— Сам ведаеш, я не боязкі,— прамовіў Усяслаў.— Але абачлівасць, лічу, ніколі не зашкодзіць. Я к pa з цяпер — злашча. Давай паразважаем. Крыжакі могуць ухапіцца за тое, каб памагчы нам адысці ад Данілы. Але, думаеш, нічога не захочуць за сваю помач? Не! Пачнуць ліпнуць, каб перавесці наш люд у лацінскую веру, спачатку словам, а потым, можа, i мячом падуладзіць нашы землі папу рымскаму. Даніла, як толькі ўчуе пра наш пошапт (а ён рана-позна ўведае пра гэта), не толькі ашалее, але i настроіць супраць нас усіх праваслаўных. Нават нашых баяраў, дружыннікаў i наш просты люд. Каб утрымацца, мы, жменька змоўшчыкаў, будзем мусець абапірацца на крыжацкі меч. Дык што — самім спрыяць чужынцам заваёўваць сябе, ліць братнюю кроў, a ўрэшце i абяскровіцца?
— Ну i Даніла не дасць вам дыхнуць на поўныя грудзі!
— Але разам з ім мы будзем супраць крыжакоў, не зведаем гневу праваслаўных i паходу іхняга супраць нас.
— Тады князю Ізяславу трэба самому ехаць да Батыгі альбо ў Каракорум i прасіць ярлык на Навагародскую зямлю! — рашуча махнуў рукой Міндоўг.
— A ці варта самому сунуць руку ў тыгрыную зяпу? Ды...
— Канечне, князь Ізяслаў цяпер нікуды не паедзе,— уздыхнуў Міндоўг.
— Думаю, ён сам, па сваёй ахвоце, не паехаў бы ў Сарай-Бату, каб жыў i княжыч,— сказаў Усяслаў.— Можа, ён перамог бы ў спрэчцы Данілу, Яраслава i сцвердзіў бы, што наша зямля, наш люд былі задоўга да прыходу сюды войск вялікіх кіеўскіх князёў i што Даніла не мае права на нас пасягаць. Можа, нават болей — манголы маглі б прызнаць Навагародскую зямлю, але... Якая была б цана гэтай перамогі?
Міндоўг змаўчаў. Слухаў.
— Не сумнявайся, «дабрадзеі» паслухалі б нашы, славянская, спрэчкі i ўбілі б клін паміж Данілам i Ізяславам. Нас бы настройвалі супраць Данілы, каб не даць яму акрыяць, a Данілу, а то i ўсіх бы праваслаўных i неправаслаўных настройвалі б супраць нас. Каб не даць нам адужэць. А да ўсяго маглі б запатрабаваць, каб мы не толькі спраўна плацілі ім за ласку дзесяцінай усяго, але i пастаўлялі ім свае дружыны. I варта было б хоць адзін раз не паслухаць ix, дык аДразу навялі б на нас свае тумены, што пакінулі б на месцы нашых гарадоў i весяў папялішчы, а здаравейшы наш люд пацягнулі б на аркане ў палон! Дык хіба гэта трэба нам?
— Але Даніла, калі возьме ярлык, будзе пакорлівы іхні васал. I, павер, долю яго даніны будзеце плаціць i вы.
— Гэта, як той казаў, мы яшчэ паглядзім...— прамовіў Усяслаў.— Хоць легіш страціць долю, чым усё. Хоча Даніла быць князем у сваёй вотчыне, прагне не адпусціць нас са сваіх аглабель — што ж, няхай мае варункі з тыграм. Мы пабудзем i ў цяні. Нам найперш патрэбны, яшчэ раз скажу, спакой i час. Значыць, мы павінны не насцярожваць ні ноўгарадскага Аляксандра, ні Яраслава, ні Данілу i ні крыжакоў ды манголаў...
— Ты не толькі разважлівы, абачлівы, Усяслаў,— нібы пазайздросціў Міндоўг.— Ты — мудры палкаводзец i дзяржаўны муж. Табе быць бы ў вялікай дзяржаве для вялікіх варункаў!
— Я не прагну ні вялікай улады, ні вялікай славы, Мендог. Я хацеў бы дабіцца, можа, зусім малога: каб край i люд наш былі вольныя, самі сабе гаспадары, здаровыя i багатыя, каб яны паважалі сябе i іншых, a іншыя паважалі нас.
— Гэта — не мала, Усяслаў! — Усміхнуўся, хітнуў галавой Міндоўг.— Бо гэтага яшчэ трэба дабіцца! I мудрасцю, i сілай. I можа, на гэта пойдзе нават усё тваё жыццё! А то, можа, i ўнукава!
— Можа,— згадзіўся Усяслаў.— Але тое, пра што казаў,— мая запаветная мара.
— Тое, што я ўмею i магу, тваё, Усяслаў. Не бойся мне здаверыцца. Я пайду за табой i ў агонь, i ў ваду.
— Без гэтага, князь, не ўстояць ні табе, ні нам. Наша суседства цяпер само змушае нас толькі на еднасць i ўзаемную помач. I пра гэта мы мусім чым найменш гаварыць чужым людзям... Пінскі князь Міхаіл, полацкі Брачыслаў — за тое ж...
— Бачу я з непатаптаных манголамі Пінска-Тураўскай, Берасцейскай, вашай, Полацкай i Смаленскай зямель адну роднасную дзяржаву! A калі яшчэ...
— Памаўчым, Мендог! — усміхнуўся Усяслаў.— Давай, кажу, думаць, дбаць пра іншае: як i чым адагнаць ад нашых зямель жалезнага пса, як i чым усцерагчыся ад азіяцкага людажэрнага тыгра? А табе, думаю, яшчэ нямала клопатаў i са сваімі князямі ды з аўкштайцкімі i жамойцкімі кунігасамі...
— Нямала,— уздыхнуў Міндоўг.— Мне ніколі няма спакою. Hi ўночы, ні ўдзень. Дзякуй Богу, што ёсць Навагародак, князь Ізяслаў i ты, а то... Не ехаў бы вось цяпер з табой побач ці быў бы ў выгнанні...
5
Ужо незадоўга перад Навагародкам, на лузе каля невялікай рачулкі Нёўды, Усяслаў спешыў дружыну i загадаў усім чысціць коней, сябе,— якое не вялікае ў ix гора, але трэба вярнуцца ў стольны Навагародак, дзе выйдзе сустракаць ix увесь знатны i просты люд, ахайнымі, ва ўражлівым i захапляльным бляску даспехаў i зброі, велічнымі: войска ёсць войска, апора, гонар i слава княства ды ўсёй, як пачало ўжо гучаць, Навагародскай зямлі.
Асвяжыўшыся, паціху рушылі да Навагародка: наперадзе — два лепшыя вайсковыя трубачы, за імі — княскі сцяганосец з вартаю, а за імі — павозка з труной, накрытай дываном, а за ёй — Усяслаў на любімым арабскім гнядым скакуне (падарунак сірыйскіх купцоў, якія не абміналі i Навагародак), Міндоўг з аховай, а за імі — спачатку знатныя, а потым маладыя дружыннікі. Па пяць вояў у радзе, кожны з ix у правай руцэ трымаў кап'ё з вострай бліскучай пікай, а на поясе — меч, ды ўсе былі ў блішчастых шоламах i шчытах. За дружынамі цягнуўся абоз — павозкі з лупамі i ахова.
Знаёмыя весі з наземнымі пабудовамі, пажылыя людзі з нізка схіленымі галовамі, узрушаныя падлеткі са ззяючымі позіркамі на сур'ёзных, а то i строгіх вояў, цікаўныя басаногія дзеці ў кашульках, палі са збажыной, статкі кароў, авечак i коз, старажытныя, парослыя травой курганы i свежыя могільнікі з драўлянымі крыжамі, а сям-там i з агароджамі, а нарэшце пасад з могільнікам багатых людзей на поўдні i з многімі шыкоўнымі двух i нават трохпавярховымі цаглянымі i драўлянымі купецкімі i рамесніцкімі дамамі ў дэнтры i на поўначы i зусім нарэшце строгі дзядзінец на высокай гары — усё гэта блізкае, роднае ўсцешна i трывожна змушала ўтрапёна забіцца сэрца.
Навагародцам ужо данеслі жалобную вестку — купцы, рамеснікі, кавалі, ювеліры, ганчары, шаўцы i краўцы, чэлядзь, бацькі, жонкі i дзеці дружыннікаў сустракалі ix не з усмешкамі ды радасным галёканнем, як раней, а са смуткам, а заадно ўзіраючыся ў твары вояў: а мой, наш жывы? Убачыўшы роднага чалавека, не выяўляючы ўсмешак, аднак па-чалавечаму радаваліся ў душы: у вачах мільгалі шчаслівыя агеньчыкі. Як не было шмат старых, маладых i юных твараў па адзін i другі бок іхняй калоны, Усяслаў адразу ўбачыў сваіх слуг, дачку Звеніславу — тая, высакаватая, мабыць, не зусім з мяккімі, a мужнаватымі рысамі твару, толькі на міг абмацала яго вачыма, прывітальна махнула рукой i, выцягваючыся, пачала шукаць позіркам мужа-баярына, Васілька, які быў праваю рукой у княжыча-нябожчыка, адным са старшых у маладой дружыне,— а пасля, калі па апушчаным ужо мосце з аплазаваных моцных бярвёнаў праз галавакружны роў з вадою (яго глыбіня i шырыня больш чым у пяць чалавечых ростаў) мінулі шырачэзны, амаль трыццаць крокаў у каменным падмурку, i высокі, больш чым у тры чалавечыя росты i наверсе шырынёй у пяць крокаў абкладзены каменнямі земляны вал i ўехалі ў невялікі, але ўтульны дзядзінец, Усяслаў адразу ўтаропіў позірк у навагародскіх старэйшын, якія вакол князя Ізяслава, Міндоўгавых Ганны, Войшалка i Дануты стаялі каля княскага двухпавярховага церама-палаца i чакалі жалобную працэсію. Пад'язджаючы бліжэй i бліжэй, Усяслаў бачыў на твары добра знаёмых радцаў не толькі шчырую жалобу, што была перад пасадам у вачах людзей больш нізкага звання: тут той-сёй засмучаўся, але той-сёй i ў жалобе меў свае тайныя помыслы. Затым Усяслаў чэпка зірнуў на баярына дворскага i ключніка Расціслава — той, старэйшы на гадоў пяць, тоўсты, з вялікім падволічам на шыі i з мясістымі шчокамі ды носам, таксама навёў на яго вузенькія вочкі, працінаў, нібы намагаючыся ўбачыць, колькі ж адчаю i болю ў яго, Усяслававай, душы, а потым, выяўляючы да яго пагарду, перавёў позірк на труну. Расціслаў i ён ужо даўно жылі ў паўтайнай варажбе, супернічаючы перад князем i Радай; тут, у Навагародку, улада i сіла была ў яго, Усяслава, але Расціслаў усё роўна стаяў на яго дарозе, заўсёды папраўляў i шкодзіў: меў апеку ад галіцка-валынскага валадара i ягонага дворскага, паколькі яго жонка Раксана — не толькі ўраджэнка тых мясцін, але i сваячка таго дворскага, Андрэя. Расціслаў быў тут найбольш буйным Данілавым выведнікам i апірышчам; усё, за што на днях папікаў Усяслава Андрэй-дворскі, якраз перадаў у Холм, Данілаву сталіцу, Расціслаў. Цяпер, калі такое гора, той, канечне ж, паспрабуе настроіць князя Ізяслава i Раду супраць яго, як спрабаваў раней спажыць у сваю карысць смерць княгіні, заўчасную пагібель старэйшых княжычаў.
Спешыўшыся, Усяслаў адразу ж падышоў да князя Ізяслава — высокага, худога, белага i з запалымі вачыма, ссівелага, сёння ў апратцы жалобнага княскага колеру — у цёмна-вішнёвай шапцы-стаўбуне, аблямаванай выдрынай скураю, у барвістым карзне, зашпіленым каля кадыкастай шыі не залатой, а простай фібулаю, а пад карзном была доўгая, ніжэй калень, барвістая туніка з набедраным карычневым, без ніякай пазалоты,поясам, ca сціплым арнаментаваным карычневым падолам.
— Высокашаноўны князь,— схіліў, а потым зноў падняў галаву Усяслаў,— мы годна ўтрымалі твой сцяг, памаглі князю Данілу перамагчы, добра загартавалі нашых маладых вояў i прывезлі немалыя ваенныя лупы. Вось табе Данілава грамата.
Князь — а яго з аднаго боку падпірала пад локаць Міндоўгава Ганна, а з другога падтрымліваў Расціслаў — слухаў нібы безуважна, здаецца, нават ледзь-ледзь не ажывіліся ягоныя некалі руда-шэрыя, жывыя, a часамі, у гневе, нібы агняна іскрыстыя, а цяпер выцвілыя i безжыццёвыя вочы, на высокім пажаўцелым лобе як былі, так i не здрыгануліся глыбокія маршчыны, вастраваты нос быў паніклы, толькі, здаецца, крыху варухнуліся бяскроўныя вусны. Ізяслаў быў дужы i моцны чалавек, разумны i з непахіснай воляй, умелы палкаводзец i дыпламат, але вось гады, пастаянная барацьба з ворагамі i супрацьстаянне Данілу, a ўрэшце i агромністае асабістае гора калі не зламалі, дык састарылі i знядужылі яго. Цяпер ён з усёй сваёй некалі вялікай радні быў адзін як перст. Ён узяў пададзены пергаментны скрутак, змацаваны вяровачкай i Данілаваю пячаткай i нібы не ўтрымаў яго, бяссільна апускаючы руку.
Усяслаў дастаў са сваіх похваў ваяводскі меч i, падаючы яго князю, упаў на калена на вымашчаны аплазаванымі бярвёнамі дол:
— Я, толькі я, князь, вінаваты ў тваім новым i ніяк несуцешным горы: недагледзеў княжыча. Карай мяне за гэта па сваёй волі, хоць наш смелы i парывісты княжыч загінуў не на хмельным балі i не на паляванні, a ў ратным баі.