Ён не зразумеў, што ад яго хочуць, азірнуўся. Убачыў: тут ужо не двое, а чацвёра салдат-канваіраў, i адзін з ix, дзябёлы, з маленькімі вусікамі сяржант, трымае бліскучыя наручнікі i не зводзіць прагнага позірку з яго рук. Здагадаўшыся, чаго ад яго хочуць, Сяргей паслухмяна занёс абедзве рукі за спіну — амаль тут жа шчоўкнулі замкі i яго запясці апякло металічным холадам, а суддзя спакойна дагаварыў сваё:
— ...прысудзіць да смяротнага пакарання...
Людзі, мэбля, зала, увесь свет патухлі ў Сяргеевых вачах: як — да смерці? За што?
Нібы праз глухую сцяну ён пачуў Вользін адчайны крык, напружыўся, ірвануў з жалезнага палону, ад смерці рукі — метал не вытрымаў яго неспадзяванай нечалавечай сілы, трэснуў, i ён, Сяргей, у роспачы ўскінуў рукі: людзі, свет, не будзьце гэтакія жорсткія!
На левай i на правай руцэ дужкі мёртва, са страшэнным болем сціскалі запясці, а вось ланцужок разарваўся амаль пасярэдзіне.
Усе — зала, суд — анямелі. I са здзіўленнем, i са страхам пазіралі на яго ўскінутыя рукі, на абрыўкі ланцужка ды, мусіць, чакалі самага нечаканага ўчынку. Але ён не паспеў ні скрануцца, ні штосьці выдыхнуць з сябе: канваіры, хутка апомніўшыся, схапілі яго за рукі, заламалі ix i пад ранейшае ўсіхнае аталапенне павялі яго адсюль.
У камеры ён ахамянуўся, нават па-свойму суцішыўся. Колькі дазвалялі, ляжаў на прымацаваным да долу ложку, адмовіўся ад ежы, адзервянела пазіраў на высокую мутную лямпачку, на дзіўныя ўзоры ад яе на столі альбо заплюшчыў вочы i, адчуваючы святло, ніяк не мог стрымаць ix падрыгвання, а то падхопліваўся i хадзіў туды-сюды па гэтай глухой яміне. Раптоўныя страх i жах мінуліся, разліліся па кожнай жылачцы жорсткай няўмольнасцю: ты — смяротнік, заўтра-паслязаўтра застрэляць цябе, як, бывае, зводзяць збродлівага ката ці валацужнага хворага, небяспечнага сабаку альбо драпежнага ваўка... Жыў, працаваў, кахаў, гадаваў дзяцей, верыў у штосьці светлае — i вось прапаў нізашто, знік, i ніхто не ўспомніць добрым словам...
...Ніна Стасюкевіч працавала ў іхняй бухгалтэрыі. Ёй было гадоў дваццаць пяць, мела двое дзяцей — хлопчыка i дзяўчынку. Як жанчына была прыгожанькая, рухавая, вясёлая, нават нібы завельмі вольная з іхняй браціяйшафярнёй, але чэпка прытрымлівалася мяжы i змушала ведаць гэтыя межы i іншых. Праўда, вось з ім яна паводзілася неяк адмыслова: то гарэзнічала, як i з усімі мужчынамі, разварушвала, нават пад'юшчвала на заляцанне, то нечакана злавалася, папікала, церабіла за нейкую дробязь, то падоўгу не размаўляла, быццам не зважала, не бачыла, што ён i ёсць такі.
Яе гэтую сімпатыю-антыпатыю да Сяргея хутка заўважылі ўсё шафёры, i той-сёй з ix пусціў чутку: Ніна закахалася ў яго. Гэтая пагалоска пагуляла па іхнім аўтапарку, а пасля выпырхнула i ў горад, даляцела да яго Вольгі i да Нінінага мужа, інжынера-электрыка з рамонтнай чыгуначнай майстэрні. Як i трэба было чакаць, i ў яго, i ў Ніны самі па сабе пасыпаліся непрыемныя сямейныя размовы, спрэчкі. Яны не гаварылі пра ix адно аднаму, нават больш — намагаліся не бачыцца, не размаўляць, але тое, што ў іхнія рэдкія суетрэчы яго чакалі то Нініна пяшчотная ўсмешка, замілаваны позірк, то яе зусім нечаканы гнеў, яшчэ болей кідалася людзям у вочы, падбівала ix на жарты i ўхмылкі.
У той трагічны дзень Нінін i яго лёс вырашыўся надзіва проста i звычайна. Ён паставіў аўтобус у гараж, пакручваўся ўжо каля сваіх «Жыгулёў», каб вось-вось паехаць дадому. Якраз у гэты момант, тут, на стаяначцы за варотамі, i знайшла яго Ніна. Папрасіла цяпер жа завезці яе ў вёску.
Яму была непрыемная гэтая просьба, бо трапляў у нялёгкую сітуацыю: пазвані Вользе i скажы, што паедзеш з Нінаю адзін на адзін за дваццаць вёрст,— Вользе не спадабаецца такая яго паездка, не пазвані i нічога не скажы — дабра не чакай, калі даведаецца пра гэта. Ён спрабаваў ухіліцца, але Ніна так настойліва прасіла, што ён урэшце здаўся i, не перасцярогшы Вольгу, павёз тую да бацькоў.
Застаўшыся сам-насам са сваёй незвычайнай спадарожніцай, ён пачуваў сябе зусім няёмка. А яна, як ніколі, сёння была вабная — з кучаравай русявай завіўкай, у блакітнай сукенцы з глыбокім выразам, у якім хораша абазначаліся палавінкі высокіх грудзей, у меру поўненькая, са стройнымі, нібы точанымі рукамі, з цемнаватымі, жывымі, з агеньчыкамі вачыма i поўнымі, пажаднымі вуснамі.
— Ты перажываеш, Сяргейка, што я прычапілася?— усміхнулася яна, калі ўжо выехалі з горада i імчалі ўзбоч маладога хваёвага ляску.
— Чаго перажываць, Ніна Савельеўна? — адказаў ён, зірнуўшы на яе, але стараючыся не затрымліваць гэтага позірку. Каб міжволі не любавацца яе вабнасцю.
— Перастань! — таўханула яго спрытным локцем.— Якая я табе Савельеўна?! Называй проста: Ніна альбо Яня. А то можаш назваць i яшчэ ласкавей: Янечка, Янінка...
— Вы — адно, а я — другое...
— От! — наўмысна схмурылася, а пасля задумліва ўгледзелася на асфальтаваную сухую, мясцінамі з белымі плямінамі дарогу, на дзве сцяны старога ўжо лесу, міма якіх яны імчаліся. Потым усхвалявана дадала: — Ці ты не разумееш усяго, ці прыкідваешся, што не бачыш нічога...
Ён прамаўчаў. Толькі адчуў: устрапянулася, занепакоена замітусілася сэрца, пыхнула гарачыня ў шчокі.
Яна таксама крыху памаўчала, а затьш, не пазіраючы на яго, заспавядалася:
— Можа, ты i шчаслівы, задаволены работаю, сям'ёю, жыццём. Я наўмысна, скажу табе шчыра, шмат употай назірала за табой i тваёй Вольгай. Яна ў цябе няпростая, ганарлівая трошкі, але, здаецца, цябе кахае. Ты ўвогуле адданы ёй, дзецям. Я ж, Сяргейка, зусім абыякавая да свайго Косці. Я, бывае, жахаюся: як я магла выйсці за яго замуж! Некалі, яшчэ студэнтамі, мы выпадкова сустрэліся з ім у міжгароднім аўтобусе, пазнаёміліся; я спадабалася, нават зачаравала яго як жанчына, а ён уразіў мяне сваім розумам. На апошнім перад сталіцаю прыпынку мы зноў выйшлі з аўтобуса, прайшліся — i ён нечакана выпаліў: «Выходзь за мяне замуж». I я згадзілася. Праз два тыдні было вяселле. Але ўжо на вяселлі я з жахам убачыла: ён — камень, халодны валун, у яго вялікі розум, але зусім нетрапяткое сэрца... Далей — болей... Думала: будуць дзеці — прывыкну. Не прывыкла... Няўважлівы, нязграбны, панурысты i чужы...
Сяргей не падаваў голасу. Адчуваў: гэтая споведзь невыпадковая. Калі якраз табе жанчына расказвае, што яна не кахае мужа, то ты для яе неабыякавы чалавек. Але што ты можаш адказаць, калі ты сямейны i хочаш берагчы сваю сям'ю. Адхіліць чыёсьці пачуццё да цябе? Употай спажыць яго?
Ніна моўчкі схіліла голаў на яго плячук, але ён не дакрануўся да яе, хоць i хацелася пагладзіць пахкія прыемным шампунем, непаслухмяныя валасы, што добра па— казвалі Нінін неспакойны, нават непрыкаяны характар. Так, моўчкі, хвалюючыся ад блізкасці i змагаючыся з сабою, яны ехалі доўга, аж да вёскі, што паказалася за лесам.
— Харошы, добры ты чалавек, Сяргейка! — адхіляючыся, ціха прамовіла Ніна.— Я душою адчуваю: была б вельмі шчаслівая з табою. Не толькі жонкаю, але i...— Уздыхнула.— Нават каханкаю...
— Я, Ніна, звычайны,— адказаў ён.
— Можа, i звычайны,— сказала з душэўным цяплом.— Але я, павер, бачу ў табе незвычайнае... A калі такое жанчына бачыць, то...
Яна недагаварыла. Ён таксама не імкнуўся давесці размову да канца, моўчкі давёз яе да бацькоўскай хаты, пакінуў тут, а сам, нават не вылезшы з машыны, падаўся ў горад. Толькі калі разварочваўся i на міг зірнуў на Ніну, то ўбачыў: жвавыя вочы яе нібы патухлі, i яна махае яму вольнай рукою чамусьці адрачона...
...Назаўтра на рабоце, на адным з прыпынкаў, да яго аўтобуса падышлі тры міліцыянеры i папрасілі вылезці з кабіны. Пасля сказалі сесці ў іхнюю машыну. Спачатку ён не мог разабрацца, што ад яго хочуць, думаў, ці не лічаць, што ён п'яны, але пасля, у міліцыі, усё зразумеў. Не толькі зразумеў, але жахнуўся, калі маладжавы, з учэпістымі чорнымі вачыма i з тонкімі нервовымі вуснамі капітан Сядых ашаламіў яго:
— Ну, аматар слодычы, расказвай, як згвалціў i забіў Ніну Стасюкевіч...
На развітальную сустрэчу з Вольгаю яго прывялі ўжо ў паласатай апратцы, пасадзілі яго на адзін бок стала, а яе — на другі.
Вольга доўга не магла ачомацца ад яго адмысловага, незямнога адзення, якое само па сабе было цяжкім знакам, пазірала яму ў вочы i нібы не пазнавала — ні позірку, ні ўсяго яго. Мусіць, ёй здавалася: перад ёю зусім чужы чалавек. Каля стала, амаль паміж імі высіўся пажылы, але яшчэ дужы прапаршчык, заклаўшы рукі за паясніцу i сашчапіўшы ix у кулак.