— Ды Раксана прасіла мяне, каб я ўгаварыла цябе ўзяць замуж яе Дабраславу!
— Вось яно што! — усклікнуў ён.— А ты? Памагала?
— Не! — усхліпнула ўжо Марыля.— Але, кажу, не паспела цябе перасцерагчы...
— Дык вось як вы хацелі мяне ажаніць! — «пакрыўдзіўся» ён.
— Павер, сын мой, я гэтага не хацела!
«Канечне, яна не зводніца,— падумаў.— А я дурань!
Знайшоў каму паверыць! Расціславу i Раксане! Што ж, няхай будзе мне яшчэ адна горкая навука!»
— Раксана — праўдзівая Лойма, чарціха,— Марыля ўжо зусім расхвалявалася.
— Чарціха, кажуць, непрыгожая, вусатая, а Раксана — красуня,— усміхнуўся ён.
— Але ў яе, як i ў чарціхі, вялікія, пад нос, цыцкі.
— Хіба вялікія грудзі не аздабляюць жанчыну?
— Чарціха яна!
— Ладна, няхай Бог карае яе ці не карае,— прамовіў ён.— Ты вось, старая, скажы мне пра іншае. Магу я ажаніцца ці не?
— Чаму не, ты ж яшчэ ў сіле мужчына,— адказала тая, выціраючы пальцамі пад вачыма слёзы.— Жаніся на здароўе, толькі не змяю, а добрую жанчыну ці дзяўчыну бяры. Каб яна табе не на бяду i гора, а на радасць была.
— Добрая парада. Матчыная,— пацешыўся ён i наўмысна мацней сціснуў Любчыну руку.— Дык каго ты вось параіш мне ўзяць за жонку?
— Воля твая, гаспадар,— адказала тая.— Цяпер ужо ні князь, ні баяры не змусяць цябе ўзяць нялюбую. Я кую зажадаеш, тую i мецьмеш.
— Што ж,— пацвеліўся,— ажанюся. Што вось, Марыля, скажаш, калі папрашу стаць маёй жонкай нашу красуню, Любку?
— Жартуеш са старой,— махнула рукой тая, паднялася з долу i пашлэпала да бліжэйшага крэсла.
— Зусім не жартую,— сказаў ён, адчуваючы, што Любка зацішылася, а то i нямее ад дзявочага сораму i страху.
— Я хацела, баярын, пагаварыць з табой без яе,— прамовіла Марыля, па-ранейшаму маючы ў думках сваё.— Але калі ты пакінуў яе тут, дык няхай слухае.
— Кажы, Марыля,— падахвоціў ён.— Усё, што турбуе, гавары.
— Скажу я адно: песціш ты яе, Усяслаў...
— Ну-ну,— яшчэ болей натхніў.— Якія мае грахі?
— Я не кажу, што ты — ліхадзей. Але хіба ёй, падумай добра, такія беленькія ручкі мець, такія шыкоўныя ўборы насіць? Нашто ты яе гэтак срэбрам i золатам абчапляў?
— Няўжо, Марыля, яна, статная i гожая, не вартая шоўку, аздобаў усялякіх?
— Вартая, Усяслаў,— уздыхнула старая.— Але яна — не баярыня. Воява дачка. Ей, як i нам усім, трэба ўсё сваё, простае. Іначай сапсуецца. З добрага ж цеста добрая паляніца, а з добрай дзеўкі добрая i маладзіца!
— Дык што ты мне параіш?
— Пакуль яна не спесцілася, аддавай яе замуж за воя, за Любаміра. Дзяцюк аж млее па ёй.
— Позна, Марыля,— ужо сцішана i сур'ёзна адказаў ён.
— Чаму — позна? Любамір возьме яе хоць сёння.