Ды не, вось праз гады нечакана пачуў гэтае «... i для нас». Што яно значыць? Усё ж пасеянае ў страсці яго семязерне ўзышло?
— Сцеражыся,— яшчэ раз папрасіла Ганна, мала цяпер падобная на княгіню, больш на богачынную манашку, праўда, замужнюю i маці дваіх дзяцей.
— Не хвалюйся, Ганна,— сардэчна сказаў ён.— Hi сябе, ні вас у крыўду не дам.
— Вось i добра,— усцешылася тая i адышла да дзяцей. Да рослага, як i бацька, але не рыжаватага i не пахмурнага, а русявага i з мяккімі, як у маці, рысамі твару Войшалка ды да сярэдняга росту i поўненькай вясёлай гаварухі Дануты — тая, як i заўсёды, пазірала на яго са збянтэжаннем. Нібы душой адчувала тое, пра што таілася яе маці. Ці, можа, маладзенькая, яна не магла не сумецца ад яго пяшчотнага позірку.
Праўда, цяпер i Войшалк, i Данута пазіралі на яго зусім незвычайна, з павагай i ў той жа час са шкадаваннем: упершыню ўбачылі, як ён, каго лічылі тут самым моцным, хто мог амаль усё, стаў на калена i апусціў перад князем Ізяславам вінаватую галаву. Невыпадкова ж маці суцешвае яго i просіць быць пільным, а перад гэтым не на жарт устрывожыўся бацька-князь. Маладыя Войшалк i Данута, але добра ведаюць: Навагародак для ix — не толькі прытулак, але i крэпасць. I, канечне ж, найперш з-за моцы тут Усяслава.
Войшалк хацеў штосьці сказаць яму, але, здаецца, не знаходзіў самых патрэбных слоў, толькі мыляў вуснамі ды адкрываўся яму душой. Больш, чым любімаму пястуну. Адчуваючы гэта, Усяслаў, адыходзячы з грыдніцы, з падзякай паціснуў яму плячук, але ні яго, ні іншых не запрасіў з сабою. Хацеў пабыць адзін. У бядзе i горы не кожны выходзіць на людзі, выяўляецца ўвесь як ёсць, той-сёй (а Усяслаў быў якраз такі) намагаецца пабыць сам-насам, адзін пазмагацца з нядоляй i з самім сабою.
6
У вымеценым i пасыпаным жоўтым пяском двары Усяслава сустракала толькі яго нешматлікая чэлядзь: старая Марыля (яна ў свой час прыслужвала яго жонцы i карміла сваімі грудзямі яго дачку, а цяпер была старэйшай на кухні), два маладыя стражнікі-дружыннікі, Міраслаў i Любамір, а таксама хлеўны Дубейка i яго памочнік Крук — абодва слаўныя, але пакалечаныя ў бітвах дружыннікі, якім ён за былую воінскую доблесць даў тут прытулак, а з-за ix выглядала дачка яго цяперашняга знатнага дружынніка Цішука, Любка, яго пакаёўка.
Усе перажагналіся, радуючыся, што ён, гаспадар, вярнуўся жывы, а потым схілілі галовы ў пашане i вітанні.
— Дзень добры вам усім,— цёпла павітаўся ён са слугамі, якія i за жонку, i за дачку ладзілі яму ў дамоўцы цяпло, спакой i ўтульнасць.
Першая падняла галаву нізкая, дробная, але заўсёды жвавая Марыля, выцерла белым, з чырвонай нашыўкаю, фартухом рукі, пад вачыма, а пасля ступіла да яго.
— Дай жа, гаспадар i карміцель наш, я цябе пацалую,— ведаючы, які цяжар на яго сэрцы, пяшчотна, памацярынску, прамовіла i прыхілілася, пацалавала ў шчокі, што ён ажно расчуліўся ад такой спакойнай, нешматслоўнай i глыбокай дабрыні простай смердкі. Вось так шчымела душа, нагортваліся на вочы слёзы i пяршыла ў горле, калі пасля далёкага паходу яго сустракала маці-нябожчыца.
— Радая, што вярнуўся i што зноў можаш на мяне бурчаць? — як не было цяжка, але ўсміхнуўся ён.
— Жартуй сабе на здароўе са старой,— без крыўды адказала яна.— Але каб ты ведаў, як цяжка чакаць воя з паходу!..— I не вытрымала, усхліпнула.
Расчуліўшыся, дала волю слязам як жанчына — жонка i маці: у свой час чакала дадому мужа, потым — сыноў, страціла ўсіх, цяпер адна на свеце. Яму, Усяславу, за маці. Бурклівая, нават адна з усіх ягоных слуг пакрыквае часамі, але справядлівая, добрая i адданая яму. У паходзе ён, лічы, не хвалюецца за свой дом i гаспадарку: ведае, што Марыля ва ўсё ўнікне, усё дагледзіць, не дасць ніякай патолі іншым. Ён вельмі не дзякаваў ёй за гэта, нібы ёй якраз так i трэба было рабіць, але яна добра адчувала яго маўклівую павагу.
Марыля адхілілася, паднесла падол фартуха да твару i, прыгорбліваючыся, пайшла ў дом; слугі-мужчыны па-ранейшаму стаялі са схіленымі галовамі, а вось Цішукова дачка, Любка — стройная i прыгожая ў чырвонай скіндачцы з сінімі стужкамі, што падалі на спіну, у кароткім аксамітным вышытым гарсэціку, што хораша аблягаў яе ўжо натапыраныя грудзі, у доўгім сінім, з чырвонымі клеткамі андараку, запрасаваным у складкі, a ўнізе з чырвоным арнаментам, з чырвонай калышкай на поясе,— дык вось гэтае ажанчыненае дзяўчо сёння пазірала на яго i са збянтэжаннем, i з захапленнем.
— Марыля павітала мяне як маці, а чаму ты не вітаеш як малодшая сястра?— міжволі, цешачыся яе маладосцю i яркай свежасцю, загарэзаваў ён.
Любка мігам запунсавела, апусціла зіхоткія вочкі, легка ступіла, ледзь-ледзь прытулілася, далікатна пацалавала яго ў шчокі i тут жа, не падымаючы галавы, адступіла. Божа, усё гэта адбылося за кароценькі міг, але нечакана, як i тады, шмат гадоў таму з Ганнай, па ягоных жылах пайшла-пабегла цеплыня. Ад хвалюючага дотыку дзявочых калень, жывата i пруткіх грудзей ды ад пяшчотных вуснаў.
Вунь які ўжо час бачыць яе, вунь колькі ўжо разоў гэтая Любка праводзіла яго i сустракае з далёкай дарогі, але сёння, як ніколі, усхвалявала сваёй дзявоцкасцю. Між тым гэтая неспадзяваная цеплыня перакінулася ўжо ў гарачыню i проста жарам укінулася ў плоць. Сумеўшыся (што з ім ды якраз цяпер, калі ў княстве такая жалоба, калі толькі што перажыў успамін пра даўні свой усплёск пачуццяў да Ганны?), нібы вінаваты за недазволеную правіннасць, ён ужо не мог спакойна пагаварыць са слугамі-мужчынамі, уведаць ад ix усе апошнія навіны, павярнуўся да пажылога i сівога Крука:
— Лазня гатовая?
— Гатовая, гаспадар,— адказаў той з наклонам.
I ў лазні (столь з аполкаў, наверсе — кастрыца, сцены з бярвёнаў, падлога з дошак, печ-каменка), кал i голы сядзеў, уваграваўся, пацеў на лаўцы, а потым ляжаў на палку i ажно крактаў-стагнаў ад пякельнага духу, што ўскідваўся парай ад гарачых каменняў i ад веніка, якім хлістаў Крук, а затым, калі мыўся, пераапранаўся ў бялюткую доўгую кашулю, калі, саромеючыся зірнуць у вочы дапытлівай Марылі, сілкаваўся і, урэшце, калі ўжо стомлены i ў той жа час амаладзелы ляжаў у сваёй спальні на чысценькай i свежа-халаднаватай пасцелі,— дык вось увесь гэты час яго не толькі не пакідалі, а нават узмацняліся ўзбуджанасць, адмысловы жар i покліч плоці. Ён i здзіўляўся, што такое яшчэ можа быць (думаў, што перагарэў ужо як мужчына-каханак ці, лепш сказаць, мусіў змарнаваць свой любоўны запал), i саромеўся, i разам з тым разумеў, што непатрачанае i нязведанае бярэ сваё. Ён, бачачы, што Любка-дзяўчо паволі, але нястрымна, як тая калючая i не кідкая шыпшына, расцвітае пяшчотнай i прыгожай кветкаю, абдзяўчыньваецца, не мог не захапіцца ёю. Не, ён не меў юрлівага намеру, даваў старэйшай дачцэ яго вернага дружынніка i ахоўніка прытулак, каб пасля памагчы яе бацькам выдаць яе замуж i даць добры пасаг, зрабіць шчаслівай у аддзяку за верную службу яе бацькі, ён любаваўся ёю, як кожны любуецца кветкай — гэтым незразумелым, але цудоўным дарам нрыроды. Ды вось, мабыць, гэтыя захапленне i любаванне перараслі ў каханне. Не ў маладыя ўжо гады. Сорамна некаму, нават сабе прызнацца, што ўжо дзед, мае ўнука, ваявода — дзяржаўны i ваенны муж, мусіць дбаць пра Навагародак i ўсю Навагародскую зямлю, а ён усё яшчэ жыве не толькі па розуме, але i з пачуццямі. Ці, можа, гэта звычайна, добра, што ён умее i цяпер заўважаць хараство, любавацца, адчуваць трапяткое маладое хваляванне? Можа, дарэмна ён пасля мігу любові з Ганнай i жончынай смерці пачаў глушыць свае пачуцці, пазбягаць таго, без чаго не павінен жыць здаровы i чулы мужчына?
...Любка паставіла конаўку з хлебным квасам на зэдлік i, пачціва апусціўшы вочы, хацела выйсці. Бедная, яна, мабыць, зусім не здагадвалася, што ён не хоча адпусціць яе з пакоя, жадае бачыць, цешыцца яе красой i маладосцю, дабрэць, чалавечыць ад яе шчырасці i дабрыні — дзякуй богу, каханне, чуласць i сардэчнасць яе бацькоў перадалі ёй усё лепшае, а прырода да гэтага шчодра надзяліла яе красою. Канечне, Любка — навагародская красуня. I як казала гэтай вясной яму Ганна, красуня не халодная, не бязлітасная ды неміласэрная, а лагодная i прыстойная.
— Любка,— бачачы, што яна вось-вось сыйдзе, запыніў яе,— пачакай.
Яна, пачуўшы адменны ягоны голас, раптоўна запынілася i аж сцепанулася плячыма. Пастаяла міг знерухомлена, а пасля павярнулася, зірнула i сарамліва, i з нейкім незразумелым сполахам.
— Замкніся i хадзі сюды,— па-змоўніцку прамовіў ён, a калі яна паслухала і, здаецца, ажно заміраючы, падышла, паказаў вачыма на стол каля акна з шасцю зашклёнымі рамкамі.— Вазьмі тую хоўтку.[42]
Любка ўзяла прастакутны, з выгнутым вечкам, чорны, з залатымі кветкамі пудэлак, паднесла да яго.
— Адчыні вечка.
Адчыніла. У шкатулцы ляжалі шкляныя рознакаляровыя i пазалочаныя бранзалетьт, залатыя пярсцёнкі i завушніцы, розныя каралі — падарунак князя Данілы для ягонай дачкі.
— Падабаецца? — усміхнуўся.
[42] Xоўтка — шкатулка.