— Наш люд, Марыля, добра кажа: «Хлопец на каня сядае, a дзеўка родзіцца i паспявае яму». Вось i Любка паспела старэйшаму.
— Каму ж гэта?
— Хіба я не казаў ужо табе пра гэта? — усміхнуўся ён.— Мне!
Любка ўнурылася, а старая, наадварот, ускінула галаву, намагаючыся ўбачыць: жартуе ён ці не? А можа, узіралася на Любку: тая кахае яго альбо мусіла паддацца?
— Гэты скарб, Марыля, ужо мой,— ён пацягнуў Любку бліжэй да сябе.— I пакуль жыць буду, нікому яго не аддам. Ты згодная, каб Любка стала гаспадыняй дому?
Марыля апусціла галаву. Цяжка было разабрацца, што ў яе на душы.
— Чаго замоўкла, старая? Не радая, што мы з Любкай злучаем свае лёсы?
— Нечакана ты ўсё рашыў, Усяслаў,— адказала яна.
— Чаму — нечакана? Хіба я сам не гадаваў яе для сябе, для новай сям'і? Хіба ты не аддавала ёй сваю душу? Калі цяпер яшчэ блаславіш нас, дык гэта будзе для мяне матчына блаславенне.
— Сыходзьцеся, жывіце разам,— прамовіла тая.— Ты будзеш яе шанаваць, яна будзе табе вернай. Але...
— Што — «але»?
— Але зведае яна баярскую зайздрасць i помету...
— Няўжо я не здолею абараніць сваю жонку?
— Дай вам Бог шчасце! — перажагналася Марыля.— Можа, з усіх нас хоць Любка пажыве па-людску, зведае радасную жаночую долю.
Старая паднялася з крэктам i пакінула ix удваіх у ягонай спальні.
— Вось што трэба мне табе сказаць...— Ужо днём запыніў на двары Усяслаў дружынніка Любаміра, маладога, але рослага, чорнавалосага воя. Захваляваўся, але заадно быў i рашучы, нават паўсвядома шукаў злосці.— Ведаю: ты заляцаешея да Любкі... Позна. Я сам хачу ўзяць яе замуж.
Звычайна смелы, нават дзёрзкі хлапчына-прыгажун аталапеў — падняў на высокі лоб густыя чорныя бровы, выцягнуў кірпаваты нос i паўразявіў нешырокі, з поўнымі вуснамі рот, паказваючы роўныя белыя, як часнок, зубы.
— Чуеш? — грозна запытаў ён, адчуваючы ў гэтую хвіліну непрыязь да свайго воя з-за таго, што той такі малады i статны.
Любамір пазіраў усё няўцямліва i ад разгубленасці замыліў ніжняй губою.
— Не чапляйся i не спрабуй павярнуць усё на сваё! — загадаў Усяслаў, сам здзіўляючыся, што можа быць гэтакі жорсткі з-за Любкі. Нібы тая — апошняя яго надзея, радасць i ўцеха, за што ён павінен змагацца з апошніх сіл.— Што да тваёй службы ў мяне, глядзі сам. Хочаш — служы, хочаш — перайдзі да іншага баярына.
Ашаломлены дружыннік так нічога яму i не адказаў, толькі схіліўся ў наклоне, калі ён адыходзіў.
Пазней, сустрэўшыся з Любкай, Любамір, поўны роспачы i крыўды, ужо не кінуўся ёй напярэймы, не развёў рукі, толькі зларадна скрывіўся:
— Баярыня!
Любка, падняўшы галаву i настырчана выставіўшы высокія грудзі, зусім не сумелася (к гэтаму часу бацькі блаславілі яе i Усяслава, дык яна перажыла ўжо сорам i боязь), зірнула ў вочы свайму залётніку спакойна, нават са спачуваннем: па характары была яна не злая, не гнеўная i не паганая.
— Са мной падражнівалася, а з баярынам гуляла!..— Папікаў-абражаў Любамір, у якога любасць раптоўна змянілася на варожасць. Ён ужо не ззяў вачыма, што бачыў яе гнуткі стан, a іскрыўся непрыязнасцю.
— Я ніколі i нічога табе не дакляроўвала,— не ў свае гады стала адказала яму Любка,— дык не маю ніякай віны перад табою. Калі ж ты сам чаго хацеў, дык я табе ў вочы казала: не чапай мяне.
— Ён жа стары для цябе,— Любамір у запале асмеліўся кінуць цень на гаспадара-баярына.
Адчуўшы крыўду — не за сябе, а за Усяслава,— Любка тут жа напала:
— Вось як ты любіш свайго гаспадара!
— А кал i гаспадар мне жыццё калечыць?!— вар'явата ўсклікнуў той.