, што ягоны некалі прадаўгаваты нос цяпер завастрыўся, а тоненькая i нібы без крыві, толькі сям-там з чырвонымі крапінкамі скура на шчоках абцягнула пашчэнкі, a паўнаватыя калісьці губы звузіліся i пасінелі. Ды Кірыла гаварыў усё яшчэ гучна i меў немалую духоўную моц, мог не проста ўспыхнуць, але абрынуць на нягодніка такі дакор ці гнеў, што з-за гэтага яго пабойваліся як смерды, дружыннікі i іхнія начальнікі, так i баяры. Ён нікога не абражаў i не крыўдзіў, але мог i ўмеў гаварыць кожнаму непахлебна, горкую праўду. Найперш ён, да слова, утаймоўваў баяраў Расціслава i Раксану, калі тыя, бывала, маючы падтрымку галіцка-валынскага валадара, дзёрзка паводзілі сябе з князем Ізяславам.
— Я збіраўся ісці да цябе, ваша правялебнасць,— прамовіў Усяслаў вельмі пачціва, каб добра пачулі гэта застылыя ля блізкай крапасной брамы дружыннікі-вартаўнікі.— Ды вось затрымаўся тут.
— Як разумею, ваявода i пасаднік якраз тут бачыць слабое месца ў абароне нашага замка? — запытаў Кірыла i перавёў позірк на блізкі абарончы вал, дзе была высокая, з абчасаных дубовых плашак i змацаваная жалезнымі паясамі брама, а вышэй i абапал яе, за тоўстымі шуламі, быў земляны насып, абкладзены камянямі. На ім, знадворку вельмі высозным, бадай, непрыступным, ледзь не да дзесяці сажняў[67] угору, стаялі яшчэ высокія, не дастаць рукой нават самаму выцягламу чалавеку, драўляныя сцены-гародні.
— Але, якраз тут вораг можа прарвацца ў наш дзядзінец,— цяпер ціха, каб не чулі вартавыя, адказаў ён.— Трэба спешна перарабляць гэты ўваход. Пакуль тут гэтыя брама i шулы, што састарэліся ўжо, нам няма поўнай бяспекі. Трэба пабурыць гэта i замест яго пабудаваць высокую, шматпавярховую i шырокую тоўстую мураваную вежубраму, каб яе ніхто нічым не пратараніў i не падарваў.
— Лічыш, нам не ўсцерагчыся ад чужой асады i атакі?
— Нават больш — яны непазбежныя...
Кірыла сумотна i нервова захітаў галавою. Каго могуць парадаваць хуткія беды?!
— Найперш наш цяперашні клопат — зрабіць дзядзінец непрыстунным, абнавіць, папоўніць тайны спрат ежы i пітной. вады на многія месяцы. А для гэтага не варта шкадаваць ні срэбра, ні золата з княскага скарбу...
— Мудра думаеш, як сталы дзяржаўны муж,— пахваліў яго Кірыла, які, можна сказаць, быў іхнім казначэем.— Князеў наказ спаўняеш па-дзелавому...
Кірыла замоўк, але Усяслаў добра зразумеў: князь спавядаўся таму пра тое, пра што гаварыў з ім. Ясна, вярхоўны святаслужнік не супраць іхняй задумы.
Выйшла так, што яны, князь i Усяслаў, i Кірыла былі не толькі па-чалавечаму прыязныя. Яны спрыялі яму, сыну ўраджэнкі тутэйшых мясцін, заявіцца тут, паволі, год за годам, амацавацца i заснаваць біскупства на Навагародскай зямлі (праўда, памагчы яму здабыць большы, архібіскупскі, сан не здолелі: калі галіцкі Кірыла, каб лягчэй стаць мітрапалітам усяе Русі, нехаця згадзіўся на асобнае навагародскае біскупства i на амаль свайго, па маці, навагародскага біскупа, дык на большае ўзвышэнне іхняга Кірылы, зусім не рабалепнага перад ім, уладным, не дае згоды). А ён, біскуп Кірыла, спрыяе ім трымаць у паслушэнстве падначаленых святаслужнікаў, сярод якіх нямала галіцка-валынскіх прыхільнікаў, увесь навагародскі люд, памагае i на Радзе, i на вечы праводзіць іхнюю палітыку.
— «То не море топить корабли, то ветри,— словамі Данілы Заточніка загаварыў далей Кірыла,— не огнь творить ражежение железу, но надымание мешное; тако же и князь не самъ впадаеть в вещь, но думци вводять. З добрым думцею думая, князь высока стола добудеть, а с лихимъ думцею думая, меншего лишенъ будеть».
— Я, бедны розумам, так зразумеў, што ты, ваша правялебнасць, хваліш мяне,— зусім без гульні сказаў Усяслаў.— Аднак трэба найперш хваліць мудрасць нашага князя. Я — выканаўца ягонай волі. Да ўсяго грэшнік вялікі...— i цяжка ўздыхнуў.
— «Векую печална еси», сын мой? — ахаладалы i нядужлівы Кірыла пасміхнуўся з ягонага пакаяння. А з усмешкаю ўвачавідкі ажыла сіла, дужасць у моцнага духам старога.— Хадзем у храм, паспавядайся, аблягчы душу сваю, муж дзяржаўны i раб божы.
[67] Сажань — крыху больш 2 м.