— Не ведаю,— шчыра прызналася яна.— Пагавару з Косцем, з Юляю...
— Скажу табе як на споведзі,— разгаварылася Рая.— Спачатку, як ён папрасіў паклікаць вас, я аж слязамі залілася. Бачыш, жыве з адной, а пра другую думае! Але перагарэла, адумалася. Дык цяпер скажу ўжо спакойна: ты не прапала, а я шчасця вялікага не набыла... А ён... Гарэў, кідаўся, мусіць, не ведаючы, што ён i для чаго робіць, ад чаго ўцякае i што даганяе... А цяпер самы няшчасны з нас усіх...
Не таілася, паплакала. Жэня маўчала, пазірала перад сабою на стол, на кніжачку з квітанцыямі i ручку, а па яе шчоках самі па сабе плылі спачувальныя слёзы.
— Прыходзьце,— сказала на адыход Рая.— Няхай выгаварыцца, вас паслухае. Можа, усім лягчэй стане. I найперш — Юлі... Ёй жа ў свет, у людзі хутка ісці, дык трэба, каб яна мела ў душы не цяжар, не зло...
2
Жэня забрала з дзіцячага садзіка сваіх меншых дзяцей i накіравалася дадому.
Сёння пяцігадовая Верка пайшла не з ёю, а пабегла разам з суседкай-сяброўкай, а трохгадовы Юрык шлэпаў побач, узяўшыся за руку, i без супынку шчабятаў. Яна слухала, штосьці нават адказвала, але думкі яе былі пра іншае. Яна нават сама добра не адчувала, пра што ёй хочацца думаць: ці то ўспамінаць сваю маладосць, Васіля, які прыйшоў з войска i, высокі, стройны ў вайсковай форме i фуражцы, прыгожы, смелы, адразу паланіў яе, ці то шкадаваць Васіля сённяшняга, хворага i нямоглага. Гэтая няяснасць была ад таго, што не хацела вяртацца ва ўспамінах у той час, калі была маладая, закаханая, верыла кожнаму Васілёваму слову i гэтак неабачліва кінулася ў агонь свайго кахання, як i намагалася шмат не браць да галавы пра Васілёву хваробу. Урэшце хто ён ёй? Чужы чалавек. Нават больш чым чужы — падманшчык i крыўдзіцель. А тое, што цяпер ён у бядзе, дык навіна тут малая: не да аднаго яго такі жорсткі лёс. Ды ёсць каму яго шкадаваць, плакаць па ім. Аднак набыць душэўны спакой Жэня не магла: развярэдзілася не толькі яе старая рана, але i душа...
Узрушаная i разгубленая, быццам як сама не свая, яна рупліва ўхаджвалася па гаспадарцы, пыніла звычайную, нават надакучлівую, але патрэбную жаночую работу ў хаце, як ніколі дагэтуль клапатліва, ласкава сустрэла старэйшую дачку са школы, а мужа — з работы.
Як ні намагалася, але не магла загаварыць з Юляй пра тое, што пачула ад Раі. Пра гэтую размову расказала мужу. Пасля вячэры ў гаражы, кал i ён пры святле падвешанай да столі яркай электрычнай лямпачкі корпаўся ў маторы «Жыгулёў».
Косця — на гадоў дзесяць старэйшы, у чорным рабочым халаце i ў кепачцы, што прыкрывала яго лысіну,— выслухаў яе моўчкі. Праўда, калі ўсхвалявана гаварыла, ён не пазіраў у вочы, нібы спакойна, а на самай справе, мусіць, узрушана цёр-цёр анучкаю замасленыя рукі, моршчыў высокі лоб i моцна сцінаў таўставатыя, на першы погляд трошкі непрывабныя, але што ні ёсць звычайныя мужчынскія вусны — здавалася, ці то не ведаў, што знянацку адказаць, ці то, як i кожны муж, калі не прыраўноўваў, дык адчуў балючае шчымленне, што яго жонка спачувае свайму былому каханку. Ён чалавек з нялёгкім лесам (яго першая жонка i дзеці загінулі ў аўтамабільнай катастрофе), стрыманы ў пачуццях, нават нібы нелюдзімы, але мяккі i спагадлівы, шчыра i моцна трымаецца за іхнюю сям'ю, дык цяпер, можа, чагосьці i збаяўся. Можа, i таго, каб раптам не парушылася тое, чаго ён дабіўся ўжо ў сталыя гады, пасля вялікай трагедыі ў сваім жыцці.
— Рашайце самі, Жэнька,— нарэшце ціха прамовіў ён.— Я замінаць не буду.
Яна хацела заспакоіць, каб ён дарма не трывожыўся, яна i Юлька, нагараваўшыся, сагрэліся душою каля яго, зажылі як след, таму да канца дзён сваіх будуць толькі з ім, ды i Верачка, Юрык ужо моцна звязваюць ix у адно цэлае i трывалае. Але не паспела сказаць нават слова: з веранды вымкнулася на ганак Юля i гукнула ёй:
— Мама, я — у клуб.
Гэта значыць, як i многія з вясковай моладзі, спяшаецца на ўмодненую ўжо тут дыскатэку, дзе яны, сабраўшыся, як аднойчы ўбачыла Жэня, уключаюць шматколернае мігатлівае святло, ад якога аж рэжа ўваччу, слухаюць неверагодна грымлівую музыку, крыклівыя, а то i лямантлівыя песні, танцуюць-таўкуцца ў вялікім гурце — гэтае незвычайнае святло, адмысловую музыку наладзіў новы загадчык клуба, малады, але без часу нейкі пакамечаны, лысы i барадаты Півонаў, які яшчэ нядаўна сам вішчэў у горадзе ў адным з самадзейных рок-ансамбляў i якога, кажуць, выгналі адтуль за распусту.
— Пачакай,— запыніла дачку Жэня,— хадзі на хвілінку сюды.
Юля запынілася, нібы павагалася, што далей рабіць, а пасля незадаволена падышла да гаража. Бач, маці зноў супраць, што яна «не туды ходзіць, займаецца абы-чым i што на яе залішне зыркае тое лысае i барадатае пудзіла!» Прыхілілася да вушака i зірнула спадылба: ну, хутчэй гавары сваю павучальную казань! Але я ўсё роўна пайду, бо ўжо не дзіця! Мне семнаццаты год!
У Жэні аж сціснулася сэрца: якая ж падобная на бацьку Юля! Рослая, чарнявая, такі ж настойлівы позірк у вачах, прамы нос i прызыўныя прыгожыя губкі, нецярплівая i рэзкая — усё, да крошкі, узяла ад Васіля. Толькі маці-прырода спагадліва адкінула грубаватыя мужчынскія рысы, а замест ix дала вабную гнуткасць, стройнасць, дык ужо i цяпер, яшчэ ў раннія гады, вунь красуня ў кароценькай чырвонай куртачцы i сініх штанах-джынсах.
— Юля,— прамовіла Жэня, бадай, упершыню не ведаючы, як гаварыць з дачкою.— Васіль... ну, твой бацька... просіць прыйсці...
Юля аж сцепанулася, быццам ад уколу, стрэльнула маладым, але пранізлівым позіркам. Пасля зірнула на ссутуленага айчыма — запытальна i недаўменна.
— Схадзіце,— не падымаючы вачэй i на падчарыцу, сказаў той.
— Вы — што? — ужо апамяталася i абурылася Юля.— Я? Да яго? Ніколі!
— Ён зусім хворы,— не Жэня, а айчым пачаў гаварыць з Юляю.— Ды не чужы табе чалавек.
— А хто ён мне? — рэзка запытала тая.
— Бацька.
— Не! — амаль крыкнула Юля.— Ён мне не бацька! Чуж-чужаніца! I яшчэ горш — здраднік, вораг...— Выпаліла з гневам, a калі ўбачыла, што айчым разгубіўся, a маці, перажываючы былое i сённяшняе, плача, супакоілася i пачала нібы апраўдвацца, нібы разважаць.— Мама, ну чаго мы пойдзем? Ён падмануў цябе, пацешыўся, растаптаў тваё каханне... Ён не адрокся ад мяне, ён больш — знявечыў маю душу... Я магу цяпер забыць, што мяне доўга, аж пакуль не прыйшоў да нас дзядзя Косця, называлі байстручкай, кожны мог пакрыўдзіць, я не магу нават забыць, як гэтая занямонка цябе аднойчы абражала ў магазіне... Але я век буду помніць той дзень, калі я з партфелікам, у формачцы з белым каўнерыкам i белымі манжэцікамі, з прыгожымі банцікамі і, галоўнае, радая, шчаслівая, што i я чалавек, вучаніца, вярталася ў першы дзень вучобы са школы, іду, а ён нясецца на матацыкле насустрач. Убачыў — нацягнуў брыль на мызу i не збочыў, a наўмысна наехаў на лужыну i абліў мяне з ног да галавы граззю... Я малая тады была, многага яшчэ не разумела, хоць добра ўжо ведала: іменна ён — мой бацька. Стаю тады i свету з-за жальбы, слёз не бачу: ну, за што так здзеквацца? За тое, што я ёсць, жыву, не даю яму спакою?
Юля выказала свой даўні боль у запале, а яны, старэйшыя, моўчкі яе выслухалі, а можа, нават абое i не ведалі, што цяпер сказаць ёй. Косця зацяўся, а Жэня заплакала ўжо наўзрыд: толькі вось цяпер яна ўведала, чаго гэтак галасіла Юля, калі прыйшла тады дадому брудная. Слоўка тады не прамовіла, што ў гэты светлы для яе дзень так зняважыў яе бацька. Пасля гэтага захварэла, здаецца, з тыдзень не падымалася з пасцелі.
— Дзядзя Косця,— ужо ціха прамовіла Юля.— Вы, толькі вы — ужо мой бацька. Толькі вас я павінна называць татам. I я пачну называць вас так, калі вы дазволіце...
Жэня перавяла позірк на Косцю: той моцна сціснуў анучку ў руках, мыляе-мыляе вуснамі, але нічога не можа сказаць ад нечаканасці, а пасля зажмурыўся — мусіць заціскаў, не пускаў на волю расчуленую слязу.
— Дзякую, Юлечка,— неўзабаве, пракаўтнуўшы задаўлены камяк, ажывіўся, усміхнуўся.— Я з таго дня, як увайшоў у вашую хату, лічу цябе сваёй дачкою...
Гэтая яго, ужо не стрыманая, а разняволеная радасць, нібы аж разгубіла Юлю. Яна, відаць, толькі цяпер зразумела, якая нябачная мяжа альбо сцяна разбурылася паміж імі. Трэба сказаць, Юля не паўставала, каб з імі жыў гэты прыезджы інжынер, але ўвесь час разумела, што ён усё ж ёй не бацька. Бачыла, з ёю ён добры, спагадны, але ўсё ж Верачку i Юрыка лашчыць з сапраўднай бацькоўскай любоўю, якой не мог мець да яе. Але цяпер Юля нічога больш не прамовіла, ужо не па-дзіцячы, а па-сталаму глядзела на ўсё, што здарылася, а можа, па-свойму i радавалася, што нарэшце добрага айчыма назвала бацькам, альбо па-свойму засмучалася, што ў запале сказала столькі злога пра чалавека, што даў ёй жыццё.